Палітзняволенаму Аляксандру Велясніцкаму прысудзілі 2,5 года калоніі па "справе Зельцэра"
26 верасня Брэсцкі абласны суд вынес рашэнне па справе экс-ваеннага Аляксандра Велясніцкага, якому прад'явілі абвінавачванні па арт. 130 КК (Распальванне варожасці).
Нагодай для затрымання стаў каментар, які нібыта Велясніцкі пакінуў у "экстрэмісцкім" тэлеграм-канале. Каментар быў такі: "Ліквідаваны член злачыннай групоўкі КДБ. Загінуў наш. Слава герою".
За кратамі Аляксандр Велясніцкі ажно з верасня мінулага года, суд над ім распачаўся 31 жніўня 2022 года.
Судовае пасяджэнне ўзначаліў суддзя Андрэй Васілюк, бок дзяржабвінавачання падтрымлівае Таццяна Цыбуля.
Падчас судоў Велясніцкі адмовіўся ад ранейшых паказанняў, паведаміў пра збіццё і пагрозы ў свой бок, а таксама выказаў здагадку, што хтосьці яго падставіў.
Палітвязень Аляксандр Велясніцкі, якога Лукашэнка пазбавіў ваеннага звання, распавёў пра катаванні пасля затрымання па "справе Зельцэра"
Нагадаем, 19 верасня 2022 года па ўказе Лукашэнкі воінскіх званняў пазбавілі больш за 80 былых вайскоўцаў. Сярод іх быў і экс-памежнік Велясніцкі, які ў жніўні-2020 асудзіў гвалт сілавікоў і публічна адмовіўся ад медаля "За бездакорную службу".
26 верасня Брэсцкі абласны суд прызнаў яго вінаватым па арт. 130 КК (Распальванне варожасці), прысудзіўшы 2,5 года папраўчай калоніі з адбыццём пакарання ва ўмовах агульнага рэжыму.
Прысуд не ўступіў у законную сілу, можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.
Вы можаце падтрымаць палітвязня лістамі салідарнасці. Адрас такі: СІЗА-7. 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх пагранічнікаў, 37. Аляксанду Велясніцкаму.