viasna on patreon

Front Line Defenders асуджае рашэнне суда ў дачыненні да праваабаронцы Марыі Рабковай

2022 2022-09-10T14:13:50+0300 2022-09-10T14:55:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/frontlinedefenders_logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Front Line Defenders выступіў з заявай у падтрымку асуджанай на 15 гадоў калоніі беларускай праваабаронцы Марфы Рабковай.

6 верасня 2022 года Мінскі гарадскі суд асудзіў праваабаронцу Марыю Рабкову да 15 гадоў пазбаўлення волі і аштрафаваў яе на 22 400 беларускіх рублёў (блізу 8 800 еўраў). Суд прызнаў яе вінаватай у парушэнні дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусі. Судовае пасяджэнне было закрытае для публікі.

Марыя Рабкова – праваабаронца і каардынатарка Валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра "Вясна". Разам з валанцёрамі арганізацыі Марыя Рабкова ажыццяўляла назіранне за правядзеннем мірных сходаў, якія ўспыхнулі па ўсёй Беларусі 9 жніўня пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Яна таксама дакументавала сведчанні катаванняў і іншых відаў жорсткага абыходжання ў дачыненні да затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту. 6 верасня 2022 года Мінскі гарадскі суд асудзіў праваабаронцу Марыю Рабкову да 15 гадоў пазбаўлення волі. Суд прызнаў яе вінаватай у «арганізацыі масавых беспарадкаў» (ч. 1 арт. 293 КК), «падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках» (ч. 1 арт. 13 ч. 2 арт.  293 КК), «падрыхтоўцы іншых асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках» (ч. 3 арт. 293 КК), «стварэнні і кіраўніцтве злачыннай арганізацыяй» (ч. 1 арт. 285), «закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361 КК), «стварэнні экстрэмісцкай групы» (ч. 1 арт. 361-1), «узбуджэнні іншай сацыяльнай нянавісці групай асоб» (ч. 3 арт. 130 КК), «злосным хуліганстве» і «асабліва злосным хуліганстве» (ч. 2 і ч. 3  арт. 339 КК), «апаганенні збудаванняў і пашкоджанні маёмасці» (арт. 341 КК).

З моманту свайго арышту 17 верасня 2020 года Марыя Рабкова правяла амаль два поўныя гады ў папярэднім зняволенні з абмежаваным доступам да медыцынскай дапамогі. За час утрымання пад вартай стан здароўя Марыі Рабковай значна пагоршыўся. Яна некалькі разоў перахварэла на COVID-19 праз перапоўненасць следчых ізалятараў і адсутнасць санітарна-прафілактычных захадаў. Праваабаронца значна страціла ў вазе, адчувала праблемы з зубамі і два разы страціла прытомнасць. Улады неаднаразова адмаўлялі сваякам Марыі Рабковай у спатканнях, а яе перапіска была неаднаразова канфіскаваная.

З верасня 2020 года беларускія ўлады пераследуюць сябраў ПЦ «Вясна» за іх мірную праваабарончую дзейнасць. Праваабаронцы падвяргаюцца ператрусам, адвольным затрыманням па сфабрыкаваных абвінавачваннях і судовым пераследам. Па выніках больш чым 200 ператрусаў былі затрыманыя дзясяткі вядомых беларускіх праваабаронцаў, у тым ліку прадстаўнікі ПЦ «Вясна». Марыя Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца, Уладзімір Лабковіч, Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі застаюцца пад вартай.

Front Line Defenders асуджае рашэнне суда ў дачыненні да праваабаронцы Марыі Рабковай паколькі лічыць, што яе пераследуюць за мірную праваабарончую дзейнасць.

Front Line Defenders зноў заклікае ўлады Беларусі вызваліць Марыю Рабкову, гарантаваць ёй фізічную і псіхалагічную бяспеку і спыніць агульнанацыянальныя рэпрэсіі супраць праваабаронцаў за іх мірную і законную праваабарончую дзейнасць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства