viasna on patreon

Заява "Вясны" ў сувязі з пачаткам "спецыяльнай вытворчасці" і ўзмацненнем абвінавачванняў у дачыненні да калег

2022 2022-09-30T09:46:41+0300 2022-09-30T11:37:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/logo_viasna.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява Праваабарончага цэнтра "Вясна"

30 верасня 2022 г.

У верасні Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь зрабіў істотна больш жорсткім абвінавачванне траім змешчаным пад варту з 14 ліпеня 2021 года праваабаронцам: кіраўніку "Вясны" Алесю Бяляцкаму, сябру Рады "Вясны" і віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу, юрысту і каардынатару кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміру Лабковічу. У дачыненні да сябра "Вясны" Змітра Салаўёва, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі пад міжнароднай абаронай, распачалі так званую "спецыяльную вытворчасць", якая прадугледжвае правядзенне папярэдняга расследавання і суда ў адсутнасць абвінавачанага.

Абвінавачванні нашым калегам звязаныя з ажыццяўленнем праваабарончай дзейнасці, аказаннем Праваабарончым цэнтрам "Вясна" дапамогі ахвярам палітычна матываванага пераследу, і сталі вынікам пазбаўлення рэгістрацыі "Вясны" і адмовы ў яе паўторнай рэгістрацыі, якія двойчы расцэнены Камітэтам па правах чалавека ААН як парушэнне права на свабоду аб'яднанняў.

Мы з абурэннем адзначаем, што А. Бяляцкі, В. Стэфановіч, У. Лабковіч больш за год правялі ў зняволенні, без сустрэч і тэлефонных размоваў са сваімі сем'ямі паводле абвінавачвання ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, ад якога Следчы камітэт цяпер цалкам адмовіўся.

Таксама мы падкрэсліваем, што Зм. Салаўёў стаў ахвярай адвольнага затрымання і наступных катаванняў, а пасля — адвольнага зняволення, жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання, адмовы ў аказанні медыцынскай дапамогі ў сувязі з атрыманымі траўмамі ў лютым 2021 года, пасля чаго ён быў вымушаны пакінуць Беларусь, асцерагаючыся далейшага адвольнага пераследу і адмовы ў правасуддзі.

Чарговы напад на ПЦ "Вясна" з боку таталітарнага рэжыму адбываецца на фоне вынясення прысуду каардынатарцы Валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра "Вясна" Марфе Рабковай і валанцёру "Вясны" Андрэю Чапюку, якія асуджаны да 15 і 6 гадоў пазбаўлення волі адпаведна, а таксама зняволення ў папраўчай калоніі юрыста гомельскага аддзялення "Вясны" Леаніда Судаленкі. Пад адміністратыўным арыштам утрымоўваецца праваабаронца з Мазыра Уладзімір Целяпун, а таксама праваабаронца Наста Лойка, затрыманая пасля абвяшчэння прысуду па справе М. Рабковай і А. Чапюка.

У сувязі з гэтымі падзеямі Праваабарончы цэнтр "Вясна" ў чарговы раз заяўляе:

ПЦ "Вясна", ажыццяўляючы мірную дзейнасць па абароне правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі, гарантаваных як Канстытуцыяй краіны, гэтак і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, выступае катэгарычна супраць любога ціску і пераследу сябраў нашай арганізацыі і іншых праваабаронцаў за ажыццяўленне гэтай дзейнасці, расцэньваючы гэта як палітычна матываваны пераслед.

Мы заяўляем, што сапраўдным матывам пераследу нашых калег-праваабаронцаў з'яўляецца наша агульная з усёй праваабарончай супольнасцю Беларусі і міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі барацьба за правы чалавека і дэмакратычныя каштоўнасці, супраць катаванняў і забароненага абыходжання, а таксама нашы дзеянні ў абарону права на жыццё, свабоды выказвання меркаванняў і мірных сходаў.

Завочная вытворчасць па крымінальных справах канчаткова пазбаўляе абвінавачаных асноватворных правоў, якія адпавядаюць міжнародным абавязальніцтвам Беларусі, у тым ліку права на абарону, закладаючы падставы для вынясення несправядлівага прысуду.

Мы выказваем рашучы пратэст з нагоды працягу рэпрэсій у дачыненні да сябраў арганізацыі і супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі наогул і заяўляем, што не спынім сваёй праваабарончай дзейнасці.

Мы патрабуем неадкладна вызваліць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Марфу Рабкову, Леаніда Судаленку, Андрэя Чапюка, Уладзіміра Целяпуна і Насту Лойку, спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітвязняў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства