У Мінску распачаўся першы суд па справе антываеннага "рэйкавага партызана"
У Мінскім раённым судзе 11 жніўня распачаўся разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенага "рэйкавага партызана" Сяргея Глебкі. Ён быў затрыманы ў ноч з 1 на 2 сакавіка ў Стоўбцах разам з жонкай за падпал бярвення з мэтай перашкоды руху цягнікоў з тэхнікай і боепрыпасамі расейскіх войскаў. Цяпер палітвязня абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 289 КК (акт тэрарызму) і ч. 4 арт. 309 КК (наўмыснае прывядзенне чыгуначных шляхоў зносін у непрыдатны для эксплуатацыі стан у мэтах учынення акту тэрарызму). Яму пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі. Справу разглядае суддзя Антон Колабаў. Пакуль пасяджэнне абвешчана адкрытым.
Згодна з матэрыяламі справы Глебка ў сакавіку 2022 года ў Стоўбцах "у мэтах дэстабілізацыі нармальнай працы чыгуначнага транспарту распаліў вогнішча на галоўным шляху непасрэдна перад праездам пасажырскага цягніка". Лакаматыўная брыгада не паспела своечасова прымяніць экстранае тармажэнне і цягнік праехаў над агнём. Машыніст грузавога чыгуначнага саставу з вуглём, які ехаў праз некаторы час, паспеў спыніць цягнік перад месцам узгарання дзякуючы папярэджанню дыспетчарскай службы Беларускай чыгункі.
Як сцвярджае абвінавачванне, дзеянні Глебкі "стварылі рэальную пагрозу надыходу цяжкіх наступстваў у выглядзе аварыі, пашкоджанні рухомага складу, гібелі альбо траўміравання людзей".
"Абвінавачаны здзейсніў злачынства пад уплывам дэструктыўных Telegram-каналаў і навінавых сайтаў, каб аказаць уздзеянне на рашэнні, якія прымаюцца органамі ўлады Беларусі".
На "пакаяльным відэа" пасля затрымання бачна, што Сяргей збіты.
"Паклаў два палены на шляхі, так як нагледзеўся тэлеграм-каналаў і быў не згодны, хацеў як бы выказаць сваю падтрымку і падпаліў гэтыя палены", — казаў мужчына на відэа.
Крымінальная справа супраць палітвязня знаходзілася ў вытворчасці Галоўнага ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі цэнтральнага апарата Следчага камітэта. У Мінскі раённы суд 15 ліпеня справу перадала Генеральная пракуратура.
Глебка знаходзіцца пад вартай чатыры месяцы. За гэты час следчыя паспелі расследаваць справу. 7 ліпеня КДБ унёс Сяргея Глебку ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.
Падтрымаць палітвязня можна па адрасе:
СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2,
Сяргей Сяргеевіч Глебка