Следчыя ў Салігорску дапытваюць маці асуджаных за актыўны ўдзел у акцыі пратэсту юнакоў
У Салігорску 23 чэрвеня следчы выклікаў на допыт Наталлю Рамашку, маці аднаго з асуджаных 20 снежня 2021 года былых футбольных фанатаў.
Следчы прасіў даць тлумачэнні наконт сына, аднак жанчына, скарыстаўшыся правам не сведчыць супраць блізкіх, ад паказанняў адмовілася. Таксама адмовілася распісвацца ў дакументах, патлумачыўшы тым, што нікому не верыць і нічога наогул казаць не будзе. Наталлю Рамашку трымалі ў РАУСе амаль 4 гадзіны.
У той жа час да маці яшчэ аднаго асуджанага фігуранта крымінальнай справы Паўла Крашакова, які адбывае пакаранне па абвінавачанні ў арганізацыі ці актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама за супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў 22 чэрвеня прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Жанчыну дапыталі, а дома шукалі стары ноўтбук сына і тэлефон, якія раней былі канфіскаваныя, а потым, пасля суда над Паўлам вернутыя маці. Пабывалі з ператрусам таксама і ў бабулі Паўла, якая пражывае асобна.
Жыхар Салігорска Павел Крашакоў быў асуджаны 20 снежня 2021 года разам з Ігнатам Ігнаценем, Кірылам Рамашкам і Даніілам Басяком за актыўны ўдзел у акцыі пратэсту і супраціўленне міліцыянтам да пазбаўлення волі тэрмінам на два з паловай гады.
Магчыма, што салігорскія следчыя шукаюць падставы для новай крымінальнай справы на асуджаных раней юнакоў.