Затрыманні актывістаў АГП: хроніка пераследу 27 ліпеня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 27 ліпеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Сілавікі зноў затрымалі лідара партыі АГП Мікалая Казлова
З канца снежня па канец сакавіка палітык ужо правёў за кратамі тры месяцы.
Паводле Анатоля Лябедзькі, прыйшлі сёння і да іншых сяброў партыі:
«Апрычнікі абралі Дзень прыняцця Дэкларацыі аб Незалежнасці для чарговых зачыстак. Наступ на апошнюю арганізаваную выспу супраціву пачаты. Гэта вайна».
Стала вядома, што супраць старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова распачалі крымінальную справу паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Таксама затрыманая старшыня Мінскай гарадской арганізацыі АГП Аксана Аляксеева.
Паведамляецца, што да яе прыйшлі а сёмай раніцы. Кажуць, што каля яе дома стаялі бус і хуткая дапамога.
Удакладняецца інфармацыя пра затрыманне яшчэ дваіх сябраў АГП.
У Гомелі жанчыну затрымалі наўпрост на працоўным месцы
Меркаванай прычынай затрымання Кравец Алены сталі падпіскі на «экстрэмісцкія» Telegram-каналы.
Учора аб 11 гадзіне міліцыянты забралі Алену з працоўнага месца і адвезлі ў РАУС Савецкага раёну. Далейшы лёс жанчыны невядомы, а ў РАУС адказалі, што ў ІЧУ яе адвязуць толькі раніцай 27 ліпеня. Дакладныя прычыны затрымання таксама невядомыя.
Кравец Алену ўжо затрымлівалі ў 2020 годзе за ўдзел у акцыях пратэсту.
Затрыманне за каментары ў "экстрэмісцкім" канале
У Мінску 26 ліпеня супрацоўнікі міліцыі затрымалі па месцы жыхарства Тамару Міцюкевіч. Прычынай затрымання маглі стаць каментары ў групе “Карнікі Беларусі”. Вядома, што 43-гадовую жанчыну даставілі ў Жодзіна.
Палітвязню Міхаілу Добышу змянілі пакаранне на больш жорсткае
У судзе Круглянскага раёна 25 ліпеня адбыўся суд над жыхаром Баранавіч Міхаілам Добышам па замене «хіміі» на калонію. Суддзя Дзмітрый Сасноўскі пастанавіў перавесці Міхаіла ў калонію трэмінам на 10 месяцаў. У ПУАТ № 46 палітвязень утрымліваўся з 12 чэрвеня 2021 года.
Яго абвінавацілі ў тым, што 17 верасня 2020 года ў памяшканні прадуктовай крамы ў мэтах перашкоджання законнай дзейнасці і з помсты за выкананне службовай дзейнасці маёра міліцыі Міцуры здзейсніў пагрозу прымянення гвалту (арт. 364 Крымінальнага кодэкса). Яму прызначалі 3 гады «хіміі». Добыш — адзін з «хімікаў», якіх 15 лютага дапытвалі супрацоўнікі КДБ з нагоды ўдзелу ў тэлеграм-чаце «Волейбол по выходным», які аб’ядноўваў палітвязняў, асуджаных на «хімію».
Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці і паштоўкамі: Турма № 4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Міхаіл Віктаравіч Добыш
У сям'і палітвязня Ігара Лосіка арыштавалі маёмасць
Пра гэта расказала яго жонка Дар'я:
— Арыштавалі тэлевізар. Піяніна таксама, хаця яго набылі бацькі, яшчэ калі я пайшла ў першы клас. Але дакументаў пра яго набыццё ў мяне не было, таму яго таксама арыштавалі. Чайнік арыштавалі, камплект мэблі з жырандоляй. Усё, што было набытае ў шлюбе.
Ігар Лосік трапіў за краты 25 чэрвеня 2020 года. У снежні 2021-га яму прысудзілі 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
У Гродне затрымалі ўладальніка гасцініцы для жывёлаў Паўла Свірбутовіча
У «пакаяльным» відэа, якое апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы, 38-гадовы мужчына «прызнаецца» ў тым, што нібыта распаўсюджваў «экстрэмісцкія» матэрыялы, матэрыялы, якія абражаюць Лукашэнку, і зрабіў рэпост запіса, у якім былі персанальныя дадзеныя больш за 100 міліцыянтаў.
Папаўненне ў спісе "экстрэмісцкіх матэрыялаў"
У "Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў" 25 ліпеня па рашэнні суда трапіла супольнасць у сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" з назвай "ПІНСК СВАБОДНЫ". Пра гэта паведамляе "Берасцейская вясна".
Інфармацыя дапаўняецца.