viasna on patreon

Акцыі пратэсту пасля гібелі сваякоў ва Украіне, удзел у "відовішчным мерапрыемстве", "Пагоня" на адзенні: за што судзілі беларусаў у чэрвені

2022 2022-07-07T14:12:38+0300 2022-07-07T23:49:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/no_war.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кожны дзень па ўсёй Беларусі сілавікі ладзяць ператрусы, допыты і затрыманні. Людзей адпраўляюць за краты ў перапойненыя камеры без матрацаў і пасцельнай бялізны, а некаторым прызначаюць велізарныя штрафы і канфіскоўваюць тэхніку. Людзей працягваюць збіваць, катаваць, утрымліваць у нечалавечых умовах. Па дадзеных праваабаронцаў, у чэрвені беларускія суддзі разглядзелі больш за 100 адміністрацыйных справаў. Вядомыя вынікі мінімум па 53 справах: 20 штрафаў і 33 адміністрацыйных арышта. Пры гэтым мінімум у 23 чалавек канфіскавалі тэлефоны ў якасці "прадмета адміністрацыйнага правапарушэння". Да гэтага часу большасць пратаколаў складаецца па арт. 19.11 КаАП за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Таксама беларусаў працягваюць судзіць за акцыі пратэсту супраць вайны ва Украіне. "Вясна назірае" склала традыцыйны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў чэрвені. 

Ілюстрацыя @natagarl
Ілюстрацыя @natagarl

За акцыю пратэста ў связі з гібеллю сваяка ва Украіне гродзенца арыштавалі на 7 сутак

Суд Акцябрскага раёна асудзіў мясцовага жыхара за малюнак на асфальце. Паводле матэрыялаў справы, у парку гарадскага пасёлка Акцябрскі каля 23:00 «у связі з гібеллю ва Украіне сваяка, мужчына намаляваў мелам на тратуары бел-чырвона-белы сцяг, а таксама сцяг Украіны». Ён заявіў на судзе, што не выказваў свае грамадска-палітычныя погляды, а хацеў толькі прыцягнуць увагу да вайны ва Украіне. У РАУСе на мужчыну за два малюнкі мелам склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Вынік — 7 сутак арышту.

"Суткі" за пікетаванне ў фэйсбуку жоўта-блакітнымі і бел-чырвона-белымі сцягамі

У судзе Віцебскага раёна 15 ліпеня асудзілі пенсіянера адразу па двух адміністрацыйных пратаколах: па арт. 19.11 КаАП і арт. 24.23 КаАП. Яго абвінавацілі ў тым, што ён зладзіў «несанкцыянаванае пікетаванне» на сваёй старонцы ў фэйсбуку, размясціўшы 17 блакітна-жоўтых сцягоў, відэазварот з бел-чырвона-белым фонам і гербам «Пагоня», надпісамі «Слава Украіне» і «Жыве Беларусь», а таксама відэазапіс з надпісам «Слава Украіне». Акрамя гэтага, у віну мужчыне ставілася «захоўванне з мэтай распаўсюду інфармацыйных матэрыялаў "экстрэмісцкіх" старонак у Instagram». Віну сваю пенсіянер прызнаў, але ў пратаколе пазначана, што антываенныя відэа на старонцы і 17 украінскіх сцягоў ён размясціў, бо выступае супраць вайны ва Украіне. Суд прызнаў мужчыну вінаватым па двух пратаколах і арыштаваў на 15 сутак, а таксама пастанавіў канфіскаваць тэлефон.

Мінчанку асудзілі за перасыл мужу паведамлення пра тое, што "Украіна падала заяўку на ўступленне ў Еўрасаюз"

У мінску 9 ліпеня разглядзелі справу Таццяны Мядзведзевай. Яе асудзілі па арт. 19.11 КаАП за рэпост з «экстрэмісцкага канала» паведамлення з назвай «Днямі Украіна падала заяўку на ўступленне ў Еўрасаюз». Суддзя Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Мотыль аштрафавала жанчыну на 320 рублёў (10 базавых велічыняў) з канфіскацыяй тэлефона. Вядома, што дзіця Таццяны мае інваліднасць.

За рэпост паведамлення пра застрэленага рыбака — штраф 320 рублёў

У Гомелі асудзілі мужчыну за тое, што ён у чат даслаў паведамленне з «экстрэмісцкага канала» з назвай «На беларуска-украінскай мяжы застрэлілі беларускага рыбака». На судзе ён растлумачыў, што «паведамленне было пра рыбалку, там ён даслаў гэта ў чат, прысвечаны ёй». За гэта «правапарушэнне» яму прызначылі 320 рублёў штрафу (10 базавых велічыняў).

Мінчука адправілі за краты за надпіс "Не вайне" на акне кватэры

У судзе Ленінскага раёна Мінска асудзілі Андрэя Загорца па арт. 24.23 КаАП (несанкацыянаванае пікетаванне). Падставай для адміністрацыйнай справы сталі два аркушы паперы на акне, на якіх было напісана толькі два словы — «Не вайне». Ён растлумачыў суддзі, што такім чынам выказваў сваё меркаванне наконт падзеяў ва Украіне. Аркушы паперы ён павесіў яшчэ ў лютым 2022 года, але зняў іх пасля заўвагі ўчастковага. Суддзя Анастасія Ачалава прызнала яго вінаватым і арыштавала на 14 сутак.

Пратэсты ў 25 гарадах і мястэчках: як пераследуюць беларусаў, якія выказваюцца супраць вайны

«Вясна» распавядае, якімі метадамі беларусы выказваюць свой пратэст супраць вайны і як за гэта іх пераследуюць улады.

3 200 рублёў штрафу за жоўтую і сінюю стужкі на сумцы

Жыхарку Полацка Ціну Палынскую затрымалі 5 чэрвеня пасля ператрусу ў яе дома. Нагодай стаў крытычны пост у Facebook пра візіт у Беларусь патрыярха Кірыла. 6 чэрвеня, падчас сустрэчы палачанаў з кіраўніком Рускай праваслаўнай царквы ў Беларусі, журналістку затрымалі міліцыянты, якія заўважылі ў яе на сумцы і на фотаапараце жоўтыя і блакітныя стужкі. 7 чэрвеня над Цінай адбыўся суд. Яе аштрафавалі за «несанкцыянаванае пікетаванне» на 100 базавых велічыняў (3 200 беларускіх рублёў).

15 сутак за восем улётак, размешчаных у краме

У Наваполацку мясцовую жыхарку асудзілі за тое, што ў камерах захоўвання наваполацкай крамы «Дионис-10» размясціла восем улётак. Што на іх было напісана — невядома. Але ў пратаколе міліцыянты адзначылі, што яна такім чынам «выказвала свае грамадска-палітычныя інтарэсы». На судзе жанчына распавяла, што ўлёткі ўзяла на лавачцы непадалёк магазіна. Суд прызнаў яе вінаватай у «несанкцыянаваным пікетаванні» і прызначыў 15 сутак арышту.

«Выкрыкваў "Жыве Беларусь" і чапляўся да мінакоў»

Суд Ленінскага раёна Брэста арыштаваў мужчыну на 5 сутак за некалькі выкрыкаў «Жыве Беларусь». Згодна з пратаколам, «неабыякавы грамадзянін» 31 траўня паскардзіўся ў міліцыю пра тое, што невядомы берасцеец у стане алкагольнага ап'янення ішоў з «КFC» па вуліцы, трымаў у руках тэлефон, выкрыкваў «Жыве Беларусь» і чапляўся да мінакоў. Праз некалькі хвілінаў яго затрымалі, а ў мясцовым РАУСе склалі пратакол за «несанкцыянаванае пікетаванне».

"Прыняла ўдзел у відовішчным мерапрыемстве"

Наталлю Ганчарову з Магілёва затрымалі за ўдзел у «відовішчным мерапрыемстве». Што гэта за мерапрыемства — не паведамляецца, але вядома, што яно адбылося «ў раёне заліва ракі Днепр, размешчанага паміж мастамі па праспекту Шміта і Пушкінскаму праспекту па вуліцы Гагарына». Жанчыну прызналі вінаватай паводле артыкула 24.23 КаАП і аштрафавалі на 320 рублёў (10 базавых велічыняў).

За "Пагоню" на кофце жыхара Віцебска адправілі на "суткі"

Уладзіслава Рыбчанку з Віцебска асудзілі за пікет гербам Пагоня, які быў размешчаны на яго белай кофце. Памер Пагоні — 38 на 26 сантыметраў. Суддзя Мікалай Атрахімовіч прызнаў Уладзіслава вінаватым па арт. 24.23 КаАП і асудзіў да 10 сутак арышту.

Штрафы за налепкі на аўтамабілях

Гродзенца аштрафавалі на 800 рублёў (25 базавых велічыняў) за тое, што «налепка з гербам з элементамі стужкі бел-чырвона-белага колеру, была падобная на БЧБ-сцяг».

У Рагачове жанчыну абвінавацілі ў пікетаванні налепкай з Пагоняй на шкле аўтамабіля. Вядома, што жанчына зняла налепку пасля заўвагі міліцыянтаў, але пратакол па арт. 24.23 КаАП на яе ўсё роўна склалі. Суд пастанавіў аштрафаваць жанчыну на 480 рублёў (15 базавых велічыняў).

Экс-дацэнтку МДЛУ Наталлю Дуліну арыштавалі за "дробнае хуліганства"

Былая дацэнтка кафедры італьянскай мовы ў МДЛУ Наталля Дуліна зноў была затрымана 3 чэрвеня. Гэта трэцяе затрыманне за апошнія месяцы. На гэты раз яе абвінавацілі ў «дробным хуліганстве» (арт. 19.1 КаАП) — яна нібыта «размахвала рукамі і нецэнзурна лаялася». Хадайніцтва аб праглядзе камер відэаназірання суддзя адхіліла.

Першы раз Наталлю затрымлівалі 28 лютага за антываенную акцыю і арыштавалі на 15 сутак за «удзел у несанкцыянаваным пікетаванні» (арт. 24.23 КаАП). Праз два месяцы яе затрымалі дома, а потым асудзілі на 15 сутак арышту за «захоўванне інфармацыйнай прадукцыі канала на YouTube з назвай "Радыё Свабода"» (арт. 19.11 КаАП).

«Урублеўскі вывеў на калідор і ўдарыў галавой аб сцяну». Мінчанка распавяла пра трое сутак на Акрэсціна пасля антываеннай акцыі

Мінчанка распавяла «Вясне» пра збіццё сукамерніцы супрацоўнікам Акрэсціна, пра тое, што ў пяцімясцовай камеры ўтрымлівалі 35 мужчын, а затрыманых 27 лютага жанчын першы раз пакармілі толькі 1 сакавіка.

Вядомага тыктокера lexmask і ягоную жонку арыштавалі на 10 сутак

У Мінску 7 чэрвеня супрацоўнікі ГУБАЗіКу затрымалі Аляксея Бондара разам з ягонай жонкай Маргарытай. Аляксей — вядомы тыктокер lexmask з 58 тысячамі падпісантаў, які выпускае відэа на беларускай мове. ГУБАЗіК паведамляў, што затрымалі тыктокера за тое, што ён «хайпаваў на ваенным канфлікце». На пакаяльным відэа Аляксей сказаў, што падпісаны на «дэструктыўныя каналы», а раней хадзіў на мітынгі.

8 чэрвеня, у судзе Фрунзенскага раёна Мінска над Аляксеем і Маргарытай адбыўся суд. У выніку іх адправілі за краты на 10 сутак. Сваякам, якія хацелі прыйсці на суды, адміністрацыя адказала, што «працэс будзе ў 18:00, таму на суд трапіць нельга». Вядома, што супраць Аляксея ўзбудзілі крымінальную справу.

Мінчука, затрыманага за "адміністраванне дваравога чату", адправілі на «суткі»

13 ліпеня стала вядома пра затрыманне 29-гадовага супрацоўніка Мінскінжпраекта Аляксандра Захожага — меркаванага былога адміністратара дваравога чата «9-ы кіламетр». Пакаяльнае відэа з ім з'явілася на адным з праўладных тэлеграм-каналаў. Пры гэтым ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў ці фармаванняў гэты чат адсутнічае. Больш за тое, чат цяпер недасяжны праз пошук Тэлеграм і, напэўна, выдалены.

Па інфармацыі праваабаронцаў, суд Першамайскага раёна прызначыў Аляксандру 12 сутак арышту. Па якім артыкуле асудзілі хлопца, невядома.

Настаўніцу гісторыі з Наваполацку арыштавалі на 15 сутак за рэпост з "Радыё Свабода"

Раніцай 13 чэрвеня затрымалі выкладчыцу гісторыі у СШ №2 г. Наваполацка Алену Зубраву. Па інфармацыі праваабаронцаў, на наступны дзень над жанчынай адбыўся суд па арт. 19.11 КаАП за тое, што яна ў траўні зрабіла рэпост з «Радыё Свабода» навіны пра Станіслава Шушкевіча. Вынікам суда стаў 15-сутачны арышт.

Жыхарку Полацку асудзілі на 15 сутак арышту за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў

Ксенію Глот затрымалі 30 чэрвеня. На яе склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння па арт. 19.11 КаАП («распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

«Яна пайшла ў РАУС даваць тлумачэнні па невядомай справе "пра распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў", але яе адтуль не выпусцілі», — паведамляе яе муж.

Вядома, што дзяўчыну асудзілі па арт. 19.11 КаАП на 15 сутак арышту.

Адміністрацыйны пераслед актывістаў з Наваполацку

У сярэдзіне траўня ў Наваполацку на працоўным месцы затрымалі 32-гадовага супрацоўніка «Нафтана» Барыса Жахоўскага. Першы суд на Барысам адбыўся 16 траўня. Суддзя Вольга Баліка асудзіла яго да 15 сутак арышту за «распўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). Але на волю ён не выйшаў — быў складзены новы пратакол па арт. 19.11 КаАП. Вынікам сталі чарговыя 15 сутак. Потым Жахоўскага асудзілі трэці раз запар. Гэтым разам суддзя Зінаіда Балаболава прызнала Барыса вінаватым у «несанкцыянаваным пікетаванні» (арт. 24.23 КаАП) і арыштавала яго зноў на 15 сутак. Агулам мужчыну утрымлівалі за кратамі 45 дзён. Ён 16 дзён трымаў галадоўку, 12 з якіх — сухую.

22 чэрвеня ў Наваполацку на працоўным месцы затрымалі супрацоўніка «Нафтана» Сяргея Бадунова. Падставай для затрымання стала падпіска на «Радыё Свабода». У РАУСе на яго склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Суддзя суда г. Наваполацка Зінаіда Балаболава 24 чэрвеня прызнала бацьку двух непаўнагадовых дзяцей вінаватым і арыштавала яго на 10 сутак.

Андрэя Галавырына затрымалі 15 чэрвеня і змясцілі ў Наваполацкі ЦІП. Вядома, што у гэты дзень над ім адбыўся суд па арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Суддзя Зінаіда Балаболава прызнала яго вінаватым і арыштавала на 15 сутак. 1 ліпеня, Андрэя зноў пакаралі 15-сутачным арыштам. Паведамляецца, што падчас першага арышту мужчына перанёс гіпертанічны крыз.

Былую фігурантку справы "Рабочага Руху" аштрафавалі на 960 рублёў

Па інфармацыі праваабаронцаў, 17 ліпеня ў судзе Навабеліцкага раёна Гомеля адбыўся суд над гамяльчанкай Маргарытай Зубаравай. Яе абвінавацілі па ч. 3 арт. 23.5 КаАП (незаконны выраб і (або) распаўсюджванне прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі). Суд прызначыў ёй штраф у памеры 30 базавых велічыняў (960 рублёў).

Нядаўна ў дачыненні да Зубаравай было прынятае рашэнне аб спыненні крымінальнай справы па ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса. Але ўзамен на гэта яе аштрафавалі на 30 базавых велічыняў. Па справе «Рабочага руху» цяпер утрымліваюцца за кратамі 10 палітвязняў.

13 затрыманых па «справе Рабочага руху». Што пра іх вядома і ў чым іх вінавацяць?

«Вясна» распавядае, хто знаходзіцца ў статусе затрыманых і што вядома па «справе Рабочага руху».

Актывістку Ганну Скачак, якую чатыры дні ўтрымлівалі ў ІЧУ, двойчы аштрафавалі

Партыйная актывістка, кіраўнічка Мінскай абласной рабочай групы «Жанчыны БСДП» Ганна Скачак была затрыманая 17 чэрвеня ў Барысаве.

20 чэрвеня над ёй адбыўся першы суд па артыкуле 19.11 КаАП за рэпост у «Вконтакте». Ёй прызначылі штраф у памеры 30 базавых велічыняў (960 рублёў), але на волю не выпусцілі. 21 чэрвеня, яе зноў аштрафавалі на 960 рублёў, але гэтам разам за рэпост у фэйсбуку.

З ізалятару Ганну адпусцілі толькі 21 чэрвеня — пасля чатырох дзён за кратамі.

Старшыню Барысаўскай гарадской арганізацыі БСДП аштрафавалі за два рэпосты ў сацсетках

Па інфармацыі праваабаронцаў, Алеся Абрамовіча затрымалі 28 чэрвеня і трое сутак утрымлівалі ў часовым ізалятары Барысаўскага РАУСа. У выніку на Алеся былі складзеныя два пратаколы па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Суд Барысаўскага раёна прызнаў Абрамовіча вінаватым у тым, што ён зрабіў рэпост інфармацыйных матэрыялаў са свастыкай, а таксама за рэпост з «Белсата», які быў прызнаны ўладамі «экстрэмісцкім».

Па аднаму пратаколу мужчыне прызначылі 30 базавых велічыняў, а па другім — 10 базавых. Агулам Абрамовіча аштрафавалі на 1 280 рублёў. А 24 чэрвеня суд Барысаўскага раёна прызнаў інфармацыйную прадукцыю Facebook-старонкі старшыні Барысаўскай гарадской арганізацыі БСДП «экстрэмісцкімі матэрыяламі»

Валанцёрку з Гомеля асудзілі на 7 сутак арышту за арганізацыю свята "Дзень дзён нараджэння"

27 чэрвеня ў Гомелі мелася прайсці свята для ўкраінскіх дзяцей, якія ўцяклі ад вайны. У праграме свята былі запланаваныя гульні і конкурсы для ўсіх узростаў, гістарычны квэст, прадугледжаныя сувеніры і падарункі. Удзельнікам трэба было прынесці з сабой самаробнай «голуба міру» або зрабіць яго ў парку Паскевічаў усім разам. Свята не далі правесці супрацоўнікі міліцыі і яго давялося праводзіць у іншым месцы. Але ўдзельнікаў, якія сабраліся ў парку палаца Румянцавых і Паскевічаў, разагнала міліцыя. Праўладныя тэлеграм-каналы выказаліся на гэты конт, што міліцыя ўмяшалася ў свята, бо баялася «правакацый і палітычных лозунгаў», а на масавае мерапрыемства яго ўдзельнікі не падалі заяўку ў гарвыканкам.

29 чэрвеня па адну з арганізатарак, жыхарку Гомеля Алу Караленка, прыйшла міліцыя. Пазней стала вядома, што Ала ў ІЧУ. Жанчыну асудзілі да 7 сутак арышту.

Былому дэпутату Вярхоўнага Савета прысудзілі 10 сутак арышту

Міколу Маркевіча пакаралі за перапост у сацсетках «экстрэмісцкіх матэрыялаў». 

Мікола — былы «дэпутат незалежнасці», які, сярод іншых, змагаўся за незалежнасць нашай краіны ад СССР. Удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12-га склікання ў 1995-м годзе супраць правядзення рэферэндуму, што змяняў дзяржаўную сімволіку, надаваў афіцыйны статус рускай мове і абвяшчаў курс на інтэграцыю з Расіяй.

Фатографа Яўгена Ерчака пакаралі арыштам за "непадпарадкаванне міліцыянтам"

Суд Савецкага раёна Мінска асудзіў фатографа Яўгена Ерчака да 15 сутак арышту за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі» (арт. 24.3 КаАП).

Яўгена сілавікі затрымалі 13 чэрвеня. Тады фотаздымкі з ператрусу і прызнальныя паказанні Яўгена з’явіліся ў праўладных тэлеграм-каналах. На відэа беларускі фатограф «прызнаецца», што быў пазаштатным карэспандэнтам TUT.ВY і асвятляў вулічныя акцыі.

Бабруйскага журналіста адправілі за краты за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў"

4 ліпеня ў Бабруйску на працоўным месцы затрымалі журналіста мясцовай газеты «Коммерческий Курьер» Дзмітрыя Суслава. Супрацоўнікі РАУС прыйшлі ў рэдакцыю выдання і, не патлумачыўшы прычын, забралі мужчыну. Вядома, што да позняга вечара Суслава трымалі ў РАУС, пасля чаго адправілі ў ІЧУ. У панядзелак, 6 чэрвеня, стала вядома, што Суслава арыштавалі на 15 сутак. Яго асудзілі па артыкуле 19.11 КаАП. Суд адбыўся на тэрыторыі ізалятара часовага ўтрымання.

Распавесці пра ўмовы ўтрымання ў ізалятарах журналістам «Вясны»:

Telegram: @spring96info | Email: viasna@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства