Яшчэ адзін прысуд у Мінску: сяброў пакаралі "хатняй хіміяй" за ўдзел у акцыі пратэсту
У судзе Ленінскага раёна Мінска 10 чэрвеня завяршыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Аляксея Галіеўскага і Вячаслава Крута. Абодвух абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзеле ў іх (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядала суддзя Анастасія Ачалава.
Пра абвінавачаных вядома, што Аляксей Галіеўскі зарэгістраваны ў Чэрвеньскім раёне, да затрымання працаваў аператарам участка фармавання пакетаў на прыватным прадпрыемстве. Вячаслаў Крут нарадзіўся 10 ліпеня 1991 года, адукацыя – вышэйшая, мае на ўтрыманні непаўнагадовае дзіця.
Судовы працэс пачаўся 7 чэрвеня. Па матэрыялах абвінавачання, Аляксей Галіеўскі і Вячаслаў Крут прынялі ўдзел у масавай акцыі пратэсту ў Мінску напрыканцы жніўня 2020 года.
"Сумесна і узгоднена паміж сабой і групай асоб, якія ўдзельнічалі ў групавых дзеяннях, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, знаходзіліся на праезнай частцы праспектаў Незалежнасці і Пераможцаў. Пры гэтым публічна выкрыквалі лозунгі, наўмысна ажыццявілі блакаванне руху транспартным сродкам шляхам сумеснага выхаду з іншымі неўстаноўленымі грамадзянамі, у выніку чаго парушылі працу грамадскага транспарту".
Абвінавачаныя Галіеўскі і Крут сваю віну прызналі цалкам. Галіеўскі паказаў, што даведаўся пра акцыю з глабальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт. Ён загадзя дамовіўся са сваім калегам Крутам аб сустрэчы ў цэнтры горада, каля Стэлы. У нейкі момант натоўп вырашыў прайсці па праспекце Пераможцаў у напрамку вуліцы Леніна. Яны таксама далучыліся. Пры гэтым выкрыквалі лозунгі, пляскалі ў далоні.
Факт удзелу ў несанкцыянаванай акцыі пацвярджаецца фотаздымкамі, выяўленымі ў тэлефоне Крута, дзе яны зафіксаваныя на фоне супрацоўнікаў міліцыі, а таксама відэа з камер назірання.
Сваю віну ў здзейсненым прызналі цалкам, раскайваюцца. Матэрыяльны пазоў КУП “Мінсктранс” прызналі часткова. Ён будзе разгледжаны асобна ў парадку грамадзянскай судавытворчасці.
Пракурор прапанаваў суду меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту змяніць на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах, якую да ўступлення прысуду ў законную сілу варта адмяніць.
Суд пастанавіў прызначыць Аляксею Галіеўскаму і Вячаславу Круту пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін тры гады.
Абвінавачаных вызвалілі з-пад варты ў зале суда.