Гісторыя Дзмітрыя Мішакоўскага: аформілі першую групу інваліднасці, але зрок гэта не ўратуе
Адна з задакументаваных праваабаронцамі “Вясны” гісторыя ахвяры катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання Дзмітрыя Мішакоўскага, які ў выніку збіцця 12 жніўня 2020 года амаль пазбавіўся зроку.
У красавіку 2022 года Дзмітрыю прызначылі першую групу інваліднасці, хаця дагэтуль ён знаходзіцца ў следчым ізалятары па абвінавачанні ў здзяйсненні крымінальнага злачынства. Суд, які распачаўся напачатку лютага, доўжыцца яшчэ і дагэтуль.
Першы раз Мішакоўскі патрапіў пад дручкі амапаўцаў яшчэ на Дзень волі ў 2017 годзе. Дзмітрыя 25 сакавіка збілі двойчы - пры затрыманні і ў аўтобусе. У тым ліку па галаве. Пасля кінулі яму нейкую дзяругу, каб не запэцкаў аўтобус крывёю.
Другі раз Мішакоўскага затрымалі каля станцыі метро «Малінаўка» ў Мінску 12 жніўня 2020 каля паўдзясятага вечара. Ён не мог застацца ўбаку, калі даведаўся ў сваёй Курасоўшчыне аб тым, што ў цэнтры Мінску пачалі страляць у мітынгоўцаў, кідаць у натоўп светлашумавыя гранаты. Па выхадзе з метро паспеў заўважыць, як амапаўцы за кімсьці гналіся, і ён трапіўся ім пад руку. Мужчыну кінулі ў аўтазак, забралі тэлефон і зламалі яго. А калі адвезлі ў Маскоўскі РАУС – пачалі люта збіваць.
Прычым, білі і рукамі, і нагамі, і дубінкамі. Білі берцамі па галаве, не давалі падняцца. Ад удараў пакрышыліся зубы. Катаванні працягваліся і ізалятары на Акрэсціна.
Літаральна праз месяц Дзмітрый адчуў, што ў яго пачаў імкліва падаць зрок. І гэта выклікала зразумелую трывогу. Ён звярнуўся да афтальмолагаў і пераканаўся, што праблема са зрокам даволі сур’ёзная. Выявілася, што патрэбна адмысловае лячэнне. Ён планаваў патрапіць за мяжу, каб зрабіць аперацыю на ствалавых клетках, якая б давала надзею спыніць гэты працэс. Але не паспеў, нечакана і незразумела з’явілася новая судзімасць, звязаная з тым, што яго абвінавачваюць у саўдзеле ў вымагальніцтве.
Лёс Дзмітрыя Мішакоўскага: удзельнічаў у акцыях пратэсту, быў збіты, страціў зрок, патрапіў пад новыя крыміналкі
У красавіку 2021 года Дзмітрыю далі другую групу інваліднасці па зроку. Раней ён займаўся прамысловым альпінізмам і закладкай падмуркаў. Цяпер гэта засталося ў іншым жыцці. Далей стаў жыць надзеяй што зрок адновіцца, збіраўся звярнуцца ў цэнтр занятасці і знайсці працу для людзей з інваліднасцю па зроку.
Лекі, якія перадаюць сваякі Дзмітрыю для падтрымання зроку, дапамагаюць мала. Неабходна тэрміновае лячэнне і аперацыя. Аднак замест гэтага Мішакоўскаму аформілі першую групу інваліднасці. Але гэта зрок ужо не ўратуе. Сродкі, якія сям'я збірала, каб зрабіць неабходную аперацыю ў Нямеччыне, пайшлі на паслугі адваката.
А вось адказу на заяву ў СК з-за перавышэння службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі міліцыі ён, як і сотні іншых пацярпелых, так і не атрымаў. Зразумела, што і вінаватых таксама не знайшлося.
Сведчаць пацярпелыя: У Маскоўскім РУУСе білі берцамі па галаве