23-гадовага палітвязня з Кобрына асудзілі на 2 гады калоніі за сарваны сцяг
У Кобрынскім судзе 3 кастрычніка вынеслі прысуд паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса (Знявага дзяржсімвалаў) палітзняволенаму Кірылу Давідзюку за сарваны дзяржаўны сцяг, што вісеў на ўваходзе ў краму.
Як паведамляе Брэсцкая "Вясна", хлопца затрымалі 29 ліпеня 2022 ў Кобрыне. Ён заходзіў у краму і галавою закрануў дзяржаўны сцяг, які вісеў на ўваходзе. Кірыл яго сарваў і кінуў на зямлю. Яго дзеянні зафіксавала камера відэаназірання крамы.
Пасля затрымання Кірыла змясцілі ў Баранавіцкі СІЗА № 6. Судовае пасяджэнне мела выязны фармат на тэрыторыі Кобрынскага РАУСа і цягнулася адзін дзень. Пракурор запрасіў пакаранне тэрмінам 1 год і 6 месяцаў калоніі. Паводле папярэдняй судзімасці Кірыл меў неадбыты тэрмін паўтары гады “хатняй хіміі”. Шляхам складання тэрмінаў дзяржабвінаваўца запрасіў пакаранне 2 гады калоніі.
Кобрынскі суд прызнаў Кірыла Давідзюка вінаватым паводле арт. 370 КК (Знявага дзяржсімвалаў) і прызначыў яму пакаранне тэрмінам на 2 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Адрас для лістоў Кірылу Русланавічу Давідзюку: СІЗА-6. 225413, г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258 В