viasna on patreon

Заява аб прызнанні пяці чалавек палітычнымі зняволенымі

2022 2022-08-26T17:18:49+0300 2022-08-26T17:18:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/milicia_illustr_photo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі.

26 жніўня 2022 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем, што ўлады злоўжываюць магчымасцямі крымінальнага заканадаўства і прымяняюць да пратэстоўцаў празмерна жорсткія меры адказнасці, звязаныя са зняволеннем на працяглы тэрмін за здзяйсненне дзеянняў, якія не пацягнулі цяжкіх наступстваў. У прыватнасці, кваліфікацыя дзеянняў пратэстоўцаў як тэрарызму заведама не адпавядае таму, што на думку міжнародных арганізацый павінна ўкладвацца ў гэта паняцце.

У адпаведнасці з рэзалюцыяй 1566 (2004) 2004 Савета Бяспекі, дзеянні, якія павінны прадухіляцца і карацца незалежна ад таго, ці апраўдваюцца яны меркаваннямі палітычнага, філасофскага, ідэалагічнага, расавага, этнічнага, рэлігійнага ці іншага падобнага характару, маюць наступныя тры характарыстыкі:

  • здзяйсняюцца, у тым ліку супраць грамадзянскіх асобаў, з намерам прычыніць смерць ці сур'ёзную шкоду здароўю ці захапіць закладнікаў;
  • здзяйсняюцца з мэтай выклікаць стан страху ў шырокай грамадскасці, ці групы людзей, ці асобных асобаў, запалохаць насельніцтва ці прымусіць урад ці міжнародную арганізацыю здзейсніць якое-небудзь дзеянне ці ўстрымацца ад яго здзяйснення;
  • уяўляюць сабою злачынствы па сэнсе міжнародных канвенцый і пратаколаў, якія тычацца тэрарызму.

Мы ўпэўнены, што ў адсутнасць гэтых прыкмет супрацьпраўныя дзеянні не маюць сапраўды тэрарыстычнага характару і павінны кваліфікавацца як злачынствы супраць маёмасці з ужываннем санкцый, якія адпавядаюць цяжкасці і грамадскай небяспецы зробленага.

Разгляд палітычна матываваных крымінальных спраў у закрытым судовым пасяджэнні груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і зводзіць да мінімальнай ацэнку праўдзівасці, дастатковасці і дапушчальнасці якіх бы там ні было доказаў абвінавачвання.

Нам вядома пра асуджэнне ў закрытым судовым пасяджэнні:

  • Канстанціна Ермаловіча да 16 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  • Віталя Мінкевіча да 15 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  • Ігара Казлова да 14 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі паводле абвінавачвання ў стварэнні арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці ці ўдзелу ў ёй (ч. 2 арт. 290-4 КК), акце тэрарызму (ч. 2 арт. 289 КК) за падпал драўлянага падстрэшка на стрэльбішчы вайсковай часткі ўнутраных войскаў, пагрозе здзяйснення акту тэрарызму (ч. 2 арт. 290 КК) за ўсталёўку муляжоў мін на рэйках чыгуначных шляхоў і каля кіёска “Табакерка”, абразе А. Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК).

Таксама нам вядома пра асуджэнне

  • Паўла Нікіценкі у закрытым судовым пасяджэнні да 4 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі паводле ч. 3 арт. 203-1 КК (парушэнне таямніцы перапіскі, тэлефонных перамоваў, тэлеграфных ці іншых паведамленняў), ч. 3 арт. 293 КК (навучанне і іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках), арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 361-1 КК (кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем), арт. 368 КК (абраза А. Лукашэнкі) і арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады);
  • Сяргея Кірыковіча да 4 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі за абразу і пагрозы ў дачыненні да А. Лукашэнкі, каментары ў дачыненні да расійскіх вайскоўцаў паводле ч. 2 арт. 366 КК (гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы, які выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, што выконвае грамадскі абавязак), ч. 1 арт. 368 КК (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і ч. 1 арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы).

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных. Судовыя рашэнні прынятыя з палітычных матываў у парушэнне асноватворных прынцыпаў справядлівага правасуддзя.

У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных быў вынікам сістэматычных, шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  • a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  • d) асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем аб прызнанні палітычнымі зняволенымі Канстанціна Ермаловіча, Віталя Мінкевіча, Ігара Казлова, Паўла Нікіценкі і Сяргея Кірыковіча. У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець вынесеныя ў дачыненні да згаданых палітвязняў прысуды пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, від і памер пакарання;
  • вызваліць згаданых палітзняволеных, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў, пераглядзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства