viasna on patreon

У Гомелі пачнуць судзіць Аляксандра Айнутдзінава за спробу далучыцца да палка Каліноўскага Дапоўнена

2022 2022-10-25T08:24:12+0300 2022-10-25T11:07:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ainudzinay-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Айнутдзінаў. Скрыншот з відэа МУС

Аляксандр Айнутдзінаў. Скрыншот з відэа МУС

Гомельскі абласны суд прызначыў дату разгляду крымінальнай справы 46-гадовага Аляксандра Айнутдзінава, якога абвінавачваюць у спробе далучыцца да палка імя Кастуся Каліноўскага, а таксама за язду на матацыкле без правоў.

Судовы працэс, які пачнецца 4 лістапада, будзе весці суддзя Вячаслаў Калюка.

Айнутцінаву выставілі абвінавачанне паводле ч.1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўцы альбо падрыхтоўцы асоб да такога ўдзелу) і ч. 1 арт. 317-2 (Кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае права кіравання).

"Пакаяльнае відэа" з жыхаром Гомеля Аляксандрам Айнутдзінавым праўладныя тэлеграм-каналы размясцілі 18 ліпеня.

На ім мужчына распавядае пра тое, што 24 лютага, калі Расія распачала вайну ва Украіне, ён пачаў "чытаць розныя тэлеграм-каналы" і вырашыў далучыцца да палка імя Кастуся Каліноўскага, каб абараняць Украіну. Для гэтага Аляксандр спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з Украінай, але быў затрыманы беларускімі памежнікамі.

Па матэрыялах следства, якое праводзіў следчы аддзел УКДБ па Гомельскай вобласці, Аляксандр Айнутдзінаў з лютага да ліпеня 2022 года з выкарыстаннем розных інфармацыйных рэсурсаў сабраў інфармацыю аб парадку і спосабе ўступлення ў узброенае фарміраванне, якое ўваходзіць у склад Узброеных Сіл Украіны. Пасля чаго накіраваўся на беларуска-ўкраінскую мяжу для яе незаконнага перасячэння і прыбыцця на месца дыслакацыі воінскага падраздзялення з мэтай удзелу ва ўзброеным канфлікце і ваенных дзеяннях на тэрыторыі Украіны без упаўнаважання Рэспублікі Беларусь.

Акрамя таго, не маючы права кіравання транспартнымі сродкамі катэгорыі “А”, раней неаднаразова прыцягваўся да адказнасці па лініі ДАІ па ч. 1 і ч. 2 арт. 18.14 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. У чэрвені 2022 года ён зноў сеў за руль матацыкла “Ява 350”, на якім перасоўваўся па вуліцах Гомеля да моманту яго затрымання супрацоўнікамі ДАІ.

Мужчыну можа пагражаць абмежаванне або пазбаўленне волі тэрмінам да пяці гадоў.

Падтрымайце Аляксандра пасылкамі, грашовымі пераводамі і тэлеграмамі:  Следчы ізалятар № 3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная,1А (Айнутдзінаў Аляксандр Эдуардавіч)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства