"Жадаю, каб Вы хутка былі вольныя і ўз'ядналіся са сваёй сям'ёй": як віншуюць Валянціна Стэфановіча ва ўсім свеце Дапоўнена
Сёння, 14 кастрычніка, палітзняволены намеснік старшыні "Вясны" і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч адзначае ў турме свой юбілей — 50 гадоў. За кратамі за сваю праваабарончую дзейнасць вясновец утрымліваецца ўжо 15 месяцаў. Праваабарончыя арганізацыі, беларускія лідары, праваабаронцы па ўсім свеце віншуюць у сацсетках Валянціна з Днём народзінаў. "Вясна" збірае віншаванні для Валянціна.
Шведская ініцыятыва за дэмакратыю і правы чалавека Östgruppen віншуе Валянціа з Днём народзінаў:
"Валік — наш блізкі сябар у Östgruppen, і на працягу многіх гадоў ён неаднаразова бываў у нас у гасцях. Ён з'яўляецца адным з самых вядомых беларускіх праваабаронцаў з вялікім досведам працы і карыстаецца вялікай павагай у праваабарончых колах ва ўсім свеце".
Віншавальны пост пакінула ў Twitter і лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская:
"Паважаны Валянцін, Ваша нястомная барацьба за правы чалавека прынесла Вам сусветнае прызнанне.Я жадаю ад усяго сэрца, каб Вы хутка былі вольныя і ўз'ядналіся са сваёй сям'ёй".
Да віншаванняў далучыўся Фонд Дамоў правоў чалавека і заклікае ў чарговы раз вызваліць праваабаронцу з-за кратаў:
"Віншуем з 50-годдзем нашага сябра Валянціна Стэфановіча, які знаходзіцца ў турме ў Беларусі ў адплату за сваю законную праваабарончую працу. Мы паўтараем наш заклік да неадкладнага вызвалення Валянціна і ўсіх палітвязняў у Беларусі".
Віншавальны пост апублікаваў у сябе вядомы шведскі праваабаронца Марцін Угла, былы старшыня Östgruppen:
"Дарагі Валік, віншую з Днём народзінаў! Чакаю на волі! Мне вельмі падабаецца гэтая фатаграфія. Яна паказвае Валіка такім, якім я і многія са мной яго ўспрымаем: добрым, але ў той жа час крутым. Чалавек, які заўсёды побач, каб падтрымаць".
З заклікамі павіншаваць Валянціна выступілі Human Rights Watch і Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH), віцэ-прэзідэнтам якой з'яўляецца вясновец.
Да віншаванняў далучылася расійская праваабарончая арганізацыя "Мемарыял", якая сёлета са старшынёй Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесем Бяляцкім і ўкраінскай праваабарончай арганізацыяй "Цэнтр грамадзянскіх свабод" атрымала Нобелеўскую прэмію міру. Віншавальны пост пакінула Аляксандра Матвейчук — старшыня "Цэнтра грамадзянскіх свабод".
Павіншавалі Валянціна таксама Нарвежскі Хельсінскі камітэт.
Інфармацыя дапаўняецца.
Павіншаваць Валянціна пасылкамі, лістамі, тэлеграмамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Валянцін Канстанцінавіч Стэфановіч
"Такі лёс выпаў Валянціну, як і Алесю, які ўжо другі юбілей адзначыў за кратамі", — Аліна Стэфановіч