viasna on patreon

"Спецыяльная вытворчасць" для Каардынацыйнай рады, затрыманні за перадачу дадзеных: хроніка пераследу 21 кастрычніка Дапоўнена

2022 2022-10-21T12:48:53+0300 2022-10-22T22:21:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/latushka-pavel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 21 кастрычніка збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Палітвязня Мікалая Аўтуховіча змясцілі ў карцар на 7 сутак

Пра гэта паведамілі яго знаёмыя ў фэйсбуку. Палітвязня змясцілі ў карцар 20 кастрычніка, прычыны спагнання невядомыя.

Нагадаем, 17 кастрычніка Мікалаю прысудзілі 25 гадоў калоніі. Да яго ўжо два месяцы не прыходзяць супрацоўнікі, ў якіх ён можа зрабіць замову прадуктаў у турэмнай краме.

Мікалай у лістах просіць дасылаць яму замест фруктовых пюрэ — садавіну (цяпер прымаюць толькі яблыкі, грушы, лімоны, апельсіны, мандарыны). Таксама можна класці пустыя канверты, маркі, налепкі, асадкі і паперу.


Сілавікі Гомеля затрымалі мужчыну, які перадумаў уступаць у Полк Каліноўскага

У telegram-канале сілавікоў апублікавана відэа затрымання Рыгора Арцёма. На «пакаяльным відэа» мужчына распавядае, што ў Польшчы ён зарэгістраваўся ў чат-боце Палка Каліноўскага, але пазней перадумаў. У Беларусі яго затрымалі.

За што мужчына быў жорстка затрыманы — незразумела.


У Магілёве сілавікі затрымалі інжынера-праграміста

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 37-гадовага інжынера-праграміста Аляксандра Цыганкова. На «пакаяльным відэа» мужчына кажа пра тое, што ў 2020 годзе нібыта неаднаразова ездзіў у Мінск для ўдзелу ў акцыях пратэсту.


Супраць палітзняволенага вайсковага эксперта Ягора Лебядка распачалі новую крымінальную справу

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што справа ўзбуджаная па прыкмеце паўторнасці, і адзначаюць, што кожнае «інтэрв'ю экстрэмістам утварае асобны склад злачынства».

Верагодна, гаворка ідзе пра ч.2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна альбо групай асоб).

Ягора Лебядка затрымалі 12 ліпеня і спачатку арыштавалі на «суткі», а пасля распачалі крымінальную справу за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК).


У Мінску затрымалі былога студэнта ЕГУ

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 28-гадовага Юрыя Хрысталюбава. Паводле сілавікоў, хлопец удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту і перакрываў рух транспарту.

Таксама яны сцвярджаюць, што з Юрыем у 2020 годзе нібыта звязваліся спецслужбы Літвы і прапаноўвалі грошы за ўдзел у пратэстах.


У эфіры дзяржаўнага тэлебачання назвалі імёны затрыманага "ўкраінскага шпіёна" і "завербаваных ім беларусаў"

Згодна з дадзенымі дзяржаўнага тэлебачання, затрыманы грамадзянін Украіны Павел Купрыенка. Супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа ў сувязі з "агентурнай дзейнасцю".Таксама затрыманыя двое беларусаў: Тарас Мачынскі і Зміцер Салавенчык. Супраць іх распачалі крымінальныя справы аб "здрадзе дзяржаве".

Па дадзеных КДБ, затрыманыя збіралі і перадавалі дадзеныя аб размяшчэнні чыгуначных вузлоў і перамяшчэнні вайсковай тэхнікі.


Дар’ю Лосік не выпусцілі з-пад варты — яна застаецца ў СІЗА Брэста

Дар'я Лосік. Фота з сацсетак

Жонку палітвязня і журналіста Свабоды Ігара Лосіка Дар’ю затрымалі раніцай 18 кастрычніка. Сілавікі прыйшлі дадому да Лосікаў а 8-ай раніцы, сама Дар’я з дзвюхгадовай дачкой Паўлінай яшчэ спала. Паводле паведамленняў праўладных тэлеграм-каналаў, Дар’ю абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці ў выглядзе размовы з тэлеканалам «Белсат» вясной 2022 году.

Паводле якога артыкулу абвінавачваюць жонку палітвязня, афіцыйна не паведамляецца.


Следчым камітэтам пачаты працэс спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады

Адпаведнае рашэнне ўзгоднена Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь. Прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады збіраюцца судзіць завочна.

Святлане Ціханоўскай інкрымінаваныя ажно 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 292 (падрыхтоўка да захопу і ўтрымання будынкаў і збудаванняў);
  • ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках);
  • ч.1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам);
  • ч. 1 і ч. 2 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкіх фармаванняў і кіраўніцтва імі);
  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
  • ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці);
  • ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве);
  • ч. 4 арт. 16 і арт. 382 (арганізацыя і кіраўніцтва самавольнага прысваення звання і ўлады службовай асобы);
  • ч. 2 арт. 191 (перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэферэндуме);
  • ч. 4 арт. 16 і ч. 2 арт. 342 (іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Таксама спецыяльная вытворчасць распачата ў дачыненні да Паўла Латушкі — яму інкрымінаваныя 8 артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч.1 арт. 357 (Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам);
  • ч. 3 арт. 361 (Заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
  • ч. 1 і ч. 2 арт. 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання);
  • ч. 3 арт. 130 (Распальванне варожасці);
  • ч. 4 арт. 16 і арт. 382 (Арганізацыя і кіраўніцтва самавольнага прысваення звання і ўлады службовай асобы);
  • ч. 2 арт. 191 (Перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэферэндуме);
  • ч. 3 арт. 426 (Наўмыснае здзяйсненне службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, прадастаўленых яму па службе, якія пацягнулі прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў), здзейсненае з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці асобай, якая займае адказнае становішча, якія пацягнулі цяжкія наступствы);
  • ч. 3 арт. 430 (Прыняцце службовай асобай для сябе матэрыяльных каштоўнасцяў, якія прадстаўляюцца выключна ў сувязі з займаным службовым становішчам, за спрыяльнае рашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю, за выкананне ў інтарэсах даючага хабар і прадастаўленым ім асоб, дзеяння, якое гэта асоба павінна было або магло здзейсніць з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў (атрыманне хабару), у буйным памеры, учыненае асобай, якая займае адказнае становішча).

Вядома, што спецыяльная вытворчасць распачата таксама ў дачыненні да Вольгі Кавальковай. Ёй інкрымінуецца ажно пяць артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч.1 арт. 357 (Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам);
  • ч. 3 арт. 361 (Заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
  • ч. 1 арт. 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання);
  • ч. 3 арт. 130 (Распальванне варожасці);
  • ч. 2 арт. 191 (Перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэферэндуме).

Спецыяльная вытворчасць распачата ў дачыненні да Марыі Мароз і Сяргея Дылеўскага

Марыі інкрымінаваныя:

  • ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 292 (падрыхтоўка да захопу і ўтрымання будынкаў і збудаванняў);
  • ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках);
  • ч. 1 арт. 357 (змова, учыненая з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам);
  • ч. 4 арт. 16 і ч. 2 арт. 342 (іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Сяргею інкрымінаваныя:

  • ч.1 арт. 357 (Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам);
  • ч. 3 арт. 361 (Заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
  • ч. 1 арт. 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства