viasna on patreon

“Алесевы вочы сказалі мне пра многае”: Сяржук Сыс узгадвае пра сустрэчы з калегамі год таму

2022 2022-07-14T10:30:00+0300 2022-07-14T13:08:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sys-bialiacki-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі і Сяржук Сыс. 2020 год

Алесь Бяляцкі і Сяржук Сыс. 2020 год

Праваабаронца і пісьменнік Сяржук Сыс – адзін з тых, да каго ранкам 14 ліпеня 2021 года завіталі з ператрусам сілавікі па “справе “Вясны”, Сяржука затрымалі, а праз двое сутак выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Сёння ён узгадвае свае мімалётныя сустрэчы з калегамі і сябрамі ў тыя дні, якія адбываліся і ў калідорах Следчага камітэту, і ў калідорах Акрэсціна.

"Ліпень 2021 года быў вельмі спякотным ва ўсіх сэнсах і гэтая акалічнасць вымагала зменаў у звыклым жыццёвым раскладзе. Напрыклад, штораніцы, у 6 гадзін я сядаў на ровар і выпраўляўся на Цнянку “асвяжыцца” перад працоўным днём. 14 ліпеня перавярнула ўсё ў жыцці: менавіта ў 6 гадзін для да мяне завіталі з “візітам” шэсць дужых хлапцоў. Няцяжка было здагадацца, што ім быў вядомы мой штодзённы расклад, а гэта сведчыць, што масавае затрыманне, прынамсі “вясноўцаў”, рыхтавалася загадзя і было добра распланаванае.

Пад час першага ў той дзень допыту ў ДФР я выпрасіўся ў іхніх аператыўнікаў, каб дазволілі пакурыць. Адзін з іх правёў мяне ва ўнутраны дворык, дзе я ціхенька змог задаць яму галоўнае на той момант пытанне: “А што, мяне аднаго забралі?”

“Ды не, забралі ўсіх вашых”, – пачулася ў адказ.

Не скажу, што гэта мяне неяк суцешыла.

Прыкладна каля гадзіны дня мяне перавезлі ў Цэнтральны апарат Следчага камітэту. Тут адбылася першая сустрэча з яшчэ адным затрыманым калегам. Гэта быў Уладзімір Лабковіч. Яго выводзілі некалькі чалавек з будынку СК ў службовы аўтамабіль. Перад вачамі і зараз стаіць ягоны вобраз: суровы і крыху змрочны. Падалося яшчэ, што Уладзя моцна засяроджаны ў сваіх думках. Мы паспелі абмяняцца толькі позіркамі.

Допыт у СК цягнуўся вельмі доўга, гадзін да васьмі вечара. Ізноў жа з-за спёкі дзверы многіх кабінетаў былі адчыненыя. Часам я чуў галасы калег і каляжанак, сярод якіх пазнаваўся спакойны  голас нашага Валіка, шаноўнага Валянціна Стэфановіча, некага бачыў на калідоры, калі мяне на некалькі хвілін выводзілі туды, і тады толькі зразумеў сапраўдныя масштабы наезду на праваабаронцаў.

Валянцін Стэфановіч і Сяржук Сыс
Валянцін Стэфановіч і Сяржук Сыс

Наступнай у той дзень я ўбачыў краем вока сваю каляжанку-“вясноўку”. Гэта было на Акрэсціна, дзе нас закінулі ў “стаканы”. Пазней у камеры, праз кармушку, я чуў ейны настойлівы і цвёрды голас – яна рашуча і неаднаразова патрабавала ў надзіральнікаў, каб тыя адчынілі ў жаноцкай камеры фортку. І ўрэшце дамаглася свайго, маўляў, ведай нашых!

Ноч у спякотнай і вільготнай камеры была трывожнай, без сну і спакою, з правакацыямі падсадных суседзяў, якія да ранку насіліся ўзад-уперад па камеры, патрабавалі цыгарэты ў ахоўнікаў і тыя ім выдавалі па некалькі штук. Ранкам іх вывелі і амаль да 15 гадзін дня я заставаўся ў камеры сам-насам са сваімі цяжкімі думкамі.

Пасля абеду загадалі збірацца на допыт, вывелі ў калідор бліжэй да выхаду і паставілі тварам да сцяны. І вось у гэты момант адбылася самая кранальная і важная для мяне ў той час сустрэча. У калідор завялі Алеся Бяляцкага і таксама паставілі да сцяны.

Алесь павярнуўся да мяне і неяк вельмі цёпла пасміхнуўся, паказаўшы пальцамі “вікторыю”.

“Не размаўляць!”  – пачуўся грубы загад.

А мы і не размаўлялі. Мы добра паразумеліся позіркамі. Паспелі навучыцца за чатыры дзесяткі гадоў сяброўства.

У той момант Алесевы вочы сказалі пра многае. У позірку была і падтрымка, і суцяшэнне, і непахісная вера ў тую справядлівую справу, якой чвэрць стагоддзя займаецца “Вясна”.

Менавіта гэтая сустрэча з Алесем Бяляцкім і надала мне трываласці, а таксама разумення, што я не адзін, што мы вытрываем, што праўда ўсё адно за намі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства