Затрыманні выкладчыкаў і студэнта, ціск на палітвязняў. Хроніка пераследу 23-24 чэрвеня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 23-24 чэрвеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
24 чэрвеня
У Мінску затрыманы 39-гадовы Павел Худэнка
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што ён быў у закрытым тэлеграм-чаце з шасці чалавек, які «ўцягваў нейтральных грамадзян свайго раёна ў супрацьпраўную дзейнасць».
Паведамляецца, што сілавікі «правяраюць яго сувязь з заказчыкамі дзяржаўнага перавароту ў рамках крымінальнай справы».
У Беларусі прынялі закон аб завочным следстве і судах
На пасяджэнні восьмай сесіі Палаты прадстаўнікоў 24 чэрвеня ў другім чытанні зацвердзілі праект закону аб змяненні Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Праект прадугледжвае з’яўленне ў Беларусі завочнага следства і суда над абвінавачваным, калі той за межамі Беларусі.
У Мінску затрымалі адміністратара прыватнай стаматалогіі
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 41-гадовай Веранікі Кудрыцкай. Яна працавала адміністратарам адной з прыватных стаматалагічных клінік Мінска і нібыта «распаўсюджвала экстрэмісцкія матэрыялы сярод калег і знаёмых».
У Магілёве сілавікі затрымалі прадпрымальніка Андрэя Двігуна
Праўладны тэлеграм-канал паведамляе, што мужчына нібыта зарэгістраваўся ў плане «ПЕРАМОГА» і ўжо «дае прызнальныя паказанні і абавязваецца далей не парушаць закон».
У Мінску затрыманы 38-гадовы Яўген Кабакоў — ён нібыта абразіў жанчыну, якая набывала міліцэйскі часопіс
На праўладным тэлеграм-канале паведамляецца, што гэта адбылося пасля таго, як мужына на пошце абразіў жанчыну, якая набыла міліцэйскі спецыялізаваны часопіс.
Сілавікі затрымалі яго, разблакавалі тэлефон, знайшлі там падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы, а потым запісалі з ім «пакаяльнае» відэа, на якім затрыманы «прызнаецца», што ў 2020-м годзе браў удзел у маршах пратэсту. Дзе зараз знаходзіцца мужчына, пакуль невядома.
23 чэрвеня
Была затрыманая Алена Пуцыковіч
За два рэпосты з інфармацыяй пра міліцыянтаў настаўніцу з Іванава асудзілі да двух з паловай гадоў «хатняй хіміі». Сувязь з ёй знікла, пасля таго як яна пайшла адзначацца ў міліцыі.
Палітвязня Віталя Жука зноў змясцілі ў штрафны ізалятар. Яго могуць адправіць у ПКТ
Палітзняволенага кобрынца Віталя Жука, асуджанага за абразу Лукашэнкі, другі раз за месяц змясцілі ў штрафны ізалятар. Першы раз яго змясцілі туды на 5 сутак. Адразу пасля выхаду яго перавялі ў новы атрад да «злосных парушальнікаў рэжыму». А праз некалькі дзён яго змясцілі ў ШІЗА тэрмінамі на 10 сутак. Таксама вядома, што палітвязню пагражаюць пераводам ў ПКТ.
Затрыманне за кубачак з выявай Бандэры
У праўладных каналах з’яівлася інфармацыя аб затрыманні ў Мінску 32-гадовай Дзіяны Кішкарэнка. Сілавікі паведамілі, што падставай для яе затрымання стаў кубачак з выявай Стэпана Бандэры, які дзяўчына размясціла ў сваім інстаграме.
Падчас «пакаяльнага відэа» Дзіяна пацвярджае, што выходзіла на Маршы ў 2020 годзе, «у тым ліку — на праезную частку». У відэа сілавікі паказалі моманты вобшуку і затрымання, а таксама некаторыя кадры з тэлефона дзяўчыны: фотаздымкі з Маршаў, герб Украіны, які стаяў на працоўным стале. У чым канкрэтна абвінавачваюць дзяўчыну, пакуль невядома.
Палітзняволенага Станіслава Мачалава змясцілі ў ШІЗА
Гомельскага актывіста Станіслава Мачалава ў папраўчай калоніі № 22 ( Воўчыя норы) змясцілі ў ШІЗА, паведамляе «Гомельская Вясна». Афіцыйная прычына – парушэнне рэжыму. Гэта высветлілася, калі жонка Станіслава Святлана Якубовіч не змагла перадаць мужу прадуктовую перадачу — яе не ўзялі, бо зняволеныя ў ізалятары абмежаваны ў правах: ім забаронены тэлефонныя размовы, спатканні, перадачу.
Затрымалі былую палітзняволеную, якая месяц таму выйшла на волю
Праваабаронцам стала вядома, што сёння разам з мужам затрымалі Алену Дзядзюля.
Алена — былая фігурантка крымінальнай справы аб размаляваных цюках з сенажом, асуджаная да года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яна цалкам адбыла тэрмін і выйшла на волю 10 траўня 2022 года.
Сілавікі затрымалі дырэктара і галоўнага бухгалтара dev.bу — Віталя і Алену Андросаў
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што «пара гуляла важную ролю ў працы партала, на якім мэтанакіравана распальваліся негатыўныя эмоцыі да сваёй краіны ва ўгоду так званым еўрапейскім каштоўнасцям».
Затрыманні ў БДУ
У Мінску затрымалі дацэнта кафедры крымінальнага права БДУ Дзмітрыя Мароза. На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што быў затрыманы за падпіску на «экстрэмісцкія тэлеграм-каналы» і абяцае ад іх адпісацца.
Таксама ўпраўладных каналах з’явілася інфармацыя пра затрыманне выкладчыка кафедры бізнэс-адміністравання БДУ. У «пакаяльным відэа» ён кажа, што ўдзельнічаў у мітынгу ў жніўні 2020 года і быў зарэгістраваны ў чат-боце «Голас». Меркавана, чалавек на відэа — кандыдат эканамічных навук, дацэнт Юрый Юр’евіч Каралеў.
Стала вядома і пра затрыманне старшай лабаранткі біялагічнага факультэта Алены Саладуха.
UPD: пазней стала вядома, што затрыманага выкладчыка з кафедры бізнэс-адміністравання БДУ завуць Аляксандр Хваль.
Затрыманні ў Мінску
Паведамляецца, што затрымалі студэнта БДУІР Аляксандра Гаргуна. Хлопец вучыўся на другім курсе факультэта камп'ютарных сістэм і сетак.
Таксама праваабаронцам вядома, што сёння ў Мінску была затрымана Ніна Маргаева (UPD — Ніну вызвалілі). У яе дома быў праведзены ператрус, выняты тэлефон.
Сілавікі паведамілі пра затрыманне экс-адвакаткі Вікторыі Васільевай. На «пакаяльным відэа» яна кажа, што размяшчала ў сацсетках кантэнт з «палітычным падтэкстам». На TikTok Вікторыі падпісана 3600 чалавек.
Затрымалі 26-гадовага слесара-рамонтніка МТЗ Аляксея Бажко. На «пакаяльным відэа» хлопец «прызнаецца», што быў зарэгістраваны ў плане «Перамога» і ўдзельнічаў у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах у 2020 годзе. Дзе ен зараз знаходзіцца, пакуль невядома.
Віктара Бабарыку зноў змясцілі ў ШІЗА на 10 сутак
Афіцыйная версія — уступіў у канфлікт з сукамернікам, які заключаўся ў размове на ўзнятых танах.
«Віктар Дзмітрыевіч маральна ў парадку, аднак адчуваў нязручнасці ноччу ў сувязі з холадам. Але цяпер гэта менш актуальна, бо ночы з кожным днём цяплейшыя», — паведамляецца ў суполцы Віктара Бабарыкі.
У траўні палітвязень ужо правёў 10 сутак у ШІЗА.
Інфармацыя дапаўняецца