"Дзейнічаў з прамым намерам": дырэктара юрфірмы асудзілі да "хатняй хіміі" за ўдзел у Маршы
Стала вядома, што 31 жніўня палітвязня Арцёма Ламаносава асудзілі да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — "хатняй хіміі". Мужчыну вызвалілі ў залі суда. Прысуд вынес Міхаіл Макарэвіч. Ён прызнаў Ламаносава вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Арцём Ламаносаў — 34-гадовы дырэктар юрыдычнай фірмы. Яго затрымалі 26 чэрвеня 2022 года. У зняволенні ён правеў два месяцы.
Мужчыну прызналі вінаватым у тым, што ён "прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з яўным непадпарадкаваннем прадстаўнікам улады". Абвінавачанне было ўпэўненае, што сваімі дзеяннямі Арцём парушыў працу транспарта: пазоў "Мінсктранса" на суму 22 500 рублёў 66 капеек будзе разгледжаны асоба ў межах грамадзянскай вытворчасці.
Палітзняволены прызнаў віну і распавёў, што прымаў удзел у мерапрыемстве, у тым ліку, рухаўся па праезнай частцы.
Суд зрабіў выснову, што Ламаносаў "дзейнічаючы як псіхічна здаровы чалавек, асэнсоўваў грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў, звязаную з актыўным удзелам у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікам улады, прадбачыў магчымасць наступлення грамадска небяспечных наступстваў ад яго пазначанай незаконнай дзейнасці ў выглядзе парушэння працы транспарта". Абвінавачанне было ўпэўненае, што ён "жадаў іх наступлення, такім чынам, дзейнічаў з прамым намерам".