Пінчука асудзілі ў Мінску за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе
Праваабаронцам стаў вядомы яшчэ адзін прысуд па “народным артыкуле” – актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Суд Савецкага раёна Мінска асудзіў жыхара Пінска, які працаваў у сталіцы, Івана Валацко.
Судовы працэс вяла суддзя Вольга Емельянчанка.
Івана Валацко затрымалі 27 лютага 2022 года і на другі дзень прысудзілі 15 сутак арышту па арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы). Пасля адбыцця арышту на волю ён ўжо не выйшаў – яго апазналі па фотаздымках, як актыўнага ўдзельніка акцый пратэсту ў 2020 годзе.
Па матэрыялах абвінавачання, Іван Валацко, са жніўня па кастрычнік 2020 года, знаходзячыся на тэрыторыі горада Мінска неаднаразова прымаў актыўны ўдзел у несанкцыянаваных акцыях пратэсту, у тым ліку на вуліцах Леніна, Няміга, Куйбышава, праспектах Незалежнасці, Пераможцаў, каля Стэлы.
Пры гэтым, аказваючы відавочнае непадпарадкаванне законным патрабаванням прадстаўнікоў улады - супрацоўнікаў АУС, прымаў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак, прывялі да парушэнне працы грамадскага транспарту, ажыццявіў блакаванне руху транспарту з дапамогай перакрыцця праезнай часткі шляхам сумеснага выхаду з іншымі асобамі на палосы руху вуліцы Леніна і праспекта Пераможцаў.
У судзе Валацко прызнаў, што ў названыя даты ён знаходзіўся, у тым ліку, на праезнай частцы дарог, у выніку чаго блакаваў і заступаў шлях транспартным сродкам, што пацягнула парушэнне працы транспарту. Падчас знаходжання ў натоўпе людзей, ён выкрыкваў лозунгі, рабіў фатаграфіі, якія размяшчаў пазней на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы і таксама ажыццяўляў відэаздымку.
Па справе дзяржаўным абвінаваўцам у інтарэсах камунальнага транспартнага прадпрыемства “Мінсктранс” былі заяўленыя іскавыя патрабаванні аб спагнанні з абвінавачанага шкоды, у суме 97 415 рублёў 62 капеек. Абвінавачаны з прад'яўленым пазовам пагадзіўся, аднак паказаў, што спаганяемая сума грашовых сродкаў з'яўляецца занадта вялікай. Пазоў перададзены на разгляд у парадку грамадзянскай судавытворчасці.
Суд прызначыў 15 ліпеня Івану Валацко пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін тры гады.
Меру стрымання у выглядзе заключэння пад варту змяніць на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах, вызваліўшы яго з-пад варты ў зале суда.