Машыну пакінулі пад арыштам, абвінавачанага вызвалілі ў зале суда: мінчуку прысудзілі 2,5 гады "хатняй хіміі" за ўдзел у акцыі пратэсту
Праваабаронцам сталі вядомыя вынікі судовага разгляду па справе Вячаслава Лася, якога абвінавачвалі ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх".
Справу разглядала суддзя суда Ленінскага раёна Мінска Юлія Шут.
Вядома, што абвінавачаны родам з Мінска, мае вышэйшую адукацыю, ніколі не быў судзімы, да затрымання працаваў памочнікам прадпрымальніка, а з моманту затрымання (дакладная дата затрымання невядомая) і да суда знаходзіўся пад вартай.
Вячаславу ставілі ў віну тое, што ў 2020 годзе ён узяў удзел у адной з акцый пратэстаў. Як паказана ў матэрыялах справы, "сваім учынкам мужчына парушыў спакой грамадзян". Парушэнні, паводле абвінавачвання, выяўляліся ў выкрыкванні лозунгаў, воплесках у далоні, а таксама ў перашкодзе працы грамадскага транспарту.
У якасці доказу віны Вячаслава бок абвінавачвання прад'явіў фатаграфію, зробленую падчас акцыі пратэсту. На гэтым здымку мужчына пазіруе з бел-чырвона-белым сцягам. У судзе абвінавачаны пацвердзіў, што на фатаграфіі сапраўды ён.
На тым жа здымку бачна, што разам з іншымі ўдзельнікамі акцыі Вячаслаў перакрываў праезную частку. Гэта стала падставай для таго, каб яго абвінавацілі яшчэ і ў "супрацьпраўных дзеяннях групавога характару".
Таксама ў якасці доказу віны Вячаслава былі прад'яўленыя звесткі ягонага абаненцкага нумара, якія пацвярджаюць, што ў паказаны дзень і ў паказаны час мужчына сапраўды знаходзіўся ў тым раёне, дзе праходзіла акцыя пратэсту.
Падчас судовага пасяджэння прадстаўнік КТУП "Мінсктранс" заявіў грамадзянскі пазоў аб спагнанні з Вячаслава Лася сумы, якая пакрывае маёмасную шкоду прадпрыемству, нанесеную ягонымі дзеяннямі. Мужчына прызнаў пазоў толькі часткова.
9 чэрвеня суд Ленінскага раёна Мінска прызнаў Вячаслава Лася вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх" і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе 2 гадоў і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі").
Тэрмін утрымання пад вартай суд пастанавіў залічыць у тэрмін адбывання пакарання з разліку адзін дзень знаходжання пад вартай роўны двум дням абмежавання волі.
Аўтамабіль абвінавачанага, арыштаваны пасля таго, як у дачыненні да Вячаслава Лася была распачатая крымінальная справа, суд пастанавіў пакінуць пад арыштам да вырашэння пытання з грамадзянскім пазовам аб спагнанні шкоды, прычыненай КТУП "Мінсктранс".
Вячаслава Лася вызвалілі з-пад варты ў зале суда.