Больш за месяц працягваецца суд над журналісткай Ірынай Слаўнікавай: наступнае пасяджэнне — 2 жніўня Дапоўнена
У Гомельскім абласным судзе 2 жніўня пасля чарговага перапынку адновіцца разгляд крымінальнай справы палітзняволенай журналісткі тэлеканала TVP Ірыны Слаўнікавай. Гэта другі вялікі перапынак у судовым працэсе.
Журналістку абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім (ч.1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса) і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ў іх актыўным удзеле (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядае суддзя Мікалай Доля, дзяржабвінаваўца - Ірына Падкавырава .
Ірыну Слаўнікаву затрымалі 30 кастрычніка 2021 года ў Мінскім аэрапорце, калі яна з мужам Аляксандрам Лойкам вярталася з адпачынку. Да суда Слаўнікаву ўтрымлівалі спачатку ў ЦІП на Акрэсціна, затым ў СІЗА № 1 Мінска, а напачатку чэрвеня 2022 года перавялі ў ў СІЗА № 3 Гомеля.
Па матэрыялах абвінавачання, Слаўнікава, у 2020-2021 гадах аб'яднала групу грамадзян, якія пад яе кіраваннем і кантролем стваралі і размяшчалі экстрэмісцкія матэрыялы на шматлікіх польскіх медыярэсурсах. Пры расследаванні крымінальнай справы атрыманыя неабвержныя доказы, што менавіта яна размяркоўвала ролі, карэктавала навінавую павестку, матэрыяльна забяспечвала і фінансавала дзейнасць злачыннай групы, якая паводле ініцыятывы УСК па горадзе Мінску Міністэрствам унутраных спраў прызнана экстрэмісцкім фарміраваннем, а яе дзейнасць забароненая на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Акрамя вышэйпаказанага, жанчына і сама прымала актыўны ўдзел у незаконных акцыях. Днём 30 жніўня 2020 года, знаходзячыся ў цэнтральнай частцы Мінска, яна разам з іншымі грамадзянамі выходзіла на праезную частку, блакавала рух транспарту і выкрыквала розныя лозунгі.
Судовы працэс праходзіць у закрытым рэжыме з перапынкамі. Першае пасяджэнне адбылося яшчэ 23 чэрвеня, апошняе – 21 ліпеня.
Дзяржабвінаваўца запатрабавала для журналісткі Ірыны Слаўнікавай чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Бацька журналісткі Аляксандр Слаўнікаў у каментары TVP распавёў, што Ірына выдатна арыентуецца ў тым, што адбываецца ў пасяджэнні. Ведае, што ёй няма за што апраўдвацца, яна не вінаватая, і калі б гэта быў адкрыты працэс, ні ў каго не ўзнікла б сумненняў у беспадстаўнасці абвінавачвання. Менавіта таму, мяркуе яна, працэс зрабілі закрытым, іншых прычын не магло быць.
У Гомелі аднавіўся суд над палітзняволенай журналісткай Ірынай Слаўнікавай