viasna on patreon

У Гомелі пачаўся суд над палітзняволенай журналісткай Ірынай Слаўнікавай Дапоўнена

2022 2022-06-23T09:03:08+0300 2022-07-21T12:28:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/slaunikava.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ірына Слаўнікава. Фота: "Радыё Свабода"

Ірына Слаўнікава. Фота: "Радыё Свабода"

У Гомельскім абласным судзе 23 чэрвеня пачаўся разгляд крымінальнай справы палітзняволенай журналісткі Ірыны Слаўнікавай. Яе абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім (ч.1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса) і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным у іх удзеле (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Справу будзе разглядаць суддзя Мікалай Доля.

Ірыну Слаўнікаву затрымалі 30 кастрычніка 2021 года ў Мінскім аэрапорце, калі яна з мужам Аляксандрам Лойкам вярталася з адпачынку. Да суда Слаўнікаву ўтрымлівалі спачатку ў ЦІП на Акрэсціна, затым ў СІЗА № 1 Мінска, а напачатку чэрвеня 2022 года перавялі ў ў СІЗА № 3 Гомеля.

1 лістапада суддзя Першамайскага раёна Максім Трусевіч асудзіў Слаўнікаву да 15 сутак арышту нібыта за захоўванне ў Facebook матэрыялаў, якія былі прызнаныя «экстрэмісцкімі». 15 лістапада другі раз запар журналістка атрымала 15 сутак па абвінавачванні ў «дробным хуліганстве».

А 26 лістапада 2021 года стала вядома, што Ірына Слаўнікава стала падазраванай паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Пазней прад'явілі яшчэ адно абвінавачанне - у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання.

На думку следчых, у справе ёсць доказы, што Ірына Слаўнікава з'яўлялася кіраўніцай «Белсата», прызнанага ў Беларусі «экстрэмісцкім фарміраваннем».

Журналістку Ірыну Слаўнікаву абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання, ёй пагражае да 7 гадоў зняволення

Ірына Слаўнікава – былая супрацоўніца “Белсату”, затым штатная супрацоўніца Польскага тэлебачання (TVP) з’яўляецца палітвязнем і неўзабаве паўстане перад судом.

Калега Ірыны, журналіст Аляксей Дзікавіцкі напісаў перад судом у фэйсбуку:

"З лістоў ведаю, што Іра за кратамі трымаецца добра і ніякай «віны» прызнаваць не збіраецца, бо ні ў чым яна, як і тысячы іншых беларускіх патрыётаў, не вінаватая... Ірына, дарагая, вытрымкі табе і хуткага вызвалення з кіпцюроў гэтай злачыннай сістэмы!"

Суд пройдзе ў закрытым рэжыме. На пасяджэнне не прапусцілі нават бацьку абвінавачанай.

Польскае тэлебачанне (TVP) выступіла з заяваю з нагоды пачатку суда над Ірынай Слаўнікавай

«Выстаўленыя абвінавачванні адназначна сведчаць пра злы намер рэжыму Лукашэнкі, які выкарыстоўвае цалкам залежны ад сябе судовы апарат, каб прыбраць з грамадскага жыцця такіх асобаў, як Ірына Слаўнікава. Яна, як журналістка Польскага тэлебачання і прадстаўніца незалежнай журналісцкай супольнасці актыўна праявіла сябе ў справе данясення да беларусаў праўдзівай інфармацыі.

Рэпрэсіі ў дачыненні Ірыны Слаўнікавай ды іншых журналістаў, якіх цяпер за кратамі ў Беларусі некалькі дзясяткаў, з'яўляюцца істотным элементам брутальнай барацьбы рэжыму з грамадзянскай супольнасцю, якая не можа існаваць без доступу да незалежных медыяў.

Кіраўніцтва TVP звяртаецца да ўсёй міжнароднай супольнасці з заклікам падтрымаць Ірыну ды іншых асобаў, якіх менскі рэжым пераследуе з-за таго, што яны робяць сваю працу».

У судовым працэсе над Ірынай Слаўнікавай абвешчаны перапынак да 6 ліпеня

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства