Двух хлопцаў асудзілі да 7,5 і 10 гадоў калоніі за падпал аўтамабіля старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска ў закрытым рэжыме разглядзелі крымінальную справу за падпал аўтамабіля старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Беларусі Аляксея Волкава ў кастрычніку мінулага году. Вінаватымі прызналі двух хлопцаў — 19-гадовага Захара Таразевіча і 23-гадовага Антона Лысова. Вядома, што адразу супраць іх распачалі крымінальныя справы за "тэрарызм", аднак потым іх дзеянні перакваліфікавалі на "знішчэнне маёмасці" (арт. 218 Крымінальнага кодэкса). 2 лістапада суддзя Таццяна Акавітая асудзіла Захара да сямі з паловай гадоў калоніі, а Антона — да 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама з іх спагналі вялікія сумы за спалены аўтамабіль.
Інфармацыя пра падпал машыны старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Беларусі Toyota Land Cruiser Аляксея Волкава з'явілася ў СМІ 1 кастрычніка 2021 года. Гэта адбылося ў Мінску на вуліцы Лапаровіцкай. Праз два тыдні інфармацыю пацвердзілі ў самім Камітэце.
"1 кастрычніка 2021 года здзейснены злачынныя дзеянні супраць жыцця і здароўя сям'і старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз генерал-маёра юстыцыі Волкава Аляксея Аляксандравіча, што, безумоўна, з'яўляецца помстай за прынцыповую дзяржаўную і грамадзянскую пазіцыю. У выніку цынічных дзеянняў знішчана маёмасць старшыні Дзяржаўнага камітэта", — адзначылі ў прэс-службе.
Варта адзначыць, што старшынёй Камітэту Волкаў стаў толькі ў кастрычніку 2020 года. Да гэтага ён працаваў у Следчым камітэце і вёў справы супраць палітвязняў. Так, летам 2020 года Ваўкоў ад імя СК агучваў ў СМІ інфармацыю аб крымінальных справах супраць Сяргея Ціханоўскага і Мікалая Статкевіча, а таксама затрыманні 33 "вагнэраўцаў". 6 лістапада 2020 года Волкаў трапіў у санкцыйны спіс Еўрапейскага Саюзу.
Пра абвінавачаных хлопцаў вядома няшмат. Антон Лысаў — 23-гадовы грамадзянін Расіі, жыхар Чабаксараў, прыехаў у Мінск, але неўзабаве быў затрыманы. У Антона са сваякоў засталася адна бабуля, якой больш за 80 гадоў. Захар Таразевіч — 19-гадовы жыхар Мінскай вобласці (на момант затрымання яму толькі споўнілася 18). Хлопец ёсць у спісах абітурыентаў, дапушчаных да экзаменаў у ліцэй МУС.
Вядома, што хлопцаў затрымалі неўзабаве пасля падпалу аўтамабіля 1 кастрычніка 2021 года паводле абвінавачвання ў "тэрарызме", аднак іх дзеянні потым перакваліфікавалі. У выніку, іх абвінавацілі па ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218 (замах на наўмыснае знішчэнне чужой маёмасці, учыненым агульнанебяспечным спосабам, арганізаванай групай, якое пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры) і ч. 3 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне і пашкоджанне чужой маёмасці, здзейсненыя агульнанебяспечным спосабам, арганізаванай групай, якія пацягнулі прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса. З абвінавачаных у даход дзяржавы спагнаныя вялікія сумы: з Лысова – 1 855 рублёў 70 капеек, з Тарасевіча – 239 рублёў 10 капеек. Таксама ў іх канфіскавалі мабільныя тэлефоны ў парадку спецыяльнай канфіскацыі.