viasna on patreon

Напісалі каментар за мяжой — атрымалі ў Беларусі тэрмін за "абразу"

2022 2022-07-23T13:43:44+0300 2022-07-23T13:44:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/katsenka.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

"Вясна" распавядае пра два дыфамацыйныя прысуды за "абразу прадстаўнікоў улады" (артыкул 369 Крымінальнага кодэкса) праз каментары у інтэрнэце. Асуджаныя іх пісалі, знаходзячыся за межамі Беларусі.


Сярод доказаў віны пашпарт са штампамі пра ўезд і выезд

26 лістапада 2021 года Аляксандр Каценка знаходзіўся за мяжой па працы. Увечары таго дня ён зайшоў у адзін з Telegram-каналаў і размясціў каментар пра начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама А. Гейгера. У канцы 2021 года Каценка выдаліў свой уліковы запіс у гэтым месэнджары.

katsenka.jpeg
Аляксандр Каценка

11 красавіка 2022 года Аляксандра Каценку затрымалі (у Беларусі) з тых часоў ён знаходзіўся ў СІЗА. А 24 траўня адбыўся разгляд ягонай крымінальнай справы у судзе Ленінскага раёна горада Магілёва, хаця сам Каценка з'яўляецца жыхаром іншай вобласці.

Суддзя Наталля Панасенка палічыла, што віна абвінавачанага ў здзяйсненні злачынства, апроч пратаколаў агляду каментара і агляду Telegram-канала, пацвярджаецца таксама і "пратаколам агляду пашпарта Каценкі, з якога вынікае, што 26.11.2021 года ён знаходзіўся за межамі Рэспублікі Беларусь".

Аднак, акрамя артыкула 369 КК, Каценка абвінавацілі і ў 130-м артыкуле. Але ў выніку суд выключыў з абвінавачвання мужчыны "ўказанне пра здзяйсненне ім злачынства з матываў палітычнай і ідэалагічнай варожасці, варожасці і варажнечы у дачыненні да іншай сацыяльнай групы, бо дадзеная акалічнасць не пацвярджаецца прадстаўленымі доказамі".

suddzia_panasenka.jpg
Суддзя Наталля Панасенка. Фота: Белсат

У выніку суд асудзіў Аляксандра Каценку да пакарання ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў. А таксама да штрафу ў памеры 100 базавых велічынь (3 200 беларускіх рублёў). Ягоны мабільны тэлефон, з якога быў напісаны каментар, суд пастанавіў канфіскаваць у даход дзяржавы, але сім-картку вярнуць Аляксандру.

Сваё пакаранне ў ПУАТ Аляксандр Каценка пачаў адбываць 18 чэрвеня. Праваабарончая супольнасць прызнала яго палітычным зняволеным.

Вінаватасць пацвярджаецца і звесткамі з "Пасажыропатоку"

Яўген Ліцкевіч працуе кіроўцам-міжнароднікам. У 2020 годзе, знаходзячыся ў чарговым рэйсе за межамі Беларусі, ён убачыў у адной з груп у месэнджары Telegram публікацыю з фатаграфіяй міліцыянера-кіроўцы аператыўнай роты АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама Алега Лычагіна. У публікацыі згадвалася, што ён, сярод іншага, удзельнічаў у разгоне мірнага пікету па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую 29 траўня 2020 года ў Гродне. Ліцкевіч пачаў абмяркоўваць гэту публікацыю разам з іншымі карыстальнікамі Telegram-канала. Адзін з ягоных каментароў і быў прызнаў "абразлівым".

У межах распачатай крымінальнай справы дома ў Ліцкевіча на Брэстчыне правялі вобшук, падчас якога знайшлі і забралі мабільны тэлефон, з якога мужчына і пісаў каментар. Акрамя таго, на маёмасць мужчыны (а менавіта на ягоныя грошы ў суме 180,51 беларускіх рублёў) быў накладзены арышт.

Разгляд гэтай крымінальнай справы прайшоў 16 чэрвеня 2022 года ў судзе Ленінскага раёна горада Гродна. Сваю віну Ліцкевіч прызнаў цалкам.

Судом разглядалася інфармацыя з "Пасажырапаток: звесткі аб перасячэнні асобай мяжы" каб пераканацца, калі менавіта Ліцкевіч знаходзіўся не ў Беларусі. Гэтыя звесткі ляглі ў сукупнасць доказаў віны мужчыны, як выказаўся сам суддзя Генадзь Мазайла.

Сам пацярпелы кіроўца АМАПа Лычагін папрасіў спагнаць з абвінавачанага кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1500 беларускіх рублёў. Суд гэты пазоў задаволіў, а таксама прызначыў Яўгену Ліцкевічу пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін два гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. А таксама: канфіскаваць тэлефон і пакінуць арышт, накладзены на маёмасць асуджанага (180,51 рублёў), у кошт забеспячэння выплаты маральнай шкоды пацярпеламу кіроўцу АМАПа.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства