viasna on patreon

У Бабруйску перанеслі прысуд групе жыхароў, абвінавачаных у тэрарызме

2022 2022-08-02T09:19:00+0300 2022-08-02T11:43:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/babruisk-pudzila-22.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Бабруйскага раёна і Бабруйска 2 жніўня павінны былі быць абвешчаныя прысуды Ігару Казлову, Канстанціну Ермаловічу, Віталю Мінкевічу, Наталлі Кед і Надзеі Полькінай. Аднак па невядомай прычыне судовае пасяджэнне перанеслі. Фігурантаў справы абвінавачваюць у стварэнні арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй (ч. 2 арт.  290-4 Крымінальнага кодэкса); акце тэрарызму (ч. 2 арт. 289 Крымінальнага кодэкса); пагрозе здзяйснення акта тэрарызму; (ч. 2 арт. 290 Крымінальнага кодэкса) і абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса).

Судовы працэс вядзе ў закрытым рэжыме суддзя Наталля Агладкова.

Улетку і восенню 2021 года, па інфармацыі УУС Магілёўскага аблвыканкама, каля чыгуначнай станцыі Мірадзіна быў знойдзены прадмет, падобны на выбуховае прыстасаванне. Падобныя прадметы былі знойдзеныя работнікамі чыгункі 24 і 31 жніўня паміж рэйкамі каля чыгуначнай станцый Цітоўка і Бабіна, а таксама 16 верасня прадаўцом "Табакеркі" каля самага гандлёвага кіёска ў Бабруйску.

Таксама сілавікі палічылі тэрактам падпал стралковага ціра, які належыць вайсковай частцы 5527 (Бабруйск).

 

Канстанцін Ермаловіч, Віталь Мінкевіч, Ігар Казлоў былі затрыманыя 26 верасня 2021 года, да суда іх утрымлівалі ў СІЗА-5.

Што вядома пра абвінавачаных?

"Новы Час" сабраў інфармацыю пра абвінавачаных бабруйчан.

  • Канстанцін Ермаловіч нарадзіўся ў Літве ў 1991 годзе, але пражывае ў Бабруйску, унесены ў спіс «тэрарыстаў».
  • Віталь Мінкевіч нарадзіўся ў 1994 годзе. Вядома, што Віталь працаваў у абутковай краме ў Бабруйску. Хлопец таксама ўнесены ў спіс «тэрарыстаў».
  • Ігар Казлоў нарадзіўся ў 1975 годзе, працаваў на «Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў», унесены ў спіс «тэрарыстаў».
  • Наталля Кед нарадзілася ў расійскім Арзамасе, але з'яўляецца грамадзянкай Беларусі, пражывае ў Бабруйску. Афіцыйна не была працаўладкавана, таму апошняе месца працы невядома.
  • Надзея Полькіна — працаўніца «Бабруйсктрыкатажу», жыхарка Бабруйску. Апошні раз была ў сацсетках 18 сакавіка, мажліва, у гэты дзень яна і была затрыманая.

Усіх траіх юнакоў КДБ унёс у “спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”.

Пракурор на папярэднім судовым пасяджэнні запрасіў для Канстанціна Ермаловіча — 17 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Віталю Манкевічу — 16 гадоў, Ігару Казлову — 15 гадоў. Наталлю Кед абвінавачанне прасіла асудзіць на 2 гады "хатняй" хіміі, а Надзею Полькіну хочуць адправіць на два гады ў калонію агульнага рэжыму.

Абвінавачанне запрасіла вялізныя тэрміны зняволення для некалькіх бабруйскіх "тэрарыстаў"

30 верасня УУС Магілёўскага аблвыканкама выпусціла відэа, на якім Віталь Мінкевіч прызнаецца ў закладцы “навучальных мін” на чыгунцы “разам з Косцем”

Чакаецца, што прысуд агучаць 10 жніўня, паведамляе MAYDAY.TEAM.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства