viasna on patreon

Чарговай абвінавачанай па "справе Зельцэра" прысудзілі 2,5 гады калоніі

2022 2022-08-11T16:19:05+0300 2022-08-11T16:38:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/minskiysud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

10 жніўня Мінскі гарадскі суд разглядзеў справу палітзняволенай Алены Несцяровіч, якую абвінавачваюць у здзяйсненні злачынстваў па ч. 1 арт. 130 "Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы" і арт. 369 "Абраза прадстаўніка ўлады".

Алена Несцяровіч
Алена Несцяровіч

Абвінавачанай 42 гады. Вядома, што Алену затрымалі ў межах крымінальнай справы, узбуджанай за каментары ў сацсетках аб гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і айцішніка Андрэя Зельцэра.

Справу Алены Несцяровіч разглядала суддзя Вера Галаўкова, якая выносіла палітычна матываваныя прысуды і да 2020-га года. Да прыкладу, яшчэ ў 2018-м яна ж за працу без акрэдытацыі па арт 22.9 ч. 2 КаАП ("Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ") аштрафавала журналістку "Белсата" Кацярыну Андрэеву. Яна ж праз два месяцы пасля затрымання прызначыла акцёру-купалаўцу Паўлу Харланчуку штраф.

10 жніўня Галаўкова прызнала Алену Несцяровіч вінаватай у здзяйсненні злачынстваў па ч. 1 арт. 130 "Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы" і арт. 369 "Абраза прадстаўніка ўлады", прызначыўшы ёй у якасці пакарання 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.

Суддзя Вера Галаўкова
Суддзя Вера Галаўкова

Нагадаем, трагедыя на вуліцы Якубоўскага ў Мінску здарылася 28 верасня 2021 года. Невядомых у цывільным, якія ламаліся ў дзверы, айцішнік Андрэй Зельцэр сустрэў з паляўнічай стрэльбай і стрэліў, калі тыя ўварваліся ў кватэру. Гэта былі супрацоўнікі КДБ. Зельцэр трапіў у аднаго з іх, Дзмітрыя Федасюка, які неўзабаве памёр. Сам Зельцэр быў застрэлены агнём у адказ.

Пасля гэтага ў краіне адбылася хваля затрыманняў тых, хто, на думку ўладаў, няправільна выказваўся аб гэтай сітуацыі ў сацыяльных сетках. Прыцягнуць іх да адказнасці запатрабаваў асабіста Лукашэнка. Па дадзеных праваабаронцаў, усяго было затрымана больш за 200 чалавек, 136 з іх заключаныя пад варту. Сілавікі таксама паведамлялі пра затрыманне больш за 200 чалавек. Супраць іх былі распачатыя крымінальныя справы паводле артыкулаў арт. 130 КК і арт. 369 КК.

Некалькі дзён таму, 3 жніўня, начальнік Галоўнага ўпраўлення Следчага камітэта Шышко паведаміў, што ў суд перададзена ўжо 57 крымінальных спраў супраць беларусаў, якія пакінулі негатыўныя каментары пра Федасюка. Частка крымінальных спраў яшчэ знаходзіцца ў вытворчасці. Прадстаўнік СК запэўніў, што сілавікі ўжо вылічылі "абсалютна ўсіх" людзей, якія пакідалі такія каментары. Ён падкрэсліў, што тэхнічныя магчымасці сілавікоў значна выраслі, і яны могуць выявіць, "хто і што рабіў у сетцы".

Вы можаце падтрымаць палітзняволеную лістамі салідарнасці. Адрас такі: Следчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А. Алене Анатольеўне Несцяровіч

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства