viasna on patreon

“Смяротнае пакаранне можа быць выкарыстана і па палітычных матывах”. Як прайшла лекцыя пра Курапаты Фота

2020 2020-01-25T12:32:17+0300 2020-01-25T13:16:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kryvalcevich-03.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Публічная лекцыя кандыдата гістарычных навук Міколы Крывальцэвіча "Курапаты: гістарычны кантэкст" прайшла на мінскай пляцоўцы “Тэрыторыя правоў” 24 студзеня.

Мікола Крывальцэвіч у 1988 годзе працаваў у складзе навукова-экспертнай групы, якая займалася даследчай эксгумацыяй магіл, каб выявіць парэшткі людзей ва ўрочышчы Курапаты.

kryvalcevich-04.jpg
Даследчык Мікола Крывальцэвіч. Фота: spring96.org.

На падставе вынікаў даследавання ў 1989 годзе было выдадзена афіцыйнае заключэнне, што растрэлы ў Курапатах праводзіліся органамі НКУС. Пік рэпрэсій і растрэльных выракаў прыйшоўся на 1937-1938 гг.

Прычыны рэпрэсій — гэта кірунак на “знішчэнне класавых ворагаў”, які распачаўся з 1917 года. Але атрымалася так, што знішчэнне было накіравана не толькі на тое, каб знішчыць класы, але і на шырокія колы апанентаў — ідэалагічныя і маральныя.

Даследаванні пахаванняў паказалі, што людзей забівалі кулямі ў скроню ці ў патыліцу.

А следства, праведзенае ў 1997-1998 гг Ваеннай Пракуратурай, дадало новыя факты — напрыклад, звязванне рук ззаду ў растраляных людзей. Таксама было знойдзена шмат партманэтаў з квітанцыямі, дзе выразліва чыталіся прозвішчы забітых.

Гэтае следства было распачатае таму, што грамадская камісія настойліва стварала версію пра “фашысцкі след” у Курапатах. Вынікі даследавання гэта не пацвердзілі, а матэрыялы следства засакрэчаныя.

Гэта пацвердзіў і даследчык сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузняцоў, які зрабіў прамову напрыканцы лекцыі Крывальцэвіча.

kryvalcevich-05.jpg
Ігар Кузняцоў. Фота: spring96.org.

“Цяжка ўсталяваць імёны людзей [пахаваных у Курапатах], бо архівы КДБ могуць захоўваць матэрыялы, якія закрытыя не толькі для грамадства, але і для даследчыкаў”, — распавёў Ігар Кузняцоў.

Неаднаразова Кузняцоў рабіў спробу дамовіцца аб тым, каб архівы КДБ сталі даступнымі, але — нічога не атрымалася.

Лекцыя навукоўца Міколы Крывальцэвіча "Курапаты: гістарычны кантэкст" арганізавана ў межах кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання".  Пра тое, якая сувязь можа быць паміж Курапатамі і смяротным пакараннем у Беларусі, распавялі каардынатары кампаніі:

“Мы лічым, что смяротнае пакаранне ў пэўнай ступені таксама з’яўляецца савецкай спадчынай. І сістэма смяротнага пакарання, якая існуе у Беларусі зараз, засталася такой, як у савецкія часы. Зараз таксама цела не выдаецца, зараз таксама сваякам не паведамляецца, дзе пахаваны чалавек”, — зазначыў праваабаронца Андрэй Палуда.

kryvalcevich-01.jpg
Мікола Крывальцэвіч, Андрэй Палуда і Паліна Сцепаненка. Фота: spring96.org.

“Сапраўды, пакуль у краіне застаецца смяротнае пакаранне, яно можа быць выкарыстана і па палітычных матывах, і супраць людзей, якія з’яўляюцца апанентамі ўлады. І наша кампанія сапраўды імкнецца гаварыць пра такую з’яву, як пакаранне смерцю, у больш шырокім сэнсе — і ў гістарычным кантэкстце таксама”, — падкрэсліла  праваабаронца Паліна Сцепаненка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства