viasna on patreon

Палітзняволенага супрацоўніка EPAM асудзілі па "справе Зельцэра" да 3,5 гадоў калоніі

2022 2022-10-03T20:52:31+0300 2022-10-03T20:52:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kireenka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Гомельскім абласным судзе 3 кастрычніка асудзілі па так званай "справе Зельцэра" 38-гадовага палітзняволенага супрацоўніка EPAM і калегу загінулага айцішніка Сяргея Кірэенку. Мужчыну ў закрытым рэжыме судзілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 368 (абраза Лукашэнкі). Суддзя Руслан Царук прызначыў палітвязню тры з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пад вартай Сяргей утрымліваецца ўжо год.

Сяргей Кірэенка
Сяргей Кірэенка

Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці справы невядомыя. Вядома толькі, што палітвязня судзілі за каментары ў сацсетках. Сяргея затрымалі 29 верасня наўпрост на гомельскім вакзале каля цягніка — ён збіраўся ехаць у Мінск.

"Яго затрымлівалі, як у нас традыцыйна затрымліваюць: падыйшлі пяць чалавек у форме без апазнавальных знакаў, скруцілі, зламалі і павезлі ў РАУС. Можна сказаць, што яго выкралі. Нават не прадставіліся і толькі ў мясцовым РАУСе яму сказалі, што ён нібыта праходзіць па справе як сведка. Але потым пачалі "разгойдваць" сітуацыю, выбілі ў яго ўсе паролі і логіны, а там у сацсетках усплылі нейкія перапіскі, каментары. І на падставе гэтых перапісак яго і закрылі", — распавядалі блізкія айцішніка.

Вядома, што Сяргея пасля затрымання збівалі і пагражалі фізічнай расправай.

"Я пабаяўся скаргу пісаць, бо гэтыя пагрозы гучалі пераканаўча", — пісаў потым у лістах Сяргей.

З лістоў Сяргея вынікае, што віну ён не прызнаваў:

"Дык а што я павінен прызнаваць, з чаго і праз які ціск? Прызнаць тое, чаго не было? І быць не магло. Цікавы падыход. Не збіраўся я прызнаваць надуманныя абвінавачванні. Ды і не герой я ніякі. Не збіраюся і не збіраўся ім быць. Я маю права выказацца па некалькіх прычынах. Па-першае, гэта артыкул 33 Канстытуцыі — хоць стары, хоць новы. Па-другое, я жыву ў гэтай краіне, укладаю ў яе грошы. У мяне падаходны большы за заробак у паловы краіны. Эмоцыі? Эмоцыі — не злачынства. Ды толькі апраўдальных прысудаў не выносіцца".

"Эмоцыі — не злачынства". Дзесяць месяцаў за кратамі ўтрымліваецца супрацоўнік EPAM і калега загінулага Андрэя Зельцэра

"Вясна" распавядае, што вядома пра справу, у якіх умовах утрымліваюць Сяргея, што ён піша ў лістах і як можна яго падтрымаць. 

Адрас для лістоў, пасылак:

СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А,

Сяргей Уладзіміравіч Кірэенка (24.07.1984 года)

Рэквізіты для грашовых пераводаў:

(адвольны плацеж у інтэрнэт-банкінгу ці на пошце):

УНП: 490313877

код BIC: BAPBBY2X

IBAN: BY31BAPB36429000005630000000

Прызначэнне: на асабістыя патрэбы вязня Сяргея Уладзіміравіча Кірэенкі, СІЗА-3, Гомель.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства