viasna on patreon

Дайджэст "Вясны": 16 палітвязняў у жніўні выйшлі на волю, большасць з іх — па заканчэнні тэрміну

2022 2022-09-06T17:29:47+0300 2022-09-07T11:17:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hancharenka.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі амаль штодзённа павялічваецца колькасць палітычных зняволеных, якіх утрымліваюць за кратамі ў нечалавечых умовах. На цяперашні момант у нашай краіне налічваецца 1 323 палітычныя зняволеныя. За час масавых рэпрэсій у Беларусі некаторыя асуджаныя па палітычна матываваных справах ужо адбылі тэрміны цалкам, а некаторым прызначаюць абмежаванне волі па крымінальных справах і вызваляюць пасля некалькіх месяцаў у следчых ізалятарах пасля суда. Па дадзеных «Вясны», у жніўні з месцаў зняволення выйшлі мінімум 16 палітвязняў, 11 з якіх — адбылі свае тэрміны. За што палітвязні адбывалі тэрміны і як яны апынуліся на волі — распавядае "Вясна".

11 палітвязняў у жніўні цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю 

Першы фотаздымак Аляксандра Захарэвіча на волі
Першы фотаздымак Аляксандра Захарэвіча на волі

Палітзняволены Аляксандр Захарэвіч цалкам адбыў тэрмін у шклоўскай калоніі

Аляксандр Захарэвіч быў затрыманы 1 лістапада 2020 года падчас мірнай акцыі пратэста і асуджаны на 9 сутак адміністрацыйнага арышту. Пасля іх адбыцця, быў перазатрыманы і абвінавачаны паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса — "Гвалт у дачыненні да супрацоўніка органа ўнутраных спраў" за тое, што наступіў на нагу супрацоўніка ДАІ, калі ўцякаў ад супрацоўнікаў міліцыі. Сваёй віны ў судзе ён не прызнаў, але быў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі.

Ён цалкам адбыў пакаранне і 27 жніўня вызваліўся са шклоўскай ПК-17.

Палітвязень Уладзімір Кацюбка цалкам адбыў тэрмін

Жыхар Брэста Уладзімір Кацюбка быў асуджаны 18 траўня 2021 года на 1,5 года калоніі за ўдзел у вывешванні лялькі-пудзіла з надпісам "Амап". Яго дзеянні былі расцэненыя як злоснае хуліганства. Пакаранне палітвязень адбываў у папраўчай калоніі № 22.

18 жніўня Уладзімір Кацюбка выйшаў з папраўчай калоніі.

На волю выйшаў палітвязень, асуджаны па «чыгуначнай справе»

Віктар Іванцоў — жыхар Баранавічаў, абвінавачаны паводле арт. 309 Крымінальнага кодэксу(Наўмыснае прывядзенне ў нягоднасць шляхоў злучэння). Фігуранты справы праводзілі па дзве спробы заблакаваць рух чыгуначнага транспарту. Некаторыя скончыліся няўдачай, а ў двух выпадках блакаванне спрацавала: у выніку быў парушаны рух цягнікоў. Іванцоў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Вядома, што адміністрацыя калоніі № 1 рэгулярна змяшчала палітвязня ў ШІЗА і ПКТ.

Віктар цалкам адбыў тэрмін і 24 жніўня выйшаў на волю.

Палітвязень Андрэй Караленя выйшаў на волю ў свой Дзень народзінаў

29 гадовы Андрэй Караленя 27 жніўня, у свой Дзень народзінаў, выйшаў на волю з бабруйскай калоніі № 2. Ён цалкам адбыў тэрмін.

Караленю 16 кастрычніка 2020 года асудзілі да 2 гадоў калоніі за супраціў міліцыі пры затрыманні (арт. 363 КК). 7 жніўня 2020 года ён ехаў на ровары, крыху ззаду ад калоны ўдзельнікаў пратэснага велапрабегу. Паводле следства, ён парушыў ПДР (ч.1. 18.23 КаАП Беларусі), бо на яго транспарце не было люстэрка задняга віду і гукавога сігналу, а гэта парушэнне пункта 200 ПДР. Супрацоўнікі ДАІ запатрабавалі раварыста спыніцца, але ён не адрэагаваў, аб'ехаў міліцыянта і паехаў наперад, спрабуючы схавацца. Міліцыянты пачалі яго затрымліваць, але Андрэй упіраўся, спрабаваў вырвацца, змагаўся з імі.

Палітвязень Сяргей Велікароднаў выйшаў на волю з магілёўскай калоніі

Жыхар Лагойску Сяргей Велікароднаў 22 траўня 2021 года быў асуджаны да аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле крымінальнай справы за абразу Лукашэнкі(арт. 368 Крымінальнага кодэксу). Свой тэрмін палітвязень адбываў у папраўчай калоніі № 15 у Магілёве. 8 жніўня Сяргей выйшаў на волю.

Палітвязень Андрэй Цімафеенка скончыў адбываць тэрмін

48-гадовы Андрэй Цімафеенка — жыхар Віцебска, якога абвінавацілі ў гвалце ў дачыненні да супрацоўніка МУС падчас «Маршу адзінства». Паводле версіі абвінавачання, 6 верасня 2020 года ў Віцебску Цімафеенка ўзяў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным вулічным шэсці. Сваімі дзеяннямі ён перашкаджаў дзейнасці начальніка аддзялення ўнутраных войскаў Вераб’ёва і намагаўся справакаваць яго на выкарыстанне фізічнай сілы.

Акрамя таго, паводле пракуратуры, дзеянні Цімафеенкі «пацягнулі за сабой прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам у выглядзе падрыву аўтарытэту і гонару праваахоўных органаў…». У снежні 2020 года суд прызначыў палітвязню два гады калоніі. Тэрмін Андрэй адбываў папраўчай калоніі № 22 (Воўчыя норы).

21 жніўня палітвязень цалкам адбыў тэрмін.

18-гадовы палітвязень Данііл Калеснікаў выйшаў на волю з выхаваўчай калоніі

kalesnikavy_pltz.jpg
Данііл Калеснікаў

Падставай для ўзбуджэння справы супраць хлопца стала тое, што ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года Данііл разам з бацькам Віталём пайшлі ў цэнтр горада на плошчу. Яны стаялі там разам у счэпцы ў першым шэрагу, разам з іншымі асобамі выкрыквалі лозунгі.

У выніку, 17-гадоваму хлопцу прысудзілі 1 год і 3 месяцы калоніі. Свой тэрмін ён адбываў у бабруйскай калоніі.

Экс-следчы Аляксей Зікееў — на волі

27 жніўня на волю выйшаў палітвязень Аляксей Зікееў. Ён цалкам адбыў свой тэрмін у папраўчай калоніі № 3.

Зікееў да затрымання працаваў дырэктарам. Таксама ён былы старэйшы следчы, а падчас выбарчай кампаніі 2020 года быў у камандзе Валерыя Цапкалы.

Нагадаем, Аляксея затрымалі 2 чэрвеня 2021 года. Па месцы яго працы і ў кватэры прайшлі вобшукі. На працы была вынята тэхніка. Спачатку яго арыштавалі на 15 сутак за «непадпарадкаванне міліцыянту», а потым перазатрымалі па крымінальнай справе за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. 29 кастрычніка 2021 года ў судзе Заводскага раёна яго прызналі вінаватым паводле арт. 342 КК і прысудзілі 1,5 года калоніі.

Палітвязень Ілля Сілянкоў цалкам адбыў свой тэрмін і выйшаў на волю

Студэнта чацвёртага курса Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэту асудзілі да 1,5 гадоў «хіміі» за абразу Лукашэнкі — хлопец 13 жніўня 2020 года расклеіў і раскідаў не менш за 17 улётак з выявай Лукашэнкі і надпісамі пра яго, якія «прынізілі яго гонар і годнасць».

Ілля адбываў тэрмін у папраўчай установе адкрытага тыпу №9.

Жыхарка Маладзечна Вольга Чарняк выйшла з гомельскай жаночай калоніі

Вольга Чарняк была асуджана да 1 года пазбаўлення волі за ўдзел у акцыі пратэсту ў Мінску 9 жніўня 2020 года па арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак). Вольга цалкам адбыла тэрмін і 20 жніўня 2022 выйшла на волю з ПК № 4.

Палітвязень Сяргей Розум выйшаў на волю, адбыўшы тэрмін

Сяргей Розум — жыхар Мар’інай Горкі, фігурант крымінальнай «рэйкавай справы». Згодна з абвінавачваннем, Сяргей 14 снежня 2020 года, знаходзячыся на чыгуначных шляхах у раёне сёмага пікету 436 кіламетра, размешчанага паблізу пасёлка Мар'іна Пухавіцкага раёна,наўмысна прымацаваў металічны дрот паміж дзвюма чыгуначнымі рэйкамі праз абмотванне яго вакол рэек. У выніку яго дзеянняў каля 23.20 гадзін адбылося замыканне рэйкавага ланцугу названага ўчастка, на нявызначаны тэрмін быў пададзены ілжывы сігнал па занятасці ўчастка чыгуначнага шляху, што абмяжоўвала на яго ўезд пры яго фактычна свабодным стане. 

28 красавіка суд Пухавіцкага раёна асудзіў яго па ч. 1 арт. 309 КК (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатны для эксплуатацыі стан сродкаў чыгуначнага транспарту) да двух гадоў калоніі.

31 жніўня палітвязень скончыў адбываць тэрмін у шклоўскай калоніі № 17 і выйшаў на волю.

Чатырох палітвязняў вызвалілі ў залі суда пасля абвяшчэння прысуду 

Наталля Ганчарэнка пасля суда
Наталля Ганчарэнка пасля суда

Пасля прысудаў па крымінальных справах мінімум чатыры палітзняволеных (дадзеныя могуць быць няпоўныя, бо не ўсе вынікі судоў над палітвязнямі пакуль вядомыя праваабаронцам) выйшлі на волю са следчых ізалятараў. Яны будуць знаходзіцца на волі да накіравання іх у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу:

З палітвязня Юрыя Грыгера знялі абвінавачванні і адпусцілі ў залі суда 

У судзе Ленінскага раёна Гродна 3 жніўня разглядзелі справу 59-гадовага музыкі гуртоў «Контур» і «Hard Blues Shot», а таксама ўладальніка крамы «Шоўтайм» Юрыя Грыгера. Яго абвінавачвалі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса «Абраза прадстаўніка ўлады» за пост у Facebook, які мужчына напісаў у 2020 годзе.

Суддзя Руслан Гурын зняў з палітвязня ўсе абвінавачанні. Музыку вызвалілі з-пад варты ў залі суда.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства