Палітвязню Паўлу Аўчарову, асуджанаму да пяці гадоў калоніі, дадалі яшчэ паўтара года зняволення
Адміністрацыя шклоўскай калоніі № 17, дзе Павел Аўчароў апошні год адбываў свой тэрмін, ініцыявала ўзбуджэнне супраць палітвязня крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 411 КК — злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. У судзе Шклоўскага раёна 6 ліпеня суддзя Аляксандр Тараканаў прысудзіў Паўлу ў дадатак да пяці гадоў зняволення яшчэ паўтара года ў калоніі. Таксама Аўчарову змянілі рэжым адбыцця пакарання з узмоцненага на строгі.
Паўла Аўчарова затрымалі 8 кастрычніка 2020 года ў межах крымінальнай справы, распачатай пасля акцыі пратэсту 23 верасня 2020 года, калі ў Мінску прайшла інаугурацыя Лукашэнкі. Супраць палітвязня, а таксама ягонага сябра Эміля Гусэйнава ўзбудзілі справу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 2 арт. 293 (Удзел у масавых беспарадках), ч. 1 арт. 342 (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 363 (Супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў).
Аўчарова і Гусэйнава прызналі вінаватымі ў тым, што 23 верасня 2020 года яны заклікалі да ўдзелу ў масавых беспарадках, якія загадзя былі спланаваныя пад выглядам масавых мерапрыемстваў, блакавалі камунікацыі. Гэта пацягнула парушэнне работы КТУП "Мінсктранс". Таксама яны нібыта "абмяжоўвалі права добрапрыстойных грамадзян на спакойны адпачынак і свабоднае перамяшчэнне", аказвалі супраціў супрацоўнікам МУС. Абодва мужчыны віну не прызналі. 20 траўня 2021 года Паўлу і Эмілю прысудзілі па 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Мінск: па пяць гадоў пазбаўлення волі – паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу
У судзе Маскоўскага раёну Мінска вынесеныя прысуды Паўлу Аўчараву і Эмілю Гусэйнаву.
Летам 2021 года Паўла накіравалі ў папраўчую калонію № 17 у Шклове.Вядома, што ў сакавіку 2022 года Павел правёў 10 сутак у ШІЗА, пасля яго адразу змясцілі на месяц у ПКТ, і потым дадалі яшчэ 4 месяцы. У калоніі супраць яго распачалі крымінальную справу па арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). 6 ліпеня ў судзе Шклоўскага раёна Аўчарову прысудзілі яшчэ паўтара года зняволення і змянілі рэжым адбыцця пакарання з узмоцненага на строгі.
Падтрымайце Паўла: ПК № 17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8, Павел Алегавіч Аўчароў
Беларусы на «крытай»: як палітвязняў працягваюць пераследаваць у калоніях