viasna on patreon

Справу “Атрадаў грамадзянскай самаабароны” перадалі ў Генпракуратуру для накіравання ў суд

2022 2022-08-28T14:39:57+0300 2022-08-29T11:47:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kdb-rb-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Следчае упраўленне КДБ напрыканцы мінулага тыдня перадала ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь для накіравання ў суд крымінальную справу ў дачыненні да ўдзельнікаў арганізацыі "Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі" (АГСБ), створанай нібыта для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці.

Год таму Аляксандр Лукашэнка паведаміў пра шэраг тэрактаў, якія нібыта прадухілілі беларускія сілавікі: маўляў, планаваўся замах на Азаронка, дыверсія ў лясгасе і выбух на расійскім ваенным вузле сувязі пад Вілейкай. Дзяржаўныя СМІ пазней паказалі кадры затрымання некаторых людзей, усе яны нібыта з чатаў так званых «Атрадаў грамадзянскай самаабароны».

Неўзабаве, 18 жніўня 2021 года, Вярхоўны суд прызнаў арганізацыю «Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі» тэрарыстычнай, а яе дзейнасць у Беларусі забароненай.

Усяго па справе АГСБ было затрымана больш за 10 чалавек. Некаторыя ўдзельнікі чатаў АГСБ паспелі з'ехаць з краіны.

У Генпракуратуру Беларусі перададзеныя справы па абвінавачанні:

Наталлі Мацвеевай ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 2 арт. 290-4, ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 289, ч. 2 арт. 295-3 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь;

Вадзіма Гулевіча ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 2 арт. 290-4, ч. 2 арт. 289, ч. 1 арт. 290-2, ч. 1 арт. 13 і арт. 290-3, ч. 4 арт. 295 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь;

Кірыла Ашурка ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 2 арт. 290-4, ч. 6 арт. 16 і ч. 2 арт. 289 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь;

Аляксея Глотава ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 2 арт. 290-4, ч. 2 арт. 289, ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 359, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 295, ч. 4 арт. 295 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь;

Дзмітрыя Сасноўскага ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт.361-1, ч. 2 арт. 290-4, ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 359, ч. 6 арт. 16, ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 295, ч. 1 арт. 14 і ч. 4 арт. 295, ч. 3 арт. 361, ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Артыкулы, якія фігуруюць у крымінальнай справе:

ч. 2 арт. 290-4 – Удзел у арганізацыі, створанай для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці. Караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад сямі да дзесяці гадоў пазбаўлення волі са штрафам;

ч. 1 арт. 290-2 – Садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасці;

арт. 290-3 –Праходжанне навучання ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад шасці да дзесяці гадоў са штрафам або без штрафу.

ч. 2 арт. 289 –  Акт тэрарызму, учынены паўторна, або групай асоб па папярэдняй змове, альбо асобай, якая раней учыніла злачынствы… Караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да дваццаці гадоў;

ч. 2 арт. 295 – Незаконныя выраб або збыт паляўнічай агнястрэльнай гладкаствольнай зброі, яго складовых частак, кампанентаў або боепрыпасаў да яго – караюцца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў;

ч. 1 арт. 359 – Гвалт у дачыненні да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча, захоп ці ўтрыманне яго ў якасці закладніка, выкраданне ці пазбаўленне яго волі, учыненыя ў сувязі з яго дзяржаўнай ці грамадскай дзейнасцю ў мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, або перашкоды палітычнай ці іншай грамадскай дзейнасці, або запалохвання насельніцтва, або дэстабілізацыі грамадскага парадку, – караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да пятнаццаці гадоў;

ч. 3 арт. 361 – Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу караюцца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў;

ч. 1 арт. 130 – Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці, – караюцца штрафам, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

Многія лічаць, што «Атрады грамадзянскай самаабароны» — правакацыйны канал, кантраляваны спецслужбамі Беларусі, альбо кантроль над ім быў перахоплены сілавікамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства