Мужа і жонку асудзілі за ўдзел у акцыі пратэсту ў Мінску ў жніўні 2020 года
Суд Ленінскага раёна Мінска 20 кастрычніка асудзіў жыхароў Смалявіцкага раёна мужа і жонку Дзмітрыя Садавога і Ганну Арэхаву за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядала суддзя Юля Шут.
Па матэрыялах абвінавачання, Дзмітрый і Ганна, даведаўшыся, што ў Мінску будзе праходзіць масавае мерапрыемства, прыехалі ў горад, у раён гандлёвага цэнтра “На Нямізе”, і разам з іншымі прайшлі па праспекце Пераможцаў да Стэлы, а затым і далей, да гатэлю “Вікторыя”, дзе калону спынілі супрацоўнікі міліцыі. Пад час шэсця выкарыстоўвалі ў якасці пратэснага сімвала палотнішча (сцяг) бел-чырвона-белага колеру, ажыццявілі блакаванне руху транспарту з дапамогай выхаду з іншымі асобамі і знаходжання на праезнай частцы па праспекце, у выніку чаго быў спынены рух грамадскага транспарту.
Як патлумачыла ў судзе Ганна Арэхава, яны выйшлі з мужам на праезную частку, па якой ішлі іншыя грамадзяне, і сфатаграфаваліся. Палатно бел-чырвона-белага колеру, якое Дзмітрый накінуў на плечы для таго, каб зрабіць фатаграфію, муж папрасіў у грамадзян, якія знаходзіліся паблізу. Пазней іх апазналі па фотаздымку і затрымалі.
Да суда знаходзіліся ў СІЗА № 1 Мінска.
Падчас судовага працэсу абое прызналі сваю віну.
У судзе таксама у інтарэсах прадпрыемства "Мінсктранс" быў заяўлены грамадзянскі пазоў аб спагнанні з абвінавачаных у салідарным парадку маёмаснай шкоды ў памеры 22 500,66 рублёў.
Суд пастанавіў прызнаць Садавога і Арэхаву вінаватымі і прызначыў ім пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін два гады (“хатняя хімія”).
Абаіх вызвалілі з-пад варты ў зале суда.