viasna on patreon

У Мінску цэлую сям'ю асудзілі за ўдзел у Маршах. Іх знайшлі па фатаграфіях

2022 2022-09-13T12:41:04+0300 2022-09-13T14:52:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marsh_minsk_06.08.202015.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Ленінскага раёна Мінска 26 жніўня асудзіў цэлую сям'ю за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Суддзя Юлія Інчына асудзіла паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) мужа і жонку Алену і Андрэя Бармутаў, а таксама ягоную сястру Вольгу Рахубу да трох гадоў "хатняй хіміі" кожнага. Доказамі віны сталі перасланыя адно аднаму здымкі з Маршаў і перапіска пра гэта ў сацсетках. Да суда ўсе знаходзіліся на волі пад закладам.

Марш Адзінства, Мінск, 6 верасня 2020. Фота: spring96.org

Згодна з версіяй абвінавачвання, Алена і Андрэй Бармуты, а таксама ягоная сястра Вольга Рахуба, "дзейнічаючы сумесна паміж сабой і іншымі асобамі, у выкананне публічных заклікаў да актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія ставілі сваёй сапраўднай мэтай загадзя спланаванае ажыццяўленне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, цягнуць парушэнне працы транспарту, размешчаных у глабальным камп'ютарным сеціве інтэрнэт на розных інтэрнэт-рэсурсах, з'яўляючыся дакладна праінфармаванымі з розных крыніц пра планаванае правядзенне на тэрыторыі Мінска масавых мерапрыемстваў без падачы заяваў аб іх правядзенні з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, скіраванай, у тым ліку, на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве, узялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак".

Мужа і жонку Бармутаў абвінавацілі ў тым, што яны "ажыццявілі блакаванне руху транспарту пасродкам выйсця сумесна паміж сабой і з іншымі асобамі на палосы руху праезнай часткі, адмаўляліся яе пакінуць, у выніку чаго вышэйпаказаныя дзеянні пацягнулі парушэнне працы транспарту, якое выявілася ў спыненні транспарту на тэрыторыі Мінска" на трох Маршах, а сястру Андрэя Бармуты Вольгу Рахубу — у двух.

Андрэй Бармута віну прызнаў часткова і сказаў, што "не ведаў, што масавыя мерапрыемствы, ва ўдзеле ў якіх яго абвінавачваюць, з'яўляюцца несанкцыянаванымі". На судзе ён распавёў, што на Маршы трапляў выпадкова, на адным з іх і сустрэў сваю сястру. Паводле Андрэя, на праезную частку выходзілі, бо на тратуарах была вялікая колькасць людзей, супрацоўнікаў міліцыі ён там не бачыў. Сімволікі пры сабе не мелі, лозунгі не выкрыквалі, не здзяйснялі гучныя воплескі. Думаў, што рух транспарту наўмысна быў спынены.

Прызнала віну часткова, а таксама дала на судзе падобныя да мужавых паказанняў і Алена Бармута. Вольга Рахуба, якая працуе рэдактаркай, віну прызнала гэтаксама часткова. Расказала, што ведала пра "правядзенне несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў" і "з прычыны прафесійнай цікавасці" прыехала да месца правядзення Марша.

Фатаграфіям на сваіх тэлефонах, якія пазней ляглі ў аснову абвінавачвання, яны не надавалі моцнай увагі. Акрамя гэтага, доказам віны траіх абвінавачаных сталі перасланыя адно аднаму здымкі з Марша і перапіска ў сацсетках з абмеркаваннямі пратэснай акцыі.

Дзяржабвінаваўца ў інтарэсах КТУП "Мінсктранс" заявіў пазоў аб кампенсацыі маёмаснай шкоды, прычыненай злачынствам, у салідарным парадку з абвінавачаных у памеры 28 340 рублёў 31 капейка.

Да суда абвінавачаныя знаходзіліся на волі пад закладам у сумах 32 000 і 64 000 (больш за 12 600 і 25 300 даляраў) — пасля таго, як прысуд набыў сілу, грошы будуць вернутыя. Вядома, што Алена і Андрэй Бармуты маюць маленькіх і непаўнагадовых дзяцей. Дзеці ёсць і ў Вольгі Рахубы.

У выніку суддзя Інчына прызначыла Алене і Андрэю Бармутам, а таксама ягонай сястры Вользе Рахубе абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін тры гады.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства