viasna on patreon

"Нас не чулі — і кола пашыралася". 10 кастрычніка адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання

2022 2022-10-10T12:16:56+0300 2022-10-12T15:57:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/paluda-2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міжнародны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання адзначаецца 10 кастрычніка. Беларусь па-ранейшаму застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе прымяняецца такі від кары. Сёння праваабаронца і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда разважае пра пытанне смяротнага пакарання ў кантэксце часу і ўзгадвае самыя значныя моманты ў кампаніі.

Праваабаронца Андрэй Палуда. Фота: spring96.org
Праваабаронца Андрэй Палуда

Актуальнасць для Беларусі застаецца

Андрэй Палуда падкрэслівае: пытанне і праблема смяротнага пакарання застаецца актуальнай і па сённяшні дзень, нягледзячы на маштабныя рэпрэсіі ў Беларусі, наступ на правы чалавека і колькасць палітзняволеных.

“Можа падасца, што з-за такога кантэксту пра смяротнае пакаранне не варта было б пакуль гаварыць. Але я ўпэўнены: варта. Бо смяротнае пакаранне заўсёды з’яўлялася і было дастаткова сур’ёзным індыкатарам сітуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне. І мы, праваабаронцы, заўсёды казалі, што смяротнае пакаранне — гэта важная і актуальная праблема, якую трэба вырашаць”.

Вайна

Смяротнае пакаранне досыць сур'ёзна гучыць у новым кантэксце поўнамаштабнай вайны ва Украіне, адзначае Андрэй Палуда. І не толькі таму, што вайна адбываецца побач, а афіцыйная Беларусь грае ў ёй сваю ролю.

“Кіраўніцтва гэтых фармаванняў, якія называюць сябе ДНР,  заявіла аб тым, што здымае заканадаўча мараторый на смяротнае пакаранне. Дарэчы, у іх таксама смяротнае пакаранне працэдурна – праз растрэл. Як і ў Беларусі. Гэта калька з інструкцый былога Савецкага саюза.

Але ім жа ніхто не замінае (і яны гэта робяць) забіваць людзей адвольна (без судовых рашэнняў – заўв)”.

Змены ў заканадаўстве

27 красавіка 2022 года Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі прыняла ў двух чытаннях законапраект аб зменах у Крымінальны кодэкс, згодна з якім пашыраюцца магчымасці прымянення смяротнага пакарання: за “замах на акт тэрарызму”. Андрэй Палуда нагадвае, што гэта сур’ёзная падзея.

“Увогуле, сама па сабе адсутнасць нармальнай сістэмы судовага разбіральніцтва і наяўнасць смяротнага пакарання — гэта такая страшэнная сувязь. Мы ў межах кампаніі, напрыклад, займаліся дастаткова яскравым кейсам — Міхаіла Гладкага, якога ледзь не прысудзілі да смяротнага пакарання"

Міхаіл Гладкі: чалавек, які не дачакаўся ад дзяржавы аднаўлення справядлівасці

Міхаіл Гладкі — той чалавек, якога ў 2003 годзе суд г. Заслаў’я асудзіў да васьмі гадоў калоніі строгага рэжыму за злачынства (ч.1 арт. 139 Крымінальнага кодэкса), якое ён не здзяйсняў. Праз дзевяць гадоў прысуд у адносінах да Міхаіла быў адменены, а крымінальная справа спыненая ў сувязі з адсутнасцю ў яго дзеяннях складу злачынства.

“Але гэтыя змены заканадаўства адкрываюць яшчэ большыя вароты: бо нават за тое, што чалавек яшчэ не здзейсніў, могуць асуджаць да смяротнага пакарання, – працягвае праваабаронца. – Канешне, прэцэдэнтаў па гэтых зменах пакуль няма. Але, як кажуць пра тое ружжо, якое вісіць на сцяне: можа прыйсці такі момант у гэтым усім спектаклі, калі яно стрэліць. І гэта, дарэчы, карэлюецца з тым, пра што мы ўвесь час не толькі гаварылі, але крычалі. І нас не чулі. Мы крычалі і прасілі: "Паслухайце нас!" – а нас не чулі. Ці, прынамсі, чулі не ўсе. Магчыма, мы зараз можам дагрукацца да людзей.

Вельмі часта падчас дыскусій пра праблематыку смяротнага пакарання, якія мы шмат ладзілі, людзі казалі: “Гэта датычыцца толькі забойцаў і маньякаў, і ўвогуле «адкідаў грамадства»”. А мы казалі: «Не, гэта можа датычыцца кожнага»”.

Праваабаронца Андрэй Палуда. Фота: spring96.org

Сярод іншага, у межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” распавядалася, як смяротнае пакаранне было звязанае з рэпрэсіямі мінулага стагоддзя. У межах кампаніі сваю лекцыю чытаў і даследчык Курапатаў.

“Маштабы прымянення смяротных прысудаў і пакарання, якія там былі, проста уражваюць, успамінае Андрэй Палуда. І мы праводзілі паралелі і казалі: вы бачыце, што гэта можа прымяняцца вельмі шырока? І тыя людзі (якіх расстралялі ў Курапатах – заўв.) таксама не былі забойцамі і злачынцамі. Яны проста не ўпісваліся ў нейкую там дзяржаўную сістэму ці проста патрапілі выпадкова пад рэпрэсіі, пад гэты молат. І сталі забітыя, расстраляныя. І нават шмат хто з іх пасля не быў рэабілітаваны”.

“Смяротнае пакаранне можа быць выкарыстана і па палітычных матывах”. Як прайшла лекцыя пра Курапаты

Кандыдат гістарычных навук і гісторык Мікола Крывальцэвіч у 1988 годзе працаваў у складзе навукова-экспертнай групы, якая займалася даследчай эксгумацыяй магіл, каб выявіць парэшткі людзей ва ўрочышчы Курапаты.

“Я думаю, што гэтая паралель дазволіць нашаму грамадству яшчэ раз пераасэнсаваць, што смяротнае пакаранне нам увогуле не патрэбна. І што без яго нашмат лепш будзе жыць нашай Беларусі. Беларусі, у якой будуць панаваць прынцыпы справядлівага суду, правоў чалавека і прынцыпы гуманізму. Я лічу, што смяротнае пакаранне ніяк не карэлюецца з прынцыпамі гуманізму. Немагчыма гуманна забіваць чалавека — таму што гэта забойства чалавека.

Наяўнасць смяротнага пакарання — калі яно ёсць, калі ёсць сама працэдура, калі яна працуе, калі імплементавана ў нацыянальнае заканадаўства, калі выкарыстоўваецца на практыцы — можа быць выкарыстана ў адносінах да любога чалавека, у тым ліку невінаватага. І вось мы зараз бачым, да чаго дэградавала заканадаўства і да чаго прывялі высілкі дзяржавы ў захаванні смяротнага пакарання: кола людзей, да якіх можа быць ужыта смяротнае пакаранне, вельмі моцна пашырылася на заканадаўчым узроўні”.

Дэнансацыя Факультатыўнага пратакола і смяротнае пакаранне

Улады Беларусі таксама хочуць дэнансаваць Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП). Менавіта гэты пратакол дае магчымасць беларусам падаваць індывідуальныя звароты ў Камітэт па правах чалавека ААН — і такім чынам абскарджваць дзеянні сваёй дзяржавы на міжнародным узроўні.

Андрэй Палуда прадстаўляў у зваротах у КПЧ ААН інтарэсы беларусаў, асуджаных да смяротнага пакарання. Менавіта такія звароты падаваліся ў межах спецыяльнай працэдуры — і КПЧ ААН уключаў меры тэрміновага характару і дасылаў Беларусі запыт аб непрывядзенні ў выкананне смяротнага прысуду, пакуль Камітэтам не будзе разгледжана справа гэтага чалавека. Тым не менш, такога не адбывалася.

“Мы не ведаем такога выпадку, каб уключаныя меры тэрміновага характару ўздзейнічалі на дзяржаву — і яна б сказала: "Окей, няхай справа разгледзіцца Камітэтам, і калі Камітэт вырашыць, што там не было парушэнняў правоў чалавека, то тады мы чалавека расстраляем". Не, як раз такі дзяржава вельмі хутка, ігнаруючы ўсе гэтыя звароты і просьбы КПЧ, прыводзіла ў выкананне смяротныя прысуды.

Мы ведаем такія выпадкі, калі рэгістраваўся зварот у КПЧ — і прыходзіў адтуль запыт, а дзяржава адказвала: “Ой, а мы якраз яго паўтара тыдня назад расстралялі, прабачце, калі б вы раней сказалі...”. А калі чалавека сапраўды расстралялі, ніхто не ведае...”

Тамара Сялюн і праваабаронца Андрэй Палуда
Тамара Сялюн (маці расстралянага Паўла Селюна) разам з Андрэем Палудам

Тым не менш, падкрэслівае праваабаронца, колькасць зваротаў у КПЧ ААН дэманстравала для міжнароднай супольнасці стан правоў чалавека ў Беларусі і таму была добрым індыкатарам.

“Таму, калі гэтага інструмента не будзе (з прычыны дэнансацыі Факультатыўнага пратакола — заўв.), то гэта дрэнна, — кажа Андрэй Палуда. — Але пры гэтым я не магу казаць, што гэта такі інструмент, які дазваляў захоўваць жыцці людзей, асуджаных да смяротнага пакарання. Нажаль, яго эфектыўнасць была і застаецца цяпер у адносінах да Беларусі недастатковая”.

Рэакцыя грамадства мяняецца

Асабіста для Андрэя Палуды самым значным было памілаванне братоў Косцевых.

“Гэта адбылося ўпершыню за мінулыя гады. Я асабіста і мы ў межах кампаніі (праваабаронцы, актывісты, журналісты, сваякі — то бок сястра братоў Косцевых Ганна) прыклалі шмат намаганняў для таго, каб гэта адбылося.

Самае галоўнае, што жыцці гэтых людзей захаваныя”.

Братоў Станіслава і Іллю Косцевых 10 студзеня 2020 года на выязным пасяджэнні Магілёўскага абласнога суда ў Чэрыкаве асудзілі да смяротных прысудаў. 22 траўня 2020 года Вярхоўны суд не задаволіў апеляцыйную скаргу братоў Косцевых, прысуд асуджаным пакінулі ў сіле. Але ў красавіку 2021 года Андрэю Палуду стала вядома, што братоў Косцевых памілавалі.

“І тут важна сказаць пра рэакцыю грамадства: не было такога, каб пачаліся масавыя пратэсты людзей з патрабаваннем вярнуць назад смяротнае пакаранне братам Косцевым. Бо ў Чэрыкаве, дзе мы былі падчас вынясення прысуду, мы бачылі рэакцыю людзей на смяротны вырак: як яны віталі і пляскалі ў далоні, калі яго пачулі.

Гэта была важная рэч”.

Андрэй Палуда перад судовым паседжаннем у Чэрыкаве
Андрэй Палуда у Чэрыкаўскім судзе, перад абвяшчэннем смяротных прысудаў братам Косцевым

Абаліцыяністы смяротнага пакарання ў Беларусі — за кратамі

Для Андрэя Палуды значным з’яўляецца тое, што за мінулы год (і не толькі) беларускія прадстаўнікі абаліцыянізму — руху за адмену смяротнага пакарання — апынуліся за кратамі:

“Людзі, якія мелі непасрэдныя адносіны да кампаніі супраць смяротнага пакарання, прымалі вельмі актыўны ўдзел, былі вельмі часта натхняльнікамі вельмі шмат якіх ідэй і дапамагалі ў іх рэалізацыі, апынуліся за кратамі. Гэта Леанід Судаленка — чалавек, які ў межах кампаніі працаваў са зваротам у Камітэт па правах чалавека ААН па кейсу Грунова. Гэта Марфа Рабкова, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны", з якой мы ладзілі разам івэнты і яна дапамагала ў арганізацыі фэсту “Рок за жыццё” — калі паралельна з канцэртам у нас былі фотазоны і мы раздавалі мерч-прадукцыю. Гэта Валянцін Стэфановіч — чалавек, з якім мы шмат чаго разам рабілі для руху абаліцыянізму. І Алесь Бяляцкі.

Марфа Рабкова дапамагае на канцэрце
Марфа Рабкова дапамагае на фэсце "Рок за жыццё"

Усе гэтыя людзі з'яўляюцца яскравымі прадстаўнікамі руху абаліцыяністаў не толькі у Беларусі, але і на міжнародным ўзроўні. Напрыклад, з Валянцінам мы заўсёды былі сталымі ўдзельнікамі Сусветнага кангрэсу супраць смяротнага пакарання. У гэтым годзе кангрэс таксама запланаваны – у Берліне, у лістападзе. І ў мяне ёсць такі невялікі спадзеў: а вось, а раптам, усякае можа быць! Можа быць нашых калег выпусцяць – і яны таксама змогуць прыняць удзел у Кангрэсе”.

Сучаснасць і будучыня

“Мы на сённяшні дзень не валодаем інфармацыяй, ці жывы Віктар Скрундзік і ці прыведзена смяротнае пакаранне ў адносінах да Віктара Сергіля. Мы атрымалі інфармацыю, што прыведзены ў выкананне прысуд у адносінах да Віктара Паўлава. Браты Косцевы адбываюць пажыццёвы тэрмін, – акрэслівае сучасны стан пытання смяротнага пакарання Андрэй Палуда. – Не хочацца сурочыць, але дастаткова даўно мы не чулі пра новыя выпадкі смяротных прысудаў. Спадзяемся, што іх і не будзе. Прынамсі, пасля памілавання братоў Косцевых мы не ведаем, што былі смяротныя прысуды. Натуральна, улічваючы стан з доступам да інфармацыі ў нас у краіне, можа быць усялякае мы гэта разумеем.

Спадзяюся, што і надалей мы не будзем атрымліваць навіны пра смяротныя прысуды. А атрымаем навіну, што смяротнага пакарання ў Беларусі больш няма. Хаця б мараторый, як першы крок”.


Адзін з выпускаў праваабарончага падкаста "Вясна прыйдзе" быў прысвечаны сваякам асуджаных да смяротнага пакарання. Выпуск створаны ў красавіку 2020 года. У той час асуджаны Віктар Паўлаў быў яшчэ жывы, а братам Косцевым нядаўна прызначылі смяротнае пакаранне. Падкаст на розных пляцоўках можна паслухаць тут.

Сваякі асуджаных да смяротнага пакарання. Трэці выпуск праваабарончага падкаста

Трэці выпуск падкаста "Вясна прыйдзе" прысвечаны сваякам тых, хто быў асуджаны да смяротнага пакарання. Хтосьці з асуджаных яшчэ жывы, а ў дачыненні да іншых была ўжытая “вышэйшая мера пакарання”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства