Былому актывісту Моладзі БНФ Арсенію Дзядку прысудзілі тры гады "хіміі" Дапоўнена
Суд Савецкага раёна Мінска 15 верасня вынес прысуд па крымінальнай справе былога актывіста Моладзі БНФ, палітзняволенага Арсенія Дзядка. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак альбо ўдзеле ў іх (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Судовы працэс вяла суддзя Марына Фёдарава.
Арсеній Дзядок — моладзевы актывіст, былы актывіст Моладзі БНФ быў затрыманы 20 красавіка 2022 года і да суда змешчаны ў СІЗА №1 Мінска.
На праўладных тэлеграм-каналах неўзабаве з’явілася “пакаяльнае відэа” з юнаком, дзе ён кажа, што нібыта “браў удзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 году”, а таксама “праходзіў рэгістрацыю ў чат-боце "План Перамога".
Арсеній Дзядок неаднаразова затрымліваўся, апошні раз яго схапілі пад час акцыі пратэсту ў Мінску 14 ліпеня 2020 года. А крыху раней, тады яшчэ 17-гадовы Арсеній, зазнаў пераслед з боку Камісіі па справах непаўналетніх за ўдзел у акцыях пратэсту.
Праўладныя тэлеграм каналы пішуць, што "10 жніўня 2020-га яшчэ непаўнагадовы Арсень удзельнічаў у вулічных акцыях, блакаваў праезную частку побач з вуліцамі Сурганава, Л. Бяды, выкрыкваў лозунгі... Прыкладна тое ж самае паўтарылася праз тыдзень. 16 жніўня 2020-га непаўнагадовы зноў на дарозе. Блакаваў рух у раёне праспекта Пераможцаў з 10 гадзін раніцы да васьмі вечара. 30 жніўня, з раніцы да ночы-тая ж гісторыя. У руках – бел-чырвонае палатно з «пагоняй». Наступныя факты аналагічных парушэнняў зафіксаваныя 6 верасня, 20-га…"
Сваю віну ў судзе Арсеній прызнаў.
Суд пастанавіў пакараць палітвязня абмежаваннем волі ва ўстанове адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.