viasna on patreon

Гродзенца асудзілі да 2,5 гадоў "хіміі" за ўдзел у "Маршы адзінства". На судзе ў яго пыталіся пра лісты палітвязням

2022 2022-10-09T10:06:00+0300 2022-11-02T14:22:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lagun_andrei_.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 6 кастрычніка да двух з паловай гадоў "хіміі" асудзілі 26-гадовага Андрэя Лагуна. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у Маршы 6 верасня 2020 года. "Марш адзінства" ў Гродне быў адметны тады жорсткімі затрыманнямі, падчас якіх сілавікі распылялі слезацечны газ супраць пратэстоўцаў. Андрэй да суда два месяцы ўтрымліваўся пад вартай ў гродзенскай турме. Справу разглядаў суддзя Віталь Лабоцкі, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівала Ганна Каралько.

Андрэй Лагун. Фота з сацсетак
Андрэй Лагун. Фота з сацсетак

Згодна з версіяй абвінавачвання, 6 верасня 2020 года Лагун "узяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія праводзіліся на тэрыторыі Гродна, груба парушалі грамадскі парадак, былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады і пацягнулі парушэнне працы транспарту, устаноў пры наступных акалічнасцях". Так, ён "прыбыў у цэнтральную частку Гродна, загадзя ўсведамляючы супрацьпраўнасць групавога несанкцыянаванага масавага мерапрыемства і сваіх дзеянняў, натхняючы сваімі паводзінамі навакольных з мэтай падахвочвання ў іх пачуцця неабходнасці ўдзелу ў згаданым несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, мітынгу, шэсці, правядзенне якога ў цэнтральнай частцы Гродна замахвалася на грамадскі спакой, парушала ўмовы адпачынку і побыту грамадзян".

За тое, што Лагун з "іншымі нявызначанымі асобамі" рухаліся шэсцем па праезнай частцы, была налічаная шкода: Аўтобуснаму парку Гродна — 20 рублёў 10 капеек, Гродзенскаму тралейбуснаму ўпраўленню — 51 рубель 59 капеек.

Віну Андрэй прызнаў цалкам.

З матэрыялаў справы стала вядома, што супрацоўнікі гродзенскага ГУБАЗіКа ідэнтыфікавалі хлопца праз відэа з Маршу пратэсту 6 верасня 2020 года. Затрымалі яго сёлета 1 жніўня.

На судзе хлопец распавёў, што далучыўся да мітынга выпадкова:

"Я шпацыраваў у цэнтры горада ў раёне абеду… А другой гадзіне, выходзіць, шпацыраваў у цэнтры горада на Савецкай, убачыў, як праходзіць мітынг, і далучыўся да яго".

Паводле Андрэя, ён не ведаў загадзя, што планаваўся мітынг, а тое, што акцыя несанкцыянаваная, дазнаўся ад супрацоўнікаў на самым мерапрыемстве, але ўжо не наважыўся сысці, баючыся быць затрыманым.

— А знаходзіўшыся там, не баяліся затрымання? З прычыны знаходжання ў самым эпіцэнтры падзей? — спытала пракурорка на судзе.

— Ну, у натоўпе я пачуваўся ў бяспецы, — адказаў хлопец.

З матэрыялаў справы стала вядома, што падчас ператрусу ў Андрэя знайшлі некалькі неадпраўленых лістоў палітвязням. Хлопец растлумачыў, што хацеў напісаць палітзняволенаму Максіму Знаку, але ліст так і не адправіў. Пракурорка ўдакладніла, дзеля чаго ён хацеў адправіць гэтыя лісты. Андрэй сказаў, каб "проста падбадзёрыць":

"Я цалкам не памятаю змест лістоў, там ён быў вельмі кароткім, проста павіншаваць з Новым годам надыходзячым".

На судзе мусілі быць дапытаныя супрацоўнікі АМАПа Андрэй Мацейка, Ігар Шабанаў, Сяргей Чарняк, Іван Кастроў, Іван Сямёнаў, Ала Сафронава, але яны не з'явіліся на судовыя працэсы з розных прычынаў. Гэтыя супрацоўнікі працавалі па "ахове грамадскага парадку" 6 верасня 2020 года ў Гродне. Іх паказанні былі зачытаны на судзе з пратаколаў допыту.

Дзяржаўнае абвінавачванне запрасіла для Андрэя Лагуна два з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Менавіта такое пакаранне і прызначыў хлопцу суддзя Віталь Лабоцкі. Андрэя вызвалілі ў зале суда пасля двух месяцаў у турме да накіравання яго на "хімію".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства