viasna on patreon

Два гады "хатняй хіміі" за адно слова ў адрас маёра Каляды і лейтэнанта Таразевіча

2022 2022-07-06T15:56:00+0300 2022-07-06T15:58:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/telephone_abraza.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстратыўнае фота

Ілюстратыўнае фота

Праваабаронцам сталі вядомыя вынікі судовага разгляду па справе Святланы Трапковай, якую абвінавачвалі ў здзяйсненні злачынства паводле арт. 369 КК "Абраза прадстаўніка ўлады".

Справу на адкрытым выязным пасяджэнні разглядаў суддзя Заводскага раёна Мінска Алег Каляда. Бок дзяржабвінавачвання падтрымліваў пракурор Мікалай Дзяцел.

Абвінавачанай 51 год. У Святланы Канстаўцінаўны сярэдняя адукацыя, яна ніколі не была судзіма, жыве ў Мінску і працуе прыбіральшчыцай.

Жанчыну абвінавачвалі ў тым, што, "маючы намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў" з мэтай "надуманай помсты работнікам органаў унутраных спраў" і з матываў "ідэалагічнай і палітычнай варожасці, звязанай з электаральнай кампаніяй у Рэспубліцы Беларусь," у сацсетцы "Аднакласнікі", на старонцы з уліковым запісам "Уладзімір Бугаеў", яна спачатку ўбачыла фатаграфію супрацоўнікаў міліцыі Дзмітрыя Таразевіча і Сяргея Каляды, прачытала пад ёй негатыўны каментар пра іх службу, а потым са сваёй старонкі "Святлана Косінец" напісала ў адрас міліцыянтаў каментар "Мрази", які быў даступны ўсім карыстальнікам "Аднакласнікаў".

Згодна з версіяй абвінавачвання, гэтае паведамленне ўтрымоўвае ў сабе "негатыўную ацэнку Таразевіча і Каляды, выяўленую ў ненарматыўнай форме маўленчага выказвання з выкарыстаннем лаянкавага, пагардлівага, грубага, вульгарнага, абразлівага, нецэнзурнага слова”.

Падчас судовага пасяджэння Святлана Трапкова пацвердзіла, што сапраўды зарэгістраваная ў "Аднакласніках" пад нікам "Святлана Косінец", і цалкам прызнала сваю віну.

Пацярпелы ўчастковы інспектар Пружанскага РАУС Брэсцкай вобласці Дзмітрый Таразевіч падчас дасудовага расследавання расказаў, што пра абразлівы каментар у свой адрас дазнаўся ад калегаў. Ён жа адзначыў, што на размешчаным здымку быў разам з калегам Калядой. Абодва на гэтым фота былі ў міліцэйскай форме. Паводле ягоных звестак, фотаздымак у сацсетцы размясцілі яшчэ ў ліпені 2022 года. Сваё ж паведамленне Святлана Трапкова пакінула 15 жніўня. Са слоў лейтэнанта Таразевіча, каментар Святланы нанёс яму "маральныя пакуты", якія ён ацэньвае ў 1 000 рублёў.

Другі пацярпелы, маёр Сяргей Каляда, таксама падчас дасудовага расследавання расказаў, што працуе старшым участковым інспектарам Пружанскага РАУС, і што гэтак жа, як і Таразевіч, пра абразу ў "Аднакласніках" дазнаўся ад калегаў. Ён сцвярджаў, што каментар Святланы таксама прычыніў яму "маральныя пакуты", якія ён ацэньвае ў 1 000 рублёў.

21 чэрвеня суд Заводскага раёна Мінска прызнаў Святлану Трапкову вінаватай у здзяйсненні злачынства паводле арт. 369 КК "Абраза прадстаўніка ўлады", прызначыўшы ёй у якасці пакарання абмежаванне волі тэрмінам на два гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Кожнаму з пацярпелых рашэннем суда Святлана Трапкова абавязаная выплаціць па 1 000 рублёў маральнай кампенсацыі.Таксама ў прыбытак дзяржавы з абвінавачанай спагналі дзяржмыту ў памеры 192 рублёў.

Мабільны тэлефон, з якога жанчына напісала каментар, канфіскаваны як сродак здзяйснення злачынства.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства