viasna on patreon

Заява праваабаронцаў аб прызнанні 17 чалавек палітычнымі зняволенымі

2022 2022-08-12T09:51:13+0300 2022-08-17T11:07:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/difamacija_ill.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

12 жніўня 2022 г.

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў  чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу А. Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржавы і дзяржаўных сімвалаў:

  1. Васіль Чых, асуджаны па арт. 369-1 КК "Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь" да 1 году і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;
  2. Наталля Леановіч, асуджана па ч. 1 арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  3. Віктар Хлябец, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  4. Юрый Голік, асуджаны па ч. 2 арт. 367 КК за паклёп на А. Лукашэнку да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  5. Уладзіслаў Плюшчаў, асуджаны па арт. 188 і 369 КК за паклёп і абразу прадстаўніка ўлады да двух 2 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  6. Валерый Кліменчанка, асуджаны па ч. 1 арт. 130 КК за распальванне сацыяльнай варожасці па “справе Зельцара” да 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  7. Іван Янчанка, асуджаны па ч. 1 арт. 130 КК за распальванне сацыяльнай варожасці па “справе Зельцара” да 3 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  8. Наталля Таран, асуджана па ч. 1 арт. 368, ч. 2 арт. 367 і арт. 369 за абразу, паклёп у дачыненні да А. Лукашэнкі і абразу прадстаўніка ўлады да трох гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  9. Віктар Несцераў, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да аднаго года і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  10. Валерый Елісееў, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да аднаго года і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  11. Віталь Прадыбайлаў, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да аднаго года і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  12. Кірыл Давідзюк, узяты пад варту па арт. 370 за знявагу дзяржаўных сімвалаў;
  13. Сяргей Кірэенка, узяты пад варту па арт. 130 ч. 1, 369 КК па “справе Зельцара”;
  14. Дзмітрый Рыбак, узяты пад варту па арт. 368, 369 КК за абразу А. Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады;
  15. Алег Чычыкайла, асуджаны па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі;
  16. Віталь Янчанка, узяты пад варту за збор і перадачу тэлеграм-каналу інфармацыі аб недахопах у працы сацыяльных аб'ектаў, а таксама ажыццяўляў фота і відэа фіксацыю перамяшчэння ваеннай тэхнікі ў Гомельскай вобласці, якую перадаваў «экстрэмісцкім» каналам;
  17. Андрэй Славашэвіч, асуджаны па арт. 367 КК за паклёп на А. Лукашэнку да двух гадоў калоніі.

У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць палітвязняў Васіля Чыха, Наталлю Леановіч, Віктара Хлябца, Юрыя Голіка, Уладзіслава Плюшчова, Валерыя Кліменчанку, Івана Янчанку, Наталлю Таран, Віктара Несцерава, Валерыя Елісеева, Віталя Прадыбайлава, Кірыла Давідзюка, Сяргея Кірэенку, Дзмітрыя Рыбака, Алега Чычыкайлу, Віталя Янчанку, Андрэя Славашэвіча і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
  2. Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  3. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Lawtrend;

Прававая ініцыятыва;

Беларускі ПЭН;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Human Constanta;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства