viasna on patreon

Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка на Канферэнцыі АБСЕ распавёў пра "барацьбу з экстрэмізмам" у Беларусі

2022 2022-09-30T11:37:14+0300 2022-09-30T14:25:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pavel_obse.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На сайд-івэнце Канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні праваабаронцы з Казахстана, Расіі і Беларусі абмеркавалі, як абараніць свабоду выказвання меркаванняў у сваіх дзяржавах у сучасных варунках. У гэтых краінах улады выкарыстоўваюць падобныя інструменты дзеля барацьбы з іншадумцамі, прыкрываючыся "барацьбой з экстрэмізмам". Свабода выказвання меркаванняў, незалежная журналістыка і доступ да аб'ектыўнай інфармацыі аказаліся пад беспрэцэндэнтна высокім ціскам з боку ўладаў гэтых краін. Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавёў пра "барацьбу з экстрэмізмам" і рэпрэсіі ў Беларусі, прывёў актуальную статыстыку і даў рэкамендацыі, у тым ліку, АБСЕ.

Павел Сапелка на Канферэнцыі АБСЕ, 2022 год

"У сярэдзіне 2021 года ў заканадаўства Беларусі, якое рэгулюе барацьбу з экстрэмізмам, былі занесены змены. Мы, праваабаронцы, крытыкавалі падыход заканадаўцы, але гэта была рыторыка экспертаў для экспертаў — хоць і пераканаўчая, але з рознымі дапушчэннямі. Мы абавязкова агаворваліся — не, мы не супраць барацьбы з сапраўдным экстрэмізмам, ксенафобіяй, неанацызмам. Чаго нам бракавала — гэта сказаць пра наступствы: мы казалі пра магчымыя і чаканыя. Напрыклад пра тое, што ўсе людзі, асуджаныя за экстрэмісцкую дзейнасць, трапяць у спецыяльны спіс і будуць пазбаўленыя пэўных правоў на тэрмін асуджанасці і яшчэ пяць гадоў пасля яе пагашэння", — адзначыў Павел Сапелка.

Праваабаронца звярнуў ўвагу на тое, што асноўная частка грамадзян, уключаных у "Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян ці асобаў без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці", — гэта тыя, хто пераследуюцца за рэалізацыю свабоды выказванняў. Цяпер там 506 чалавек.

У Крымінальным кодэксе Беларусі існуе пяць складаў злачынстваў, якія маюць у дыспазіцыі паняцце "экстрэмізм". На канец верасня 2022 года, паводле звестак Праваабарончага цэнтра "Вясна" з гэтага Пераліку за стварэнне ці ўдзел у "экстрэмісцкім фармаванні" асуджаны 29 чалавек, за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" — 16 чалавек.

У Пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, цяпер уключаны 91 суб'ект. Першае "экстрэмісцкае фармаванне" было прызнана 18 кастрычніка 2021 года. Цяпер у Беларусі, згодна з рашэннем КДБ, "экстрэмісцкімі фармаваннямі" прызнаны шэраг незалежных СМІ: "БелаПАН", "БЕЛСАТ", "Наша Ніва", "Радыё Свабода", "Еўрарадыё", "Хартыя-97", рэгіянальныя сеткавыя выданні і тэлеграм-каналы. Павел Сапелка зважае, што падставы ўключэння, напрыклад, "БелаПАН", не названы. Публічнае абгрунтаванне прынятага рашэння гучыць так: "Група грамадзян з ліку супрацоўнікаў інфармацыйнага агенцтва ЗАТ "БелаПАН" ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць".

Праваабаронца таксама звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі асудзілі ўжо трох чалавек, якія хацелі ваяваць у якасці добраахвотнікаў на баку Украіны. Паводле звестак "Вясны", за стварэнне і ўдзел у экстрэмісцкіх арганізацыях былі асуджаны 13 чалавек, за заклікі да санкцый — 10, за абразу прадстаўніка ўлады — 175, за абразу Лукашэнкі — 68, за паклёп на Лукашэнку — 13.

Павел Сапелка на Канферэнцыі АБСЕ, 2022 год

"Парушэнні свабоды слова трэба разглядаць у кантэксце грамадска-палітычных падзей, з улікам глыбокага крызісу правасуддзя, бесперапынных распаўсюджаных парушэнняў прынцыпаў справядлівага суда.

АБСЕ трэба звяртаць увагу урадаў на недапушчальнасць выкарыстання антыэкстрэмісцкага заканадаўства ў мэтах задушэння свабоды выказвання меркаванняў, пераследу незалежных СМІ", — адзначыў праваабаронца.

Павел Сапелка паўтарыў рэкамендацыі ўраду Беларусі, якія праваабаронцы адзначалі яшчэ некалькі гадоў таму: перагледзець заканадаўства і практыку ўжывання антыэкстрэмісцкага заканадаўства.

Таксама праваабаронца адзначыў, што ўрадам дэмакратычных дзяржаў трэба перагледзець наяўныя шматбаковыя і двухбаковыя дамовы з Беларуссю і іншымі недэмакратычнымі дзяржавамі з тым, каб пераслед за ажыццяўленне правоў і свабод не рабіўся падставай для абмежавання правоў гэтых людзей на тэрыторыі іншых дзяржаў, а тым больш — выдачы для крымінальнага пераследу.

Экспертка расійскага Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра "Сава", кіраўніца аддзела "Неправамерны антыэкстрэмізм" Марыя Краўчанка выказала словы падтрымкі і салідарнасці беларускім праваабаронцам, якія раней займаліся тэмай "экстрэмізму" і цяпер утрымліваюцца ў месцах няволі, — Валянціну Стэфановічу і Насце Лойцы.

На фоне затрыманняў адвакатаў у Беларусі на Канферэнцыі АБСЕ абмеркавалі крызіс у беларускай адвакатуры

На сайд-івэнце "Беларусь: без права на абарону" выступілі, у тым ліку, былы адвакат Міхаіл Баднарчук, экспертка Хельсінскага фонду па правах чалавека ў Варшаве Вольга Саламатава, Спецыяльная дакладчыца па пытанні аб палажэнні ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн.

"Тыя, хто парушае правы чалавека, павінны быць прыцягнутыя да адказнасці". Беларускія праваабаронцы ўдзельнічаюць ў Канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні

У Варшаве з 26 верасня па 7 кастрычніка праходзіць штогадовая Канферэнцыя АБСЕ па чалавечым вымярэнні — найбуйнейшая у Еўропе канферэнцыя па правах чалавека і дэмакратыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства