Затрыманні, "суткі" для фатографа, новыя "экстрэмісты" — хроніка пераследу 7-8 кастрычніка
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 7-8 кастрычніка збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
8 кастрычніка
Затрыманні працягваюцца
Сёння быў затрыманы 30-гадовы Руслан Сінкевіч. Падрабязнасці падзеі, а таксама месца ўтрымання мужчыны невядомыя.
7 кастрычніка
5 сутак зняволення: у Глыбокім судзілі фатографа Леаніда Юрыка
Сёння ў судзе Глыбокскага раёна разглядалася адміністрацыйная справафатографа і відэааператара Леаніда Юрыка.
Як стала вядома БАЖ, на падставе міліцэйскіх пратаколаў суд прызнаў медыйшчыка вінаватыму “распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці” і пакараў адміністрацыйным арыштам.
«SOS-BY Свабоднае аб'яднанне спартоўцаў Беларусі» прызнанае экстрэмісцкім фармаваннем
Адпаведнае рашэнне прыняў КДБ 4 кастрычніка.
У «Спіс экстрэмістаў» уключылі яшчэ 47 беларусаў
МУС 7 кастрычніка зноў абнавіў «Пералік асобаў, датычных да экстрэміскай дзейнасці» – спіс абнавіўся яшчэ на 47 прозвішчаў. Гэта ўсе беларусы, якія пераследуюцца ці пераследаваліся па «палітычных» крымінальных артыкулах.
У спіс уключаныя і гомельскія праваабаронцы. Гэта асуджаныя па крымінальнай справе па ч. 1 і ч. 2 арт. 342 КК (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і фінансаванне такіх дзеянняў) праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка і валанцёрка Таццяна Ласіца.
Леанід і Таццяна былі затрыманыя ў студзені 2021 года. У лістападзе мінулага года суддзя Сяргей Салоўскі асудзіў Леаніда да 3 гадоў калоніі агульнага рэжыму, а Таццяну — да 2,5 гадоў. У студзені праваабаронца быў этапаваны ў папраўчую калонію №3, а валанцёрку — у гомельскую калонію № 4.
24 верасня Таццяну вызвалілі па памілаванні. За кратамі Ласіца прабыла агулам 1 год і 8 месяцаў. МУС у «Спісе экстрэмістаў» адзначыў, што Таццяна ўсё яшчэ «адбывае пакаранне».
За ўдзел у пратэстах затрыманы жыхар Мінска Яўген Краўчук
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што хлопец нібыта ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, выходзіў на дарогу і фатаграфаваўся з Нінай Багінскай — паводле іх, менавіта па гэтым фотаздымку яго і вылічылі.
Беларуса затрымалі за абразу Лукашэнкі, Пуціна і Кадырава — у канцы відэа яго прымусілі сказаць «Ахмат сила»
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне жыхара Гродна за абразлівыя каментары пра Лукашэнку, Пуціна і Кадырава. Таксама мужчына нібыта заклікаў прымяняць гвалт да расейскіх вайскоўцаў, якія ваююць ва Украіне.
Сілавікі прымусілі затрыманага асобна папрасіць прабачэння ў Кадырава і сказаць «Ахмат сила» на фоне сцяга Чачні.