viasna on patreon

"Лічу сябе чуллівым чалавекам, люблю дапамагаць": гамяльчук даслаў "экстрэмісцкаму" рэсурсу фота і відэа расійскай вайсковай тэхнікі — 3,5 года калоніі

2022 2022-09-08T17:33:17+0300 2022-09-09T10:47:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/aleg_hramyh.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алег Храмых

Алег Храмых

7 верасня Гомельскі абласны суд вынес рашэнне па справе палітвязня Алега Храмых, якому інкрымінуюць: ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК "Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".

Судовае пасяджэнне ўзначаліў Анатоль Сотнікаў.

Алегу Храмых 38 гадоў. Вядома, што да затрымання мужчына працаваў таксістам і валанцёрыў у некалькіх дабрачынных арганізацыях, у тым ліку ў "Чырвоным Крыжы".

У сакавіку гэтага года на вуліцы Ільіча ў Гомелі Алег убачыў расійскую вайсковую тэхніку, якая накіроўвалася ў бок цэнтра горада, зняў яе на відэа, а праз нейкі час даслаў фота, відэа, тэкставае апісанне таго, што адбываецца, характарыстыкі вайсковай тэхнікі і яе геалакацыю ў адзін з тэлеграм-каналаў, прызнаных на той момант "экстрэмісцкім".

Алег Храмых на судзе
Алег Храмых на судзе

Як стала вядома на судзе, вайсковую тэхніку мужчына здымаў з салона свайго аўто, а ўсяго даслаў у тэлеграм-канал не меней за 8 паведамленняў.

Свой учынак мужчына патлумачыў тым, што ў інтэрнэце ён убачыў банер, які заклікаў беларусаў выратаваць украінцаў, націснуў на яго і апынуўся ў тэлеграм-канале, пасля чаго даслаў у яго чат-бот вышэйапісаныя фота і відэа.

Суду Алег патлумачыў, што даслаць матэрыялы ў тэлеграм-канал ён вырашыў з той прычыны, што лічыць сябе чуллівым чалавекам і любіць дапамагаць іншым. У сваім учынку абвінавачаны раскаяўся, дадаўшы, што, высылаючы фота і відэа ён не разумеў, што такім чынам садзейнічае экстрэмісцкай дзейнасці.

7 верасня Гомельскі абласны суд прызнаў Алега Храмых вінаватым па ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4, прызначыўшы яму пакаранне ў выглядзе 3,5 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства