viasna on patreon

"Быў рады, што расійскія войскі з'язджаюць": палітзняволенага Паўла Наздру асудзілі да двух гадоў калоніі за паведамленне "экстрэмісцкаму" тэлеграм-каналу пра перамяшчэнне расійскіх вайскоўцаў

2022 2022-09-19T17:41:12+0300 2022-09-19T17:45:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/nazdra_8.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Наздра

Павел Наздра

15 верасня Гомельскі абласны суд вынес рашэнне па справе Паўла Наздры, якому выставілі абвінавачванне паводле арт. 361-4 КК "Садзейнічанне экстрэмісцкаму фармаванню".

Справу разглядала Людміла Грынько.

Паўла затрымалі яшчэ 11 траўня, нібыта за перадачу фота расійскай вайсковай тэхнікі Telegram-каналу "Беларускі Гаюн". З тых часоў яго трымалі пад вартай.

Вядома, што Паўлу 46 гадоў. Ужо амаль 20 гадоў ён з'яўляецца актывістам.

Павел каардынаваў рух "Зялёны дазор" у Мазыры, які кантралюе выкананне прыродаахоўнага заканадаўства, фіксуе яго парушэнне і вырашае экалагічныя праблемы. Актывіст таксама з'яўляецца сузаснавальнікам незарэгістраванай партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя". Быў удзельнікам кампаніі супраць арэнды ракі Прыпяць і поймавых азёр у Мазырскім раёне ў 2017 годзе. Тады больш за 7000 людзей падпісалі петыцыю супраць аўкцыёну, які усё ж такі адбыўся паводле рашэння ўладаў. Таксама Павел ініцыяваў стварэнне таварыства "Зааабарона" і адкрыццё пункту часовага ўтрымання бяздомных жывёлаў у Мазыры. Праводзіў лакальныя акцыі "Зробім" па прыборцы зялёных зон ад смецця, да якіх прыцягваў не толькі неабыякавых грамадзян, але нават прадстаўнікоў органаў улады.

За сваю актыўную пазіцыю актывіст неаднаразова зазнаваў рэпрэсіі.

Так, напрыклад, за грамадска-палітычную дзейнасць яго звальнялі з Мазырскага педуніверсітэта, дзе ён працаваў электрыкам. Звальнялі Паўла і з Мазырскага райжылкамгаса. Там ён 5 гадоў прапрацаваў электраманцёрам, пасля чаго яго "прыбралі" з працы за чалецтва ў незалежным прафсаюзе РЭП.

На судзе Павел быў упэўнены ў сабе і выразна адстойваў сваю пазіцыю. Ні сведак, ні прадстаўнікоў пацярпелага боку на судовым пасяджэнні не было.

Суду Наздра растлумачыў, што асуджае вайну ва Украіне і калі ўбачыў, што расійская вайсковая тэхніка з'яжджае з Мазыра, падумаў, што расійскія войскі "ўцякаюць", таму што церпяць паражэнне на тэрыторыі Украіны. З гэтай нагоды, кажа, ён і пакінуў паведамленне ў тэлеграм-канале, дзе распісаў, якая колькасць расійскай вайсковай тэхнікі і ў якім кірунку рухаецца. Да свайго паведамлення Павел далучыў здымкі вайсковай тэхнікі.

Суду абвінавачаны растлумачыў, што з яго боку гэта было эмацыйным парывам, на што суддзя задала пытанне:

"А чаму вы перажывалі за Украіну і не баяліся за тое, што ўкраінскія войскі нападуць на нашу тэрыторыю?"

Павел растлумачыў, што да моманту, калі адправіў сваё паведамленне, факт таго, што з тэрыторыі Беларусі ва Украіну ляцяць ракеты, быў агульнавядомым, таму, з яго слоў, перажываў менавіта за Украіну.

"Ну добра, дапусцім, вы перажывалі за Украіну, думалі, што, пасля таго як войскі з'едуць з Мазыра, на тэрыторыю Украіны не паляціць нічога, што з Украіны да нас таксама нічога не прыляціць. А навошта вы пералічвалі вайсковую тэхніку і нават палявую кухню? Каго і пра што вы хацелі папярэдзіць?" — запытаў суддзя.

Павел патлумачыў гэта тым, што проста злічыў тэхніку. Тое, што паведамленне тэлеграм-каналу выслаў менавіта ён, актывіст не адмаўляў. Таксама Павел растлумачыў, што на момант, калі ён высылаў паведамленне, ён не ведаў, што "Беларускі Гаюн" прызнаны "экстрэмісцкім" каналам. Абвінавачаны прызнаў сваю віну і раскаяўся ў зробленым.

15 верасня Гомельскі абласны суд прызнаў Паўла Наздру вінаватым паводле арт. 361-4 КК "Садзейнічанне экстрэмісцкаму фармаванню", прызначыўшы яму два гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Як можна падтрымаць Паўла

Пакуль рашэнне суда не набыло законную сілу, Паўлу можна адправіць пасылку ці бандэрольку. Не блытайце з перадачамі, якія адносяць у СІЗА, — гэтага не варта рабіць, каб не перавысіць дазволены ліміт.

Але вы можаце адправіць грашовы перавод на Белпошце ці аформіць яго анлайн. Важнай падтрымкай будзе нават сімвалічная сума. Паўлу перададуць на подпіс апавяшчэнне, ён убачыць ваша імя і дазнаецца, што пра яго памятаюць. Для пераводу патрэбен пашпарт адпраўніка, а таксама звесткі Паўла. Вось яны: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, Паўлу Іванавічу Наздру.

Рэквізіты для пераводу праз інтэрнэт-банкінг: СІЗА-3, Гомель УНП: 490313877 код BIC: BAPBBY2X IBAN, BY31BAPB36429000005630000000

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства