viasna on patreon

Таксіста з Чэрыкава асудзілі на 1,5 года "хатняй хіміі" за каментар у бок міліцыянта

2022 2022-11-03T13:23:34+0300 2022-11-03T15:35:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ivanou_cherykau_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзмітрый Іваноў

Дзмітрый Іваноў

Першага лістапада ў Чэрыкаўскім раённым судзе разгледзелі справу таксіста Дзмітрыя Іванова, якога абвінавацілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса за тое, што жодзінскі міліцыянт Мікалай Бараноўскі палічыў сябе абражаным ягоным каментаром у сацсетках. 

У відэа, апублікаваных на праўладных каналах, Іваноў таксама казаў, што затрыманы не толькі за каментары, але і за здымку ваеннай тэхнікі. 

Суддзя Алена Цыкунова прызнала мужчыну вінаватым і агучыла вырак: 1,5 года абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — "хатняй хіміі". Дзмітрыя вызвалілі ў зале суда. Пракурор прасіў суд пакараць абвінавачанага двума гадамі пазбаўлення волі. За кратамі ён правёў паўтара месяца: яго затрымалі 22 верасня 2022 года. У дзень прысуда ў мужчыны нарадзіўся сын. На судзе Дзмітрый Іваноў прызнаў віну і выбачыўся перад міліцыянтам. Кампенсацыю маральнай шкоды у памеры тысячы рублёў ён аплаціў да суда.

cykunova_cherikau.jpeg
Суддзя Алена Цыкунова

Менавіта Бараноўскі ўдарыў падчас падаўлення пратэстаў у Жодзіне жанчыну. Яна падала заяву ў Следчы камітэт па факце прымянення сілы супрацоўнікам міліцыі, аднак гвалт быў расцэнены як паводзіны "ва ўмовах абгрунтаванай прафесійнай рызыкі або крайняй неабходнасці".

Як стала вядома "Нашай ніве", на судовым працэсе Іваноў не мог сядзець праз боль у нырках.

Прадпрымальнік і таксіст Дзмітрый Іваноў удзельнічаў у пратэстах у Чэрыкаве ў 2020 годзе. Яго некалькі разоў затрымлівалі, штрафавалі і прызначалі "суткі". 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства