viasna on patreon

"Палітычныя" затрыманні і ператрусы, новыя "экстрэмісты" і ціск на зняволеных: хроніка пераследу 30 ліпеня — 1 жніўня Дапоўнена

2022 2022-08-01T16:13:58+0300 2022-08-01T19:31:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/autuhovich-mikalaj.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Ператрусы і затрыманні

За ўдзел у пратэстах затрымалі чарговага IT-спецыяліста

Затрыманы айцішнік
Затрыманы айцішнік

Айцішніка з Гродна затрымалі наўпрост на працы, паведамляе @nebovkletku. Па словах сілавікоў, яго ўзялі пад варту.


У Баранавічах праходзяць ператрусы ў раней асуджаных за абразу загінулага былога падпалкоўніка ГАУС Аляксея Гецьмана

Як паведамляла "Наша Ніва", Гецьман атрымаў несумяшчальную з жыццём траўму, нырнуўшы і ўдарыўшыся галавою аб дно.

Праваабаронцам стала вядома пра некалькі ператрусаў у людзей, якіх раней асудзілі за абразу Гецьмана. Як паведамляюць мясцовыя жыхары, навіну пра смерць Гецьмана актыўна каментавалі ў мясцовых чатах. Верагодна, сілавікі правяраюць, ці не пакідалі з гэтай нагоды "няправільных" каментароў людзі, якіх раней ужо асудзілі за абразу міліцыянта. Пасля ператрусаў людзей завезлі ў міліцыю, але потым адпусцілі. Таксама вядома, што ў горадзе апошнія дні адбываюцца і іншыя "палітычныя" ператрусы ў мясцовых жыхароў.

Ціск на зняволеных

Палітзняволеную актывістку Алену Гнаўк больш за месяц утрымліваюць у карцары

Алена Гнаўк
Алена Гнаўк

Па інфармацыі сваякоў, адміністрацыя баранавіцкага СІЗА ужо амаль паўтара месяца утрымлівае 65-гадовую актывістку Алену Гнаўк у карцары. Прычыны не паведамляюцца. 9 жніўня ў Брэсцкім абласным судзе разгледзяць апеляцыйную скаргу Гнаўк. Рашэнне будзе прымаць суддзя Святлана Крамянёўская.

Да разгляду апеляцыйнай скаргі Алену можна падтрымаць грашовым пераводам, пасылкай або бандэролькай, а таксама тэлеграмамі. Стрыжні, канверты, маркі і паперу вы можаце дасылаць ёй разам з лістамі салідарнасці. Нагадаем, 17 чэрвеня палітзняволеную асудзілі на тры з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 3200 рублёў. Алену прызналі вінаватай па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Адрас для падтрымкі: СІЗА-6. 225413, г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258 В, Алене Пятроўне Гнаўк


Палітвязня Уладзіміра Гундара на 6 сутак змясцілі ў карцар

Уладзімір Гундар. Фота: Радыё Свабода
Уладзімір Гундар. Фота: Радыё Свабода

Палітзняволенага фігуранта "справы Аўтуховіча" Уладзіміра Гундара змясцілі ў карцар на 6 сутак, паведамляе "Наша Ніва". Прычына ў тым, што Гундар падчас праверак адмаўляецца казаць пра сябе, што "схільны да экстрэмізму", за што яго і пакаралі карцарам. Месяц таму актывіста ўжо змяшчалі ў карцар, тады ён абвесціў сухую галадоўку, якую трымаў 11 дзён на знак пратэсту супраць здзекаў і катаванняў. Нагадаем, ад 25 ліпеня ў карцары знаходзіцца яшчэ адна фігурантка справы — хворая на анкалогію пенсіянерка Галіна Дзербыш. Яе адправілі ў карцар на 7 сутак за пратэст супраць прымусовага раздзявання падчас праверак перад пасяджэннямі. Акрамя гэтага, Мікалай Аўтуховіч працягвае трымаць сухую галадоўку 22 дзень. На апошнія пасяджэнні Аўтуховіча не прыводзяць, таму невядома, у якім ён стане.

Падтрымайце фігурантаў справы: Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1 (Уладзіміру Тадэвушавічу Гундару, Галіне Іванаўне Дзербыш, Мікалаю Мікалаевічу Аўтуховічу.


Палітвязня Дзмітрыя Дубоўскага, асуджанага да 18 гадоў калоніі, на Дзень народзінаў змясцілі ў ШІЗА

Палітвязень Дзмітрый Дубоўскі
Палітвязень Дзмітрый Дубоўскі

Сястра анархіста Дзмітрыя Дубоўскага паведаміла, што яшчэ 29 ліпеня, у ягоны Дзень народзінаў, палітвязня закінулі ў штрафны ізалятар на 10 сутак. Праз гэта ён не трапіў на кароткатэрміновае спатканне з сястрой. Пры гэтым раней яго ўжо пазбавілі працяглага спаткання. Таксама Дзмітрыя па прыбыцці ў калонію паставілі на прафулік як "схільнага да ўцёку" — цяпер у яго чырвоная бірка.

Нагадаем, 22 снежня ў Мінскім абласным судзе агучылі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да анархістаў. Суддзя Вячаслаў Тулейка прызначыў наступныя тэрміны: Аліневічу і Раманаву — па 20 гадоў калоніі; Рэзановічу — 19 гадоў калоніі; Дубоўскаму — 18 гадоў калоніі. Суд з першага пасяджэння адбываўся ў закрытым рэжыме.

Падтрымайце Дзмітрыя лістамі салідарнасці: ПК № 3, 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба Дзмітрыю Мікалаевічу Дубоўскаму.


Міколу Аўтуховіча трэці дзень запар не прывялі на судовае пасяджэнне

Мікалай Аўтуховіч. Фота Юліі Дарашкевіч
Мікалай Аўтуховіч. Фота Юліі Дарашкевіч

У якім стане зняволены ваўкавыскі прадпрымальнік, невядома. 22 дні таму ён пачаў сухую галадоўку. Праз тры тыдні ад пачатку галадавання Аўтуховіча на гэта адрэагавала беларуская прапаганда. На СТВ выйшаў сюжэт, які спрабуе паставіць пад сумнеў тое, што Аўтуховіч галадае. Асноўны іх аргумент — незваротныя змены пачынаюцца ў арганізме ўжо на трэці дзень без вады. Значную частку сюжэту складае інтэрв'ю нібыта з вязнем гродзенскай турмы, піша "Радыё Свабода". Аднак самога Аўтуховіча ў сюжэце не паказалі. Раней, калі з'яўлялася інфармацыя пра тое, што нехта з вязняў абвясціў галадоўку, праўладныя каналы публікавалі відэапацверджання таго, што зняволеныя прымаюць ежу. Так было з Вольгай Такарчук, Уладзімірам Мацкевічам, Ігарам Лосікам і іншымі палітвязнямі. У сітуацыі з Аўтуховічам дзяржаўныя СМІ пішуць, што такога не можа быць, але ніякіх пацверджанняў таго, што Мікола прымае ежу, — не публікуюць.

Новыя "экстрэмісты"

Сетка гомельскіх суполак "Флагшток" прызнаная "экстрэмісцкай"

Праваабаронцам стала вядома, што 27 ліпеня суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў інфармацыйную прадукцыю наступных суполак і чатаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі":

  • Telegram-група "Флагшток_чат";
  • Telegram-канал "Флагшток";
  • Старонка ва "Укантакце" "Гомельский флагшток";
  • Старонка ў "Аднакласніках" "Гомельский флагшток";
  • Старонка ў "Facebook" "Гомельскі флагшток".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства