Жыхара Маладэчна асудзілі на паўтара года калоніі за каментар па "справе Зельцэра"
Мінскі абласны суд 1 жніўня вынес яшчэ адзін прысуд за распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы за каментары па “справе Зельцэра” (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса). Судзілі жыхара Маладэчна Валерыя Кліменчанку.
Справу разглядала суддзя Вікторыя Паляшчук.
Валерый Кліменчанка займаецца відэаздымкай, ён вядомы ў рэгіёне даследчык гісторыі і краязнаўца.
Па матэрыялах абвінавачання Валерый Кліменчанка 29 верасня 2021 года размясціў у сацыяльнай сетцы Instagram выказванні пабуджальнага характару, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, дзяржслужачых і прадстаўнікоў улады.
З улікам пазіцыі дзяржаўнага абвінаваўцы Мінскі абласны суд прызнаў мужчыну вінаватым, прызначыўшы па ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год 6 месяцаў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Жыхара Маладэчна затрымалі па абвінавачанні ў распальванні варожасці