Пачаўся суд над палітзняволеным журналістам Юрыем Ганцарэвічам Дапоўнена
Брэсцкі абласны суд 13 ліпеня пачаў разглядаць крымінальную справу палітзняволенага журналіста Юрыя Ганцарэвіча. Яго абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядае судовая калегія пад старшынством Мікалая Грыгаровіча.
Юрый Ганцарэвіч — журналіст “Intex-press” з Баранавічаў. Быў затрыманы 27 красавіка 2022 года, а 29 красавіка асудзілі на 10 сутак арышту.
Прыкладна праз тыдзень пасля затрымання журналіста ў праўладных тэлеграм-каналах з'явіўся фрагмент відэа з яго допыту і інфармацыя аб прычыне затрымання Ганцарэвіча: ён нібыта фатаграфаваў расійскую ваенную тэхніку і адпраўляў здымкі ў СМІ, прызнаныя беларускімі ўладамі экстрэмісцкімі.
6 траўня Ганцарэвічу было прад'яўлена абвінавачанне паводле ч. 1 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса Беларусі (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Ён прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін да чатырох гадоў ці пазбаўлення волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў.
Пасля выстаўлення абвінавачання Юрыя Ганцарэвіча перавялі з ІЧУ ў СІЗА. У канцы чэрвеня 2022 ягоную справу перадалі ў Брэсцкі абласны суд.
У судовым працэсе віну Ганцарэвіч прызнаў цалкам. Ён сказаў, што «хацеў паказаць, што ў бок Украіны лётаюць не беларускія самалёты, а расейскія», а «Беларусь ня ўдзельнічае ў ваенных дзеяннях».
Пракурор запрасіў пакараць журналіста Юрыя Ганцарэвіча 2,5 гадамі калоніі агульнага рэжыму.
Паводле абвінаваўцы, Ганцарэвіч, «маючы намер садзейнічаць экстрэмісцкай дзейнасьці адправіў у бот тэлеграм-канала «Радыё Свабода» фотавыявы вайсковай авіятэхнікі, якая знаходзіцца на тэрыторыі аэрадрома 61 зьнішчальнай авіяцыйнай базы, што дысьлякуецца ў Баранавічах».