Чарговыя затрыманні, новыя "экстрэмісты", ціск на зняволеных і "хатніх хімікаў": хроніка пераследу 25-26 ліпеня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Папаўненне ў спісе "экстрэмістаў"
Facebook-старонку палітвязня Ігара Ледніка прызналі "экстрэмісцкай"
Праваабаронцы даведалісся, што 18 ліпеня суд Барысаўскага раёна прызнаў інфармацыйную прадукцыю Facebook-старонкі барысаўскага сябра БСДП Ігара Ледніка "экстрэмісцкімі матэрыяламі".
Нагадаем, Леднік знаходзіцца за кратамі ўжо больш за тры месяцы — яго затрымалі ў межах арт. 367 КК "Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі". Зняволены мае інваліднасць 2-й групы праз праблемы з сэрцам. У чэрвені 2022 г. адвакатка паведаміла, што стан здароўя палітвязня пагоршыўся, Ігар знаходзіўся ў санчастцы следчага ізалятара ў ляжачым стане. У ліпені стала вядома, што актывісту зрабілі аперацыю на страўнікава-кішачным тракце. Ігар Леднік ідзе на папраўку, ужо ходзіць самастойна.
Падтрымайце вязня лістамі салідарнасці. Адрас такі: Следчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А. Ігару Ледніку. |
Таксама ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі:
- Акаўнт у Instagram "hrodna.likе";
- Telegram-канал "Гродна Like";
- Facebook-суполка "Hrodna.lifе" ;
- Youtube-канал "Hrodna Life";
- Інтэрнэт-рэсурс "Беларускi народны трыбунал";
- Telegram-чат "Ученые против насилия";
- Telegram-канал "ШТО ДУМАЮЦЬ БЕЛАРУСЫ";
- Інтэрнэт-рэсурс "polskieradio.рl";
- Telegram-чат "Арендаторы ТЦ "ЗАМОК";
- Telegram-канал "Кастусь";
- Telegram-чат "СеницаПрилукиАтолино";
- Telegram-канал "belarusiana";
- Telegram-чат "Полесский Фронт".
Затрыманні
У Маладзечне затрымалі экс-палітвязня, якому тыдзень таму прысудзілі "хатнюю хімію"
26 ліпеня праваабаронцы даведаліся пра затрыманне жыхара Маладзечна Аляксандра Казакевіча. Прычыны затрымання пакуль невядомыя. 19 ліпеня Аляксандру прысудзілі паўтара года "хатняй хіміі" — суддзя Вольга Дубовік прызнала яго вінаватым паводле арт. 369 КК "Абраза прадстаўніка ўлады". Казакевіча вызвалілі ў залі суда, ён правёў у зняволенні тры месяцы.
У Мінску затрыманы 39-гадовы Дзмітрый Лабачоў
Гэта адбылося 25 ліпеня. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што мужчына нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе і перакрываў рух транспарту, а таксама зарэгістраваўся ў плане "Перамога".
Ціск на зняволеных і "хатніх хімікаў"
Палітзняволеную пенсіянерку Галіну Дзербыш змясцілі ў карцар на 7 сутак
Хворую на анкалогію пенсіянерку Галіну Дзербыш, якую цяпер судзяць па "справе Аўтуховіча", 25 ліпеня змясцілі ў карцар тэрмінам на 7 сутак. Як паведамляе "Наша Ніва", прычынай стала яе адмова праходзіць "рамку": перад пасяджэннямі абвінавачаных прымушаюць раздзявацца і праходзіць праз сканер. Нядаўна перад чарговым пасяджэннем Галіна таксама адмовілася раздзявацца і даваць рэчы на праверку. Тады з яе пачалі сцягваць вопратку сілай. Падчас гэтага парвалі майку жанчыны. На судзе была бачна дзірка сантыметраў дзесяць на баку. Галіна Іванаўна мае інваліднасць другой групы, у яе анкалагічнае захворванне і праблемы з сэрцам. Жанчына атрымлівае лісты толькі ад сваякоў. На адным з пасяджэнняў Галіна заявіла, што падчас следства ёй увесь час пагражалі і прымушалі агаворваць сябе.
Падтрымаць зняволеную жанчыну можана тэлеграмамі і лістамі салідарнасці. Адрас: Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Галіне Іванаўне Дзербыш |
Палітвязні Дзмітрый Шчурко і Ігар Лосік у калоніі спяць на другім ярусе "шконак", а святло на ноч не выключаюць
Палітзняволеных Дзмітрыя Шчурко і Ігара Лосіка ў наваполацкай калоніі № 1 утрымліваюць у адным атрадзе — сёмым. "Брэсцкай Вясне" сталі вядомыя ўмовы іх утрымання: нельга займацца спортам, спяць палітвязні толькі на другім ярусе "шконак", пры гэтым у пакоі ўвесь час гарыць святло, што замінае спаць ноччу.
Нагадаем, Лосік утрымліваецца ў няволі ўжо два гады. Яму прысудзілі 15 гадоў пазбаўлення волі па "справе Ціханоўскага". У калоніі яго паставілі на два прафулікі, а таксама зрабілі вымову за тое, што дрэнна пагаліўся.
Дзмітрыя Шчурко спачатку асудзілі за "крадзеж рацыі" ў амапаўца падчас акцыі пратэсту да двух гадоў "хіміі". Але ў студзені 2022 года палітвязня асудзілі яшчэ па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Канчаткова яму прызначылі 2 гады і 6 месяцаў калоніі.
Падтрымайце палітвязняў лістамі салідарнасці. Адрас такі: ПК № 1, 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8 (Дзмітрыю Аляксандравічу Шчурко, Ігару Аляксандравічу Лосіку) |
У Баранавічах рэзка ўзмацніўся ціск на палітычных "хатніх хімікаў"
Праваабаронцам стала вядома, што з ліпеня ўзмацніўся ціск на асуджаных да "палітычнай хатняй хіміі" жыхароў Баранавічаў. Цяпер усіх "хатніх хімікаў" правяраюць штодня, прычым часам ноччу. Таксама яны абавязаны наведваць чатыры "мерапрыемствы" ў ГАУС на месяц, акрамя таго — прысутнічаць на выязных "палітычных" працэсах, што праходзяць у Баранавічах. Людзі звязваюць узмацненне ціску з прызначэннем новага начальніка ГАУС Андрэя Студзенічніка.
Мікалай Аўтуховіч шаснаццаты дзень трымае "сухую" галадоўку
Вязень такім чынам пратэстуе супраць абмежавання яго ў ліставанні, яму перасталі даходзіць лісты нават ад 83-гадовай маці. У чацвер, 21 ліпеня, стан Аўтуховіча рэзка пагоршыўся: узмацніліся болі ў жываце, пачалася рэзь, стаў надта часты пульс.
"Мікалай працягвае сухую галадоўку. Сёння 15-ы дзень. Турэмны доктар заявіў, што стан Мікалая дазваляе яму ўдзельнічаць у працэсе. Хадайніцтва пра агляд знішнім доктарам адхілілі. Мікалай сказаў, што можа ўдзельнічаць, толькі калі яму дазволяць ляжаць, у гэтым таксама адмовілі. Урэшце яго выдалілі з залы суда за дыскусію з суддзёй, суд працягваецца без Мікалая", — распавяла Śviatłana Bohuš.
Вось, што паведаміла дачка Мікалая:
"Сёння турэмны доктар зноў заявіў, што стан бацькі дазваляе яму ўдзельнічаць у судовых пасяджэннях. Адвакат у чарговы раз заявіла хадайніцтва на агляд бацькі вонкавымі лекарамі, якое натуральна было адхілена. Аналіз крыві, які бралі ў мінулы чацвер, 21 ліпеня, нібыта яшчэ не гатовы. Тата (пакуль яго вялі на суд) упаў ад слабасці і стукнуўся аб кайданкі. Тата прасіў перадаць, што ён рэальна нічога не есь і не п'е (а то некаторыя ў здзіўленні, як гэта ён яшчэ жывы і што ён падманвае). На заўтра ў судзе перапынак, паседжанне працягнецца ў чацвер".
30 фактаў пра палітвязня Мікалая Аўтуховіча
Найбольш яркія факты з жыцця вядомага ваўкавыскага прадпрымальніка.
Падтрымаць Мікалая пасылкамі, грашовымі пераводамі і лістамі салідарнасці: Турма №1, 230023, Гродна, Кірава, 1, Аўтуховічу Мікалаю Мікалаевічу |