"Адказнасць павінны панесці і тыя, хто катаваў, і тыя, хто аддаваў загады". 26 чэрвеня — Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаванняў
26 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаванняў. Гэта дзень, калі ў 1987 годзе ўступіла ў сілу Канвенцыя супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання. На сённяшні дзень Канвенцыя ратыфікаваная 162 краінамі, сярод іх — Беларусь. 35 гадоў таму наша дзяржава ўзяла на сябе абавязальніцтвы прадпрымаць эфектыўныя меры для папярэджання актаў катаванняў на сваёй тэрыторыі. Аднак, нягледзячы на абсалютную забарона катаванняў, беларускія сілавікі працягваюць іх прымяняць. Масавы і дэманстратыўны характар гэта набыло пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Гэтая практыка працягваецца і па сённяшні дзень. Якую працу вядзе Праваабарончы цэнтр "Вясна" у барацьбе з катаваннямі, чаму важна дакументаваць і фіксаваць жорсткае і нечалавечае абыходжанне да сабе з боку дзяржавы, ці будуць прыцягнутыя да адказнасці вінаватыя ў прымяненні катаванняў — разбіраемся з юрыстам "Вясны" Паўлам Сапелкам.
"Некалькі гадоў таму мы стварылі праект, дзе мэтай было прыцягнуць увагу людзей да таго, што катаванні побач"
Як звяртае ўвагу праваабаронца, "Вясна" займалася тэмай катаванняў яшчэ да трагічных падзей 2020 года:
"На працягу многіх гадоў тэма барацьбы з катаваннямі і іншымі забароненымі відамі звароту была важнай для "Вясны", праваабаронцы дапамагалі пацярпелым ад катаванняў і жорсткага абыходжання ў абскарджанні дзеянняў уладаў, вялі адвакацыйную і асветніцкую працу. Нам заўсёды было важна данесці да грамадства разуменне абсалютнага і ўніверсальнага характару забароны катаванняў. Гэта азначае, што катаванням і забароненым відам абыходжання не павінен падвяргацца ніхто: ні зняволеныя, ні бяздомныя, ні дзеці ў сем'ях.
Мы ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы дакладаў і паведамленняў у розныя інстытуты ААН – Камітэт па правах чалавека, Камітэт супраць катаванняў, спецыяльным працэдурах, а таксама выступалі за супрацоўніцтва з дзяржавай у напрамку барацьбы з катаваннямі. Некалькі гадоў таму мы стварылі мультымедыйны праект #БезПраваНаРасправу, дзе мэтай было прыцягнуць увагу людзей да таго, што катаванні побач, і ад іх ніхто не абаронены.
Мы падкрэслівалі, што ў Беларусі няма інструментаў і гарантый, якія забяспечылі б права не падвяргацца катаванням і забароненаму абыходжанню. У прыватнасці, гэтым ацэнкам быў прысвечаны наш удзел у працоўнай групе па барацьбе з катаваннямі Платформы грамадзянскай салідарнасці, якая распрацавала індэкс забароны катаванняў (Беларусь у ім – на апошнім горшым месцы)".
Праект пра катаванні ў Беларусі
"Улады робяць усё, каб сцерці сляды сваіх злачынстваў"
Як адзначае юрыст "Вясны", тэрміну даўніны па справах аб катаваннях няма, таму праваабаронцы працягваюць актыўна дакументаваць факты катаванняў і жорсткага абыходжання, у тым ліку за 2020 год. Па словах Паўла Сапелкі, праваабаронцы ўпэўненыя, што вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці:
"Мы робім усё магчымае для таго, каб такое расследаванне адбылося. Для гэтага мы дакументуем парушэнні правоў чалавека, а таксама доказы злачынстваў супраць чалавечнасці. Я веру ў перспектыву суда, і наша задача – дапамагчы суду і дасудоваму расследаванню. Аднак гэта ўзаемная адказнасць – мы не ўсё можам зрабіць без дапамогі ўсіх тых, хто быў сведкам або ахвярай парушэнняў правоў чалавека".
Пры гэтым праваабаронца адзначае, што важна працягваць фіксаваць усе факты катаванняў і жорсткага абыходжання.
"Улады робяць усё, каб сцерці сляды сваіх злачынстваў – пачынаючы ад прапагандысцкіх намаганняў, калі Аляксандр Лукашэнка спрабуе па-свойму пераказаць гісторыю ізалятара на Акрэсціна пасля 9 жніўня 2020 года, і заканчваючы згортваннем расследавання катаванняў, засакрэчваннем матэрыялаў праведзенай праверкі. Нават лічбавыя сляды з часам губляюцца. Таму мы цяпер папаўняем тое, што не робяць афіцыйныя ўлады".
Варта адзначыць, што беларускія следчыя не распачалі ні адной крымінальнай справы па фактах катаванняў і бесчалавечага абыходжання па падзеях 2020 года. Нядаўна праваабаронцам стала вядома, што следчы з Партызанскага райаддзела сталічнага СК Мікіта Старажэнка быў прызначаны ў 2020 годзе весці справу супраць 16-гадовага збітага сілавікамі хлопца Цімура Міцкевіча – тады Мікіта адмовіўся і ў знак пратэсту звольніўся са следчых органаў. Праз паўтара года Старажэнку затрымалі і жорстка збілі, а таксама трымалі ў карцэры ў нечалавечых умовах утрымання. Ужо паўгода экс-следчага, які сам стаў пацярпелым ад катаванняў, утрымліваецца ў СІЗА па крымінальнай справе.
«Мікіта расказваў, што білі нагамі, дубінкамі, намотвалі анучу на галаву», — сукамернік пра затрыманага экс-следчага Старажэнку
"Катавальныя справы аднолькава важныя: як тыя, пра якія мы ведаем цяпер, так і тыя, пра якія раскажуць ахвяры, калі ў іх з'явіцца магчымасць"
Праваабарончы цэнтр "Вясна" па дакументаванні катаванняў супрацоўнічае з дацкай арганізацыяй Dignity – інстытутам па процідзеянні катаванням.
"Гэта нашы даўнія партнёры, і ў самыя першыя дні пасля таго, што адбылося пасля выбараў у жніўні 2020 года, яны прыйшлі да нас на дапамогу –арганізавалі навучанне нашых супрацоўнікаў і актывістаў, іх псіхалагічную падтрымку, метадычную падтрымку нашых экспертаў. Пазней яны сталі ініцыятарамі стварэння новага інструмента, які павінен быў аказаць дапамогу міжнародным механізмам прыцягнення да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці – міжнародная платформа падсправаздачнасці Беларусі (IAPB), якая працуе з красавіка 2021 года і ўяўляе сабой кааліцыю незалежных няўрадавых арганізацый, якія аб'ядналі свае намаганні для збору, кансалідацыі, праверкі і захавання доказаў грубых парушэнняў правоў чалавека, якія ўяўляюць сабой злачынствы па міжнародным праве, учыненых беларускімі ўладамі. У рамках Платформы мы аб'ядналі доказы, сабраныя "Вясной" і Міжнародным камітэтам па расследаванні катаванняў у Беларусі (кааліцыяй беларускіх, украінскіх і расійскіх праваабарончых арганізацый), прайшлі дадатковае прафесійнае навучанне па зборы доказаў, прыцягнулі спецыялістаў і экспертаў высокага класа да гэтай працы. Таксама мы настойліва прасоўваем ідэю ўніверсальнага характару злачынстваў, звязаных з катаваннямі і забароненым абыходжаннем і неабходнасці прыцягнення вінаватых да суду і да адказнасці незалежна ад дзяржаўных межаў".
Павел Сапелка адзначае, што ўсе справы аб катаваннях важныя і пры першай магчымасці будуць расследаваныя:
"Калі з'явіцца рэальная магчымасць нацыянальнага пераследу вінаватых, то я мяркую, што першымі будуць расследаваныя выпадкі гібелі людзей на пратэстах. А адносна катавальных спраў, то я не магу вылучыць нейкіх самых прыярытэтных справаў – яны ўсё аднолькава важныя, як тыя, пра якія мы ведаем цяпер, так і тыя, пра якія раскажуць ахвяры толькі пасля, калі ў іх з'явіцца такая магчымасць. Аднолькава злачынныя і збіццё ў засценках ГУБАЗіКа Вольгі Залатар, і масавае збіццё затрыманых у ЦІП на Акрэсціна. Адказнасць павінны панесці і тыя, хто катаваў, і тыя, хто аддаваў загады, і тыя, хто ў мундзіры пракурора або ў мантыі суддзі спрыяў беспакаранасці злачынцаў".
Праваабарончы цэнтр «Вясна» працягвае збор і дакументаванне фактаў катаванняў у Беларусі
Калі вы пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў ці сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у СІЗА, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце на: Telegram: @ViasnaDOC | Email: viasnadoc@spring96.org. Таксама вы можаце распавесці сваю гісторыю журналістам "Вясны": @Spring96info.
Самыя гучныя гісторыі катаванняў 2021 году і хто да гэтага датычны