Яшчэ адзін прысуд па "справе Зельцэра": два з паловай гады калоніі і вялікі штраф
Мінскі гарадскі суд 11 жніўня вынес прысуд Віталю Рогачу. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342), распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (ч. 1 арт. 130) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядала суддзя Валянціна Зянькевіч.
Палітзняволенага Віталя Рогача затрымалі яшчэ 29 верасня 2021 года і да суда змясцілі ў следчую турму № 8 ў Жодзіна.
Першапачаткова, 30-гадоваму мужчыну ставілася ў віну толькі тое, што ён адзін з першых, 29 верасня 2021 года, у сетцы Instagram пакінуў каментар пад пастом пра навіны пра загінулага супрацоўніка КДБ: "Бандыту зямля будзе бетонам".
Неўзабаве з’явілася "пакаяльнае" відэа, дзе Рогача прымусілі прызнацца ў злачынстве і раскаяцца на камеру. Таксама мужчыну прымусілі сказаць, што ён з’яўляецца прыхільнікам ЛГБТ-супольнасці і абяцае выправіцца.
У ходзе следства, якое доўжылася 11 месяцаў, следчыя прад’явілі дадатковыя абвінавачанні ў абразе прадстаўніка ўлады і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме.
Суд прызнаў Рогача вінаватым па ўсіх прад'яўленых абвінавачаннях і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму, а таксама штрафу ў памеры 200 базавых велічынь.