У Гродне судзяць стаматолага-артапеда па дыфамацыйных артыкулах і за захаванне зброі
У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 19 верасня пачынаюць судзіць стаматолага-артапеда медыка-санітарнай часткі "Гродна Азот" Аляксандра Дураева. Доктара абвінавачваюць у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369), абразе і паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (ч. 1 арт. 368 і ч. 2 арт. 367), а таксама ў незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў (ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэкса).
Судовы працэс вядзе Віталь Лабоцкі.
Дураева затрымалі напачатку студзеня 2022 года. Утрымліваўся да суда ў гродзенскай турме № 1.
Як мінімум 8 сілавікоў уварваліся ў дом да стаматолага, паклалі яго тварам у падлогу. На пытанне, якое дачыненне ён мае да пратэснай дзейнасці, Аляксандр адказаў: "Абсалютна ніякага".
На відэа ператрусу дома Аляксандра на канале ГУБАЗіК паказалі пісталет, патроны і часопісы з аголенымі жанчынамі. Гродзенец растлумачыў, што патроны ён прывёз з Манголіі, яны ў яго захоўваюцца з 1990-га. Які закон ён парушыў часопісамі і чаму на іх звярнулі ўвагу, сілавікі не абгрунтавалі.
У пакаяльным відэа Аляксандр Дураеў сказаў, што яго затрымалі за абразу ў сацсетках службовых асоб і прэзідэнта.
У першы дзень судовага працэсу стала вядома, што Дураева абвінавачваюць і ў незаконных дзеяннях ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных (ч. 3 арт. 203-1 Крымінальнага кодэкса).
Будзе дапоўнена.