viasna on patreon

Крымінальная справа супраць удзельнікаў палка Каліноўскага, затрыманні за ўдзел у акцыях пратэсту: хроніка пераследу 10-11 кастрычніка Дапоўнена

2022 2022-10-11T10:55:00+0300 2022-10-11T16:04:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/polk-kalinouskaga-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 10-11 кастрычніка збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Мінчук затрыманы за ўдзел у пратэстах 2020 года

За ўдзел у пратэстах у Мінску затрыманы Аляксей Мікульчык — яго затрымлівалі пры разгоне намётавага гарадка яшчэ ў 2006 годзе

Аляксею цяпер 37 гадоў. Ён быў актывістам некалькіх ініцыятываў у «нулявых». Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006-га мужчыну затрымлівалі пры разгоне намётавага гарадка. Затрымалі тады больш за 500 чалавек.

У той жа групе затрыманых быў і Максім Знак. Мікульчыка разам са Знакам адвезлі з Мінска ў Жодзіна (тады такая практыка ўжо існавала). Яны атрымалі па 13 сутак арышту.

Пасля выбараў-2020 мужчына таксама сядзеў на сутках у Жодзіне.


У Гомелі затрымалі зняволенага?

Тэлеграм-канал, блізкі да сілавікоў, пахваліўся тым, што затрымаў і так ужо зняволенага мужчыну – Місюковіча Уладзіміра, які адбывае пакаранне ва ўстанове адкрытага тыпу.

Хутчэй за ўсё мужчыну зноў будуць судзіць. Гэтым разам за "распаўсюд фашысцкай сімволікі", бо на так званым "пакаянным" відэа Уладзімір кажа, што мае татуіроўку са свастыкай на плячы. Праўда, каму і дзе ён яе дэманстраваў – няясна.


Следчы камітэт перадаў пракурору справу супраць меркаваных адміністратараў "Чорнай кнігі Беларусі"

Як паведамляе ведамства, галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта ў парадку спецыяльнай вытворчасці скончана папярэдняе расследаванне ў дачыненні да Яніны Сазановіч, Дзмітрыя Навошы, Данілы Багдановіча, Вольгі Высоцкай, Валерыі Занімонскай — меркаваных адміністратараў экстрэмісцкага фармавання «Чорная кніга Беларусі».

Крымінальная справа перададзена Генеральнаму пракурору для накіравання ў суд.


СК Беларусі распачаў крымінальную справу ў дачыненні да стваральнікаў і ўдзельнікаў палка Каліноўскага

Галоўная следчая ўправа Беларусі распачала крымінальную справу ў дачыненні да ўдзельнікаў палка Каліноўскага за стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім (артыкул 361-1 Крымінальнага кодэкса), паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Як піша СК, "група беларусаў, знаходзячыся на тэрыторыі Украіны, Літвы і Польшчы, натхніўшыся ідэямі нацыяналізму і прытрымліваючыся шаблонаў шавінісцкай ідэалогіі ўзброеных груповак суседняй краіны, скаапераваліся і стварылі так званы полк імя Кастуся Каліноўскага".


Чарговае папаўненне ў спісе "экстрэмісцкіх" матэрыялаў

Сярод новых, па версіі МУС Беларусі, матэрыялаў, прызнаных "экстрэмісцкімі":

Telegram-стыкеры "metodist.me";
Telegram-каналы "Методист|Формы беларуского протеста", "ВГМУ - общий чат", "Инфо_Удар".


Заблакаваны доступ да папулярнага гродзенскага рэсурсу s13.ru

Прычына блакавання — невядомая. Паводле стандартнай фармулёўкі Мінінфарма, гэта парушэнне Закона аб СМІ.

Блог Гродна s13.ru — найпапулярнейшы гродзенскі рэсурс, які піша пра жыццё рэгіёна. За мяжой доступ да сайта пакуль магчымы.


У Магілёве чалавека затрымалі наўпрост у цырульні

Паводле інфармацыі MAYDAY TEAM, днямі ў горадзе быў затрыманы мясцовы жыхар Аркадзь Гуменнікаў. Падставай нібыта стала "распаўсюд фатаграфій бел-чырвона-белага сцяга" ў сацыяльных сетках.

Мяркуючы па відэа сілавікоў, мужчыну затрымлівалі некалькі ўзброеных байцоў з Магілёўскага ГУБАЗіК і АМАП, прычым зрабілі яны гэта ў цырульні, паваліўшы Гуменнікава з крэсла на падлогу.


Затрымалі пастара царквы "Новае пакаленне"

Мужчына — адзін з заснавальнікаў руху "Шлях свабоды", які накіраваны на тое, каб дапамагаць нарка— і алказалежным людзям.

Сяргей Паўлоўскі — пратэстанцкі вернік з Мінска. У 2021 годзе ён быў рукапакладзены ў пастары і пачаў прапаведаваць. Пра рух «Шлях свабоды», заснаваны ім, вядома няшмат.

Царква "Новае пакаленне" была заснаваная ў Рызе Аляксеем Лядзяевым. У Беларусі ёсць некалькі вялікіх груп вернікаў царквы ў розных гарадах.

Сілавікі ў сваім канале інкрымінуюць пастару ўдзел у пратэстах у 2020 годзе.


ГУБАЗіК затрымаў жыхара Мінска, які нібыта ўдзельнічаў у пратэстах

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне Кірыла Казлова.

На «пакаяльным відэа» хлопец «прызнаецца» ва ўдзеле ў пратэстах, абразах міліцыянтаў у асабістых перапісках у сацыяльных сетках, а таксама ў тым, што ён нібыта дапамагаў грамадзянам Ірану нелегальна пераходзіць мяжу Еўрасаюза.


Сілавікі затрымалі 26-гадовую Ганну Сцяпура

Паводле іх, дзяўчына ўдзельнічала ў паслявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама прайшла рэгістрацыю ў чат-боце «плана Перамога».

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што супраць Ганны распачата крымінальная справа.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства